Калядная ідылія

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

На Каляды вечарам,а тым больш ноччу, душу свідруе прадчуванне нейкай казачнасці, нечаканай падзеі. Зоркі на цёмна-сінім абрусе нябесных вышынь як ніколі загадкава пераміргваюцца з гарадскімі ліхтарамі, то тут, то там на нябёсах чэрцяць каметны след. Гэты сусвет раз-пораз дапаўняецца россыпна-іскрыстымі рознакляровымі грымотамі феерверкаў ды петардаў. Ну як тут усядзіш дома?

06s

Так і цягне ўсхапіцца з нагрэтай канапы, адарвацца ад спакуслівых страў на стале, знайсці сілы адставіць убок келіх і пабегчы на вуліцу, у гурт, у шумлівы натоўп. Там гарэзяць, цешаць люд калядоўшчыкі.

Калі ж яшчэ, як ні на Каляды, будзе магчымасць, жаданне надаць сабе зухавата-тэатральны вобраз?!

Марыся, крутнуўшыся на адной назе ля люстэрка, імгненна падвяла вочы, дабавіла застольнай пунсовасці на шчокі, аздобіла вясёлы твар стракатай хусцінкай – і стала проста як артыстка Бабкіна.

Пятро таксама, вывернуўшы кажушок, распусціўшы на разлёт вушы ў шапцы, ператварыўся ў персанаж з расказаў Гогаля. Ліхадзей дый годзе! Цяпер можна рушыць да сяброў. Яны ж, пэўна, кілішаць ды набіваюць смакатой страўнікі. Пара паддаць ім каляднага імпэту.

А на вуліцы рэдкія снежныя пушынкі ўсцілаюць, адбельваюць праліхтараны шлях.

– Пятро, Пятро! – пацягнула Марыся за рукаў. Глянь, вунь нехта на чатырох па вуліцы паўзе. Во набраўся, нібы свінчук! Нос аж распух, ці то ад гарэлкі, ці то ад марозу.

– Дык гэта і ёсць самая сапраўдная свіння! – канстатаваў Пятро. – Толькі чаго яна соваецца па горадзе апоўначы?

«Артыстка» і «ліхадзей» застылі ў нямой сцэне. А тым часам свінчук ужо рохкаў каля ног, цёрся ружовым ад марозу бачком, нібы кот, аб Петрусёву штаніну. Відавочна, вельмі рады, што напаткаў людзей. Мо і галодны. Гаспадары, бачна, загулялі, гарэзяць вакол гарадской ёлкі – не да жывёліны ім. Чутно, як шуміць народ.

Свінчук нібы прыліп да новых гаспадароў, бег побач, як той цуцык. Петрусю і Марысі, зразумела, гэта не вельмі падабалася. Той жа не-не ды тыцкаў мокрым носам і пэцкаў штаніну, Марысіна футра, даваў свінячага водару, зусім не святочнага і далёка не падобнага на французскую парфуму. Але што зробіш? Не адгоніш, не адпіхнеш. Трэба цярпець. Галовы ж свідравала думка: чый?

Вось ужо і веснічкі да хаціны, дзе гуляюць сябры. Не паспеў Пятро як след націснуць на званок, як з адчыненых гасцінна дзвярэй абдало хатнім цяплом, дзе ўжо лілася гамана.

–   Хутчэй распранайцеся, мы якраз гарачае падаём! – гасцінна прагучаў заклік.

–   Ой, Змітрок, мы не адны. Там, за веснічкамі, табе калядны падарунак, забірай! – пашуткаваў, крыху адышоўшы ад збянтэжанасці, Пятро.

– Дзе, дзе? – Чуць не басанож Змітрок выскачыў на вуліцу і атарапеў, а пасля застрачыў, як з кулямёта: – Не зразумеў, не зразумеў…

А свінчук стаяў і цярпліва разглядаў патэнцыяльнага гаспадара, прынюхваўся, аж вочы заплюшчыў, а можа ўжо і спаць хацеў. Змітрок жа, слізгаючыся па снезе, усё кружыў вакол жывёліны, усё не мог уцяміць, што гэта не муляж. То пашкрэбае па бачку, то пагладзіць.

Тым часам яму, як на падмогу, з хаты вынырнулі госці. Як-ніяк не кожны год на Каляды не падкладваюць, а дораць свінню.

–   Жарты ўбок, гайда шукаць гаспадара! – прагучаў нейчы ці то здаровы, ці то найбольш цвярозы голас.

Зашумелі, загаманілі, дружна рынуўшы застольнай грамадой па вуліцы, паганяючы нейкім дубцом прыморанага вандроўкай свінчука. Рашылі ж, што ён, як конь ці сабака, павінен прывесці ў гаспадарскі двор. А свінчук усё ідзе, ідзе… Мінае двары. Грамада шумна грукнула ў адны дзверы, другія – адзін адказ: не наша. Некаторыя ўвогуле, бачна, далёкія да гумару, круцілі пальцам каля скроні, намякаючы, што хадакі не ўмеру глынулі, і гналі іх проч.

Але ж усяму бывае канец. Знайшлася-такі гаспадыня, знайшлася! Яна моўчкі заштурхала свінчука ў хлеў і шуснула ў хату, а начныя вандроўнікі, задаволеныя такой канцоўкай і сваім чуць не геройскім учынкам, пайшлі да каляднага стала.

Назаўтра ж уся вуліца абмяркоўвала, як Сцёпчыха прысвоіла чужую свінню, а сапраўдная гаспадыня павыдзірала ёй пэтлы.

Васіль ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *