АЦЯПЛЯЛЬНЫ СЕЗОН – З ЭКАНОМІЯЙ РЭСУРСАЎ

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

У ацяпляльны перыяд важна, каб сістэмы цеплазабеспячэння працавалі бяспечна, а таксама з улікам эканоміі энергарэсурсаў. У сувязі з гэтым энерганаглядам праведзены абследаванні сістэм аўтаматычнага рэгулявання ў шматпавярховых жылых дамах па вуліцы Міру ў Стоўбцах.

Такія сістэмы рэгулявання ўстаноўлены ў дамах асобна на ацяпленне і на гарачую ваду. У выніку, гарачая вада падаецца з той тэмпературай, якая адпавядае санітарным нормам, а тэмпература цепланосьбіта настройваецца ў залежнасці ад умоў надвор’я. Аднак абследаванні паказалі, што ў некаторых дамах жыллёва-будаўнічых кааператываў («Калінка-1», «Бярозка-90», «Жамчужына-» і іншых) сістэмы рэгулявання не даюць належнага выніку, таму што рэжым іх работы патрабуе рэгуліроўкі і наладкі.

Для больш эфектыўнай работы цеплаабсталявання, якое знаходзіцца на балансе аб’яднання камунальных службаў, не так даўно была праведзена рэканструкцыя цэнтральнага цеплапункта № 2 у Стоўбцах. Адбылася замена кажухатрубных водападагравальнікаў на пласціністыя. Жыльцам былі пададзены гарачая вада і ацяпленне адразу пасля ўрэзкі новага абсталяванння. Аднак да гэтай пары АКС не патурбавалася атрымаць у органах дзяржаўнага энергетычнага нагляду допуск абсталявання да эксплуатацыі.

У размове пра эканомію энергарэсурсаў нельга не назваць і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама: не першы год патрабуе замены на асобных участках цеплаізаляцыйнае пакрыццё цеплатрасы, па якой цяпло падаецца ў дзіцячы сад № 4. Цеплатраса на «голых» участках абагравае вуліцу…

Акрамя таго, энергаінспекцыяй пры правядзенні праверак спажыўцоў цеплавой энергіі ўдзяляцца асаблівая ўвага прафілактыцы цеплатраўматызму сярод персаналу і інжынерна-тэхнічных работнікаў прадпрыемстваў, вучняў школ. Распаўсюджваюцца памяткі па цеплабяспецы.

Аналіз няшчасных выпадкаў цеплатраўматызму ў рэспубліцы сведчыць, што яны з’яўляюцца вынікам нізкага ўзроўню тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны персаналу, пагаршэннем тэхнічнага стану энергаўстановак з-за парушэння ўмоў іх эксплуатацыі, адсутнасці сістэмы нагляду і кантролю за работай энергаўстановак і т. п. Падчас ацяпляльнага сезона ўзрастае небяспека ўзнікнення аварыйных сітуацый пры эксплуатацыі цеплатэхнічнага абсталявання і цеплавых сетак.

У сувязі з гэтым нагадваем, што нельга набліжацца менш як на пяць метраў да месцаў, агароджаных для правядзення работ у катлаванах, цеплавых камерах і траншэях, а таксама да прамывін, якія ўтвараюцца ў месцах парываў трубаправодаў. Недапушчальна парушаць цеплавую ізаляцыю цеплавых сетак, што можа пацягнуць за сабою тэрмічныя апёкі. Нельга самавольна трапляць у цеплавыя камеры і цеплавыя пункты, сарваўшы на іх запорныя ўстройствы, адкрываць або закрываць засаўкі і вентылі на цепласетках. Забаронена хадзіць па трубаправодах, пералазіць праз іх.

Не заўсёды абслуговы персанал цеплазабяспечваючай арганізацыі мае магчымасць аператыўна выявіць і абазначыць папераджальнымі знакамі месца аварыі, таму, калі вы ўбачылі аварыю цеплавых сетак, просім неадкладна паведаміць дыспетчару РУП «Стаўбцоўскае АКС» па кругласутачным нумары – 7-82-62.

Па пытаннях, звязаных з правіламі цеплабяспекі, звяртайцеся ў Стаўбцоўскае МРА «Энерганагляд» (г. Стоўбцы, вуліца Казлова, 3-а, тэл. 5-72-16).

Сяргей ХВАСЬКО,інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *