АД ФОНДУ МІРУ – СЕРТЫФІКАТ ДЗІЦЯЦІ МІРУ

Грамадства Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

06cНапярэдадні Новага года вельмі адметнае мерапрыемства было праведзена ў нашым раёне. Старшыня раённага аб’яднання Беларускага фонду міру, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко ўручыла сертыфікат «Дзіця міру» і падарунак бацькам трохмесячнай стаўбчанкі Яны Барысенка.
Такую акцыю ў Беларусі правёў Фонд міру – падрыхтаваў усім дзецям, якія нарадзіліся 21 верасня – у Міжнародны дзень міру, адпаведныя сертыфікаты і падарункі.
Яначка Барысенка нарадзілася ў шматдзетнай сям’і – яна чацвёртае дзіця. Анатоль Віктаравіч з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, экспедыруе грузаперавозкі. Ганна Мікалаеўна знаходзіцца ў штаце вайсковай часці 25819, бухгалтар, цяпер яна ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. У сям’і выхоўваюцца шасцігадовы Яраслаў, чатырохгадовыя блізняты Златаслава і Уладзіслава і трохмесячная Яна.
Трэба ж, каб так атрымалася: дзіця міру Яна Барысенка жыве ў горадзе Міру Стоўбцы і на вуліцы Міру. Дай Бог ёй мірнага дзяцінства і шчаслівай будучыні!
– Грамадская арганізацыя Беларускі фонд міру, – падагульняе Наталля Лапко, – праводзіць міратворчую дзейнасць і стаіць за ўмацаванне міру ва ўсім свеце. Мы з вялікай радасцю адгукнуліся правесці ў нашым раёне такую святочную акцыю, звязаную з уручэннем сертыфіката «Дзіця міру». Наша раённае аб’яднанне працяглы час мае апякунства і над хворымі дзецьмі. У нашым раёне 14 сем’яў, дзе ёсць анкалагічна хворыя дзеці. Раённае аб’яднанне Фонду міру па магчымасці аказвае ім матэрыяльную дапамогу, у 2016 годзе сем’і атрымалі таксама падтрымку аб’яднання. Перад светлым святам Ражджаства Хрыстовага хачу пажадаць усім сем’ям раёна ласкі Божай, дабра, светлага настрою, умення быць спагадлівымі, міласэрнымі, хуткімі на тое, каб працягнуць руку дапамогі адзін аднаму, жыць у міры і згодзе.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *