Плён ініцыятыў

Нумары Соцыум

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падчас наведвання дамоў-інтэрнатаў і іншых сацыяльных устаноў звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі павінна быць канчаткова сфарміравана сістэма абароны і падтрымкі пажылых людзей.

Разважаючы пра такую сістэму, відавочна, што на Стаўбцоўшчыне ў рабоце з пажылымі людзьмі ўжо зроблены пэўныя крокі і захады, ажыццяўляюцца ініцыятывы і вядзецца пошук інавацыйных падыходаў у духу патрабаванняў часу. І ў першую чаргу гэта адбываецца дзякуючы дзеючаму ў Cтоўбцах тэрытарыяльнаму цэнтру, у якім два гады таму адкрыта новае аддзяленне – дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

Узначальвае яго Сяргей Есіс, які доўгі час працаваў у аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Штат укамплектаваны двума спецыялістамі – кіраўнікамі гурткоў Таццянай Шаўчук і Людмілай Няверавай, медыцынскай сястрой Зузанай Высоцкай. Яны не толькі аддаюць пажылым людзям свае ўвагу, цеплыню, а і могуць навучыць карыснаму, зацікавіць атмасферай творчасці, здаровага ладу жыцця. Назвы гурткоў – «Кожны дзень свята» і «Жыццё без межаў» – гавораць самі за сябе. Апошнім часам для пажылых людзей арганізаваны дзённы нагляд на базе аддзялення.

– Аддзяленне працуе з пажылымі людзьмі. Як можна ахарактарызаваць яго дзейнасць? – цікавімся ў Сяргея Есіса.

– Аддзяленню ўжо два гады. Пад уплывам творчых супрацоўнікаў і нашы наведвальнікі (а іх больш за 70 чалавек) становяцца людзьмі творчымі, цікавымі. Работы, зробленыя іх рукамі, дэманстраваліся падчас марафону-конкурсу «Сярэбраная ніць», прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі, на міжрэгіянальных фестывалях песні, якія праходзілі ў Клецку і Стоўбцах. Як працяг фестываляў з’явіліся новыя ідэі.

– Акрамя творчасці, што вы прапануеце наведвальнікам аддзялення?  

– На выбар у нас працуюць чатыры гурткі і столькі ж – клубаў. Прызнанне набыў клуб «Гады – не бяда», літаратурна-паэтычная гасцёўня «Ліра», з удзельнікамі якіх мы бываем у тэатрах, арганізоўваем экскурсіі. Запрашаем жадаючых у хор народнай песні «Родны кут» (мастацкі кіраўнік – Міхаіл Міткевіч). На занятках у рамках універсітэта трэцяга ўзросту можна атрымаць кампетэнтныя адказы на ўсе пытанні, якія хвалююць пажылых людзей. Для гэтага запрашаем да размовы супрацоўнікаў бальніцы, банка, міліцыі, іншых арганізацый і службаў. Да кожнай сустрэчы падыходзім творча, з улікам пажаданняў і ўзросту нашых наведвальнікаў. Асобна варта выдзеліць клуб «Жывое слова». На правядзенне заняткаў у ім знаходзіць час і магчымасць ключар кафедральнага сабора святой праведнай Ганны Аляксандр Марцінчык. Пасля размоў са святаром загараюцца іскрынкі ў вачах людзей, і гэта – як гаючая крыніца, выток духоўнасці, да якога хочацца прыпадаць зноў і зноў. Кола прыхільнікаў «Жывога слова» вырасла за апошні час у тры разы. Індывідуальныя заняткі ў гуртку камп’ютарнай граматнасці «Пазнанне» арганізаваны для тых, хто жадае асвойваць інтэрнэт, электронную пошту, скайп і т. п.

Акрамя таго, мы прапануем дзённы нагляд для пажылых людзей, якія з-за пэўных жыццёвых абставін застаюцца адны на працягу рабочага дня. Для іх створаны ўсе ўмовы ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі.

– Ведаю, што ваша аддзяленне мае сваіх валанцёраў. Хто гэтыя людзі?

– Група валанцёраў утварылася з ліку актыўных наведвальнікаў клуба «Гады – не бяда». Між іншым, валанцёры аказваюць дапамогу і ў арганізацыі дзённага нагляду, а таксама дапамагаюць кіраўнікам гурткоў у падрыхтоўцы сувеніраў. Разам мы наведвалі ветэранаў вайны, якія пражываюць у горадзе. Варта назваць Марыю Яфрэмаву, Алену Гундзіловіч, Валянціну Кубрыну, Вацлаву Дзядзейка, Вольгу Баяраву, Алу Бабіцкую… Многія ведаюць іх як былых работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў, а сёння яны ўліліся ў рады валанцёраў і, нягледзячы на дамашнія справы, ідуць насустрач патрэбам аддзялення. Асаблівая ўдзячнасць – актывістам больш маладога ўзросту – Але Янскай, Але Мешыч Алене Скараходавай. З іх дапамогай і мерапрыемства лёгка зладзіць, і майстар-клас правесці, і запас сувеніраў стварыць.

– З усіх рэалізаваных праектаў якія найбольш значныя?

– Мы рэалізавалі сумесны праект з Мінскай абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Пры падвядзенні яго вынікаў наша ініцыятыўная група з ліку валанцёраў прызнана пераможцай. Плённым можна лічыць і супрацоўніцтва з міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемаразуменне», дзякуючы якому ўвасоблены не адзін праект, а ў памяці нашых пажылых людзей засталіся адметныя майстар-класы, экскурсіі ў музеі і адметныя мясціны Беларусі.      

– Як вы знаходзіце сваіх партнёраў, спонсараў, якіх вакол аддзялення цэлае кола?

– У эканамічна складаны час чалавечы фактар выходзіць на першае месца, без яго сацыяльная сфера не змагла б выканаць усе свае задачы ў поўным аб’ёме. Сапраўды, нашы спонсары – гэта нашы сябры, партнёры. Вялікі дзякуй ім – прадпрыемству «Гном-сэрвіс», Стаўбцоўскаму філіялу ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», фермерскай сялянскай гаспадарцы «Сула», цэху хлебапячэння райспажыўтаварыства, бюро падарожжаў і экскурсій, індывідуальным прадпрымальнікам – Сяргею і Іне Пяткевічам, Анатолю Брылеўскаму, а таксама тым, хто з-за сціпласці прасілі не называць іх імёны.                  

– Што ў планах на бліжэйшы час?

– Аддзяленне новае, таму пастаянна вучымся адзін у аднаго. Ладзім сустрэчы-абмены вопытам з калегамі з тэрытарыяльных цэнтраў суседніх раёнаў. Нешта падобнае было і ў нас, калі мы прымалі ў сябе, на «Высокім беразе», валанцёраў Мінскай вобласці. Атрымалася здорава! І, дарэчы, старшы навуковы супрацоўнік філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Софія Міцкевіч таксама засведчыла сваю прыналежнасць да валанцёрскіх радоў – гатоўнасцю правесці цікавую экскурсію для любой аўдыторыі.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *