ПА СІЛЕ ПАКАРЫЦЬ І ДЗЕВЯЦІТЫСЯЧНУЮ ВЯРШЫНЮ

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

1-156Жывёлаводы ТАА «СЖК «Налібакі» зноў пацвердзілі званне мацнейшых. Прадукцыйнасць дойнага статка ў гэтым таварыстве па-ранейшаму самая высокая ў раёне. Летась у сярэднім ад кожнай каровы на малочнатаварных фермах надоена па 8412 кілаграмаў малака, прыбаўка склала 255 кілаграмаў.
– На такі паказчык мы і разлічвалі, – расказвае галоўны заатэхнік таварыства Уладзімір Чарняўскі. – Увесь год плюсавалі. Удалося павялічыць вытворчасць малака за кошт збалансаваных рацыёнаў. Больш чым летась нарыхтавалі кармоў, таму зімоўка праходзіць на ўзроўні. У гэтым годзе плануем павялічыць паказчык. Думаю, што нашым руплівым жывёлаводам удасца перасягнуць надой 8,5 тысячы кілаграмаў малака і ў далейшым планамерна рухацца да дзевяцітысячнай вяршыні.
Дойны статак на чатырох малочнатаварных фермах у гаспадарцы налічвае 1060 галоў. Разбежка па надоях невялікая, бо ўсе жывёлаводы працуюць зладжана, строга прытрымліваюцца тэхналогіі. Першае месца па надоях заняў калектыў МТФ «Церабейнае» (брыгадзір Алена Шапялевіч), дзе атрымана ад кожнай каровы па 8714 кілаграмаў малака. Галоўны заатэхнік гаворыць, што поспех заключаецца ў тым, што ў гэтым вытворчым падраздзяленні працуюць пастаянныя кадры. Гэта аператары машыннага даення Святлана Рынкевіч, Жанна Калпак, Ганна Бычкевіч. Жывёла дагледжана, пяршачкі належным чынам раздойваюцца, бо людзі зацікаўлены мець высокія надоі і дастойную заработную плату. Другую прыступку занялі жывёлаводы МТФ «Цэнтр», трэцюю – калектыў МТФ «Целяхі». Самы высокі надой мае аператар машыннага даення «Пруды» Алена Гаптар – яе вынік 8949 кілаграмаў малака, што на 645 кілаграмаў больш за пазалеташні паказчык. Усяго на тры кілаграмы адстала ад яе Святлана Рынкевіч.
Адначасова ў таварыстве робіцца ўпор на павышэнне якасці рэалізаванай перапрацоўшчыкам прадукцыі, каб пры тых жа аб’ёмах павялічыць прыбытак. Гатункам «экстра» адгружаецца на малочны завод чвэрць сыравіны, астатняя колькасць – вышэйшым. Робяцца захады для таго, каб найвышэйшым гатункам прадаваць малака больш.
У асноўны статак уведзена летась 35 працэнтаў пяршачак. Цялушкі вырошчваюцца на плошчах былога свінагадоўчага комплексу. Гаспадарчым спосабам за тры гады там рэканструявана некалькі жывёлагадоўчых памяшканняў, у якіх на глыбокай падсцілцы ўтрымліваецца тысяча галоў маладняку буйной рагатай жывёлы.
– Гэта наша будучае малако, – працягвае гаворку Уладзімір Іосіфавіч. – Для таго каб дабівацца высокіх надояў, патрэбна жорсткая выбракоўка, а замена каровам, якія па розных прычыных выбываюць, ёсць заўсёды.
Варта дадаць, што чаканая рэнтабельнасць малака складзе ў гаспадарцы за мінулы год 50 працэнтаў.
Наладжаны і адкорм буйной рагатай жывёлы. За кошт паўнацэннага кармлення павялічыліся сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе бычкоў. Вырошчваюцца яны на некалькіх фермах. Стабільна працуе калектыў фермы «Янкавічы», дзе брыгадзірам рупіцца Аліна Шумчык. Неблагія паказчыкі на адкорме маюць жывёлаводы фермы «Пільніца», якой кіруе Сяргей Богдан.
За мінулы год на мясакансервавы камбінат пастаўлена 629 тон ялавічыны.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *