СА СВЯТОЧНЫМ ФЕЕРВЕРКАМ

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

feerverk_5У ААТ «Шашкі» на працягу некалькіх апошніх гадоў праводзіцца конкурс на лепшае афармленне вытворчага падраздзялення. Камісія аб’ехала ўсе аб’екты. Дырэктар таварыства Валерый Ільюшэнка шчыра павіншаваў працаўнікоў з надыходзячым святам. Пажадаў, каб у наступным годзе калектыву ўдалося спрацаваць лепш і павялічыць паказчыкі работы. Свае пажаданні выказалі Дзед Мароз і Снягурка, ролю якіх выконвалі маладыя спецыялісты – аграном-аграхімік Яўген Нягода і галоўны аграном Святлана Талстая. Ад дырэкцыі і прафсаюзнага камітэта яны ўручалі навагоднія падарункі. Святочны настрой ствараў народны фальклорны ансамбль «Гарэзы» Шашкоўскага сельскага дома культуры. Самадзейныя артысты спявалі і танцавалі. Граў на гармоніку і сам кіраўнік гаспадаркі.

Пачаўся аб’езд з адміністрацыйнага будынка, які ззяў каляровымі агеньчыкамі. Работнікі канторы паставілі ёлачку і з густам аздобілі свае рабочыя месцы. Яны накрылі для гасцей салодкі стол і шчыра запрасілі на чай. На мехдвары ў дыспетчарскай, якая таксама была па-святочнаму аформлена, сабраліся механізатары. У памяшканні, дзе гучалі цёплыя словы віншаванняў і душэўныя песні для мужчынскага калектыву, хапіла месца і для танцаў. Работнікі МТФ «Дудкі» сустрэлі членаў камісіі і артыстаў караваем, які самі спяклі. Стараннямі жывёлаводаў была цікава ўпрыгожана зала. На МТФ «Старына» і «Шашкі», дзе жанчыны здолелі адметна пагаспадарыць, таксама панаваў святочны настрой.

Асабліва вызначыўся ў конкурсе калектыў МТФ «Дружная». І збудаванне, і малочны блок свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі. Сцены былі ўпрыгожаны сняжынкамі, яловымі лапкамі і шышкамі, а падлога ўслана «снегам» з пенапласту. Члены камісіі былі прыемна ўражаны, а затым і здзіўлены нечаканым з’яўленнем жывога пеўня – сімвала надыходзячага года. Вітала гасцей і Маша – персанаж усімі любімага мультфільма «Маша і мядзведзь», у якую пераапранулася аператар машыннага даення Людміла Масло.

Яшчэ большай арыгінальнасцю вызначыліся работнікі МТФ «Трылес», дзе неба расквеціў святочны феерверк. На вуліцу да мільгаючай агнямі амаль чатырохметровай ёлкі выйшаў увесь калектыў. Прыгожа спявала песні маладая аператар машыннага даення Таццяна Забродная.

– Феерверкам работнікі гэтай фермы і праводзілі нас, – сказала старшыня прафкама Ядвіга Радзіон. – Ад імя адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта хачу падзякаваць усім нашым работнікам за іх старанне і ўменне. А прызёрамі конкурсу сталі калектывы малочнатаварных фермаў «Дружная» і «Трылес», якія падзялілі першае месца, трэцяе занялі – працаўнікі МТФ «Дудкі».

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *