СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЬ ПРЭСТЫЖНАЯ І АДКАЗНАЯ

Адукацыя Нумары Соцыум

З моманту ўтварэння Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз гаварылі аб адчувальным дэфіцыце кадраў. А цяпер гэты некамплект удалося значна знізіць. Спецыяльнасць «Судовыя крыміналістычныя экспертызы», дзе рыхтуюць будучыя кадры для сістэмы ДКСЭ, вырвалася ў топ-10 спецыяльнасцяў з высокімі прахаднымі баламі.

Цяпер у сістэме органаў ДКСЭ працуе больш за чатыры тысячы чалавек. Пры адборы кандыдатаў на пасады судовых экспертаў вывучаюцца не толькі іх прафесійныя, але і асабовыя і маральна-дзелавыя якасці. Пабудавана сістэма такім чынам, што яшчэ на стадыі адбору кандыдатаў прымаюцца меры, каб не дапусціць да работы выпадковых людзей. Так, у адносінах да выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў адборачныя мерапрыемствы праводзяцца яшчэ на этапе навучання. Гэта дазваляе прымаць ініцыятыўных маладых спецыялістаў з добрай адукацыйнай базай, якія імкнуцца асвоіць прафесію судовага эксперта.

Нягледзячы на аб’ектыўную складанасць, неабходнасць карпатлівай работы, маладыя спецыялісты ў сучасны момант ахвотна ідуць на пасады судовых экспертаў. Прынцып справядлівасці ў гэтай прафесіі таксама не на апошнім месцы. Бо практычна за кожным вывадам эксперта чыйсьці лёс, а магчыма – і жыццё Таму патрабаванні да ўсіх – і кандыдатаў, і спецыялістаў з вопытам – гэта дакладнае следаванне духу закона і спецыяльным ведам.

Спецыялістаў для ДКСЭ рыхтуюць на следча-экспертным факультэце Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў па спецыяльнасці «Судовыя крыміналістычныя экспертызы». Штогод на яе выдзяляецца 30 месцаў, з іх 7 прадугледжана для асоб жаночага полу. Летась для ўдзелу ў конкурсе на паступленне быў адабраны 101 кандыдат. Колькасць абітурыентаў і якасны падыход да іх адбору дазволілі спецыяльнасці «Судовыя крыміналістычныя экспертызы» трапіць у рэйтынг прэстыжных.

Асаблівасць пачатку працоўнага шляху заключаецца ў тым, што адразу пасля ВНУ, з якім бы дыпломам яго ні закончыў чалавек, судовым экспертам стаць немагчыма (за выключэннем профільнага факультэта Акадэміі МУС). Кандыдаты, якія прыходзяць працаваць у ДКСЭ, абавязкова праходзяць падрыхтоўку і перанавучанне на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў камітэта. Тэрмін навучання – ад 6 да 11 месяцаў, у залежнасці ад накірунку дзейнасці. Да атрымання дыплома інстытута ўсе гэтыя работнікі з’яўляюцца стажорамі і не маюць права прыступіць да правядзення экспертыз. І ўжо пасля заканчэння інстытута, атрымаўшы допуск да правядзення адпаведных экспертыз, малады чалавек пачынае самастойны шлях. Але, зноў жа, пад пільнай увагай і кантролем сваіх старэйшых і найбольш вопытных калег.

У цэлым працэс адукацыі судовых экспертаў з’яўляецца няспынным. Яны абавязкова праходзяць павышэнне кваліфікацыі не радзей чым раз у пяць гадоў з моманту прысваення адпаведнай кваліфікацыі.

Па пытаннях паступлення ў Акадэмію МУС можна звяртацца ў Стаўбцоўскі міжраённы аддзел ДКСЭ Рэспублікі Беларусь (тэрыторыя абслугоўвання – Стаўбцоўскі і Дзяржынскі раёны Мінскай вобласці) па тэлефонах (8-01717) 5-10-78, (8-01716) 5-76-10.

Мікалай БЕЛАВУСАЎ, начальнік Стаўбцоўскага МРА ДКСЭ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *