Праклала сцяжынку да фермы

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Сярод запрошаных напярэдадні новага года ў гарналыжны цэнтр «Сілічы» на традыцыйнае ўшанаванне ветэранаў працы аграпрамысловага комплексу была і аператар машыннага даення ААТ «Вішнявецкі-агра» Галіна Сергіевіч. Галіна Афанасьеўна вельмі хвалявалася, бо ехала, як сама сказала, на такое важнае мерапрыемства ўпершыню. Работа, у якую ўкладвае ўсю сваю душу, заўсёды была і ёсць у яе на першым плане. Галіна Афанасьеўна хвалюецца за сваіх кароў і не можа пакінуць іх нават на адзін дзень. Жанчына ў прамым сэнсе слова пратаптала сцяжынку на ферму. Брыгадзір фермы Алена Войніч ці то жартам, ці то ўсур’ёз гаворыць, што на гэтым месцы, пэўна ўжо нічога і не вырасце. Пяцьдзясят два гады, па два разы на дзень, ходзіць даярка напрамкі праз поле да месца сваёй працы. Нетаропкім крокам спраўляецца дайсці хвілін за дзесяць.

Адпрацаваць аператарам машыннага даення больш за паўстагоддзя – гэта сапраўдны подзвіг у мірны час. За ўвесь перыяд работы яна надаіла звыш 7200 тон малака – цэлы састаў, які складаецца па меншай меры са ста цыстэрнаў. Галіна Афанасьеўна і сёння рухавая, не ўступіць маладым. Здароўе яе не падводзіць, таму кідаць работу не збіраецца. Калі ёсць сілы і жаданне, чаму б і не папрацаваць.

– А што буду адна дома рабіць, – гаворыць Галіна Афанасьеўна. – З людзьмі весялей, ды і работа мне падабаецца. Яшчэ калі ў школе вучылася, то бегала маці дапамагаць. Яна таксама працавала даяркай.  

Як толькі дзяўчына скончыла вучобу, то іншага месца працы і не шукала – прыйшла на ферму. Далі групу кароў. Нялёгка прыходзілася, бо даілі не толькі ў бітоны, а, нярэдка бывала, і ўручную. Вёдрамі насілі малако і цадзілі ў флягі. Затым важылі на вагах і вылівалі ў халадзільнік. Далёка нерамантычная прафесія, а вось прыйшлася Галіне Афанасьеўне даспадобы. Жывёлу яна любіць, шкадуе і нікому не давярае сваіх рагуляў. Брыгадзір фермы гаворыць, што Сергіевіч проста ўнікальная работніца, без перабольшвання, лепшая ў гаспадарцы. На рабочым месцы ў яе заўжды парадак, бо з адказнасцю ставіцца да сваіх абавязкаў. І ў выхадны дзень, калі ёсць патрэба, выйдзе, і ўсё як след зробіць. Пабольш бы такіх руплівіц, то і вынікі работы былі б намнога вышэйшымі.

– І паглядзіце, якая яна ў нас прыгажуня, – падкрэслівае Алена Мікалаеўна. – Ну хто скажа, што ёй семдзесят. Яна і душой не старэе. Гэтым чалавекам мы проста захапляемся.

Галіна Сергіевіч пачынала працаваць на МТФ «Мархачоўшчына №1». Неўзабаве пабудавалі непадалёку новую ферму, дзе жанчына дагэтуль шчыруе. Працаваць стала лягчэй, бо ў жывёлагадоўчым памяшканні зманціраваны малакаправод.

– Гэта не тое, што раней было, – успамінае жанчына. – Буракі і сена мы тады дзялілі на кучы і затым кожная даярка цягнула кармы ў хлеў, каб раздаць сваім рагулям. Фізкультурай не трэба было займацца, так за дзень натупваліся. Цяпер кароў жывёлаводы кормяць. Нам застаецца падаіць і прыбраццца за каровамі.

Адразу тады паставілі Галіне Сергіевіч на раздой пяцьдзясят цялушак. Усіх трэба было да апаратаў прывучыць. Справілася з нялёгкай работай. І ў далейшым дабівалася высокіх паказчыкаў. Заўсёды ў лідарах на ферме па надоях.

Сціплая і не асабліва гаваркая, Галіна Афанасьеўна не любіць публічнасці і хваліцца таксама не ў яе правілах. Пражыла нялёгкае жыццё, са сваімі радасцямі і перажываннямі. Яна ўдава, муж працаваў на ферме слесарам. Нарадзіла дваіх дзяцей. Дачка працавала на свінагадоўчым комплексе, а зараз – у Дзяржынску. Сын жыве ў Слабадзе і шчыруе ў прыватніка. У бабулі адна ўнучка – ужо дарослая, месцам пражывання выбрала сталіцу.  

– Што там добрага, не ведаю, але моладзь не хоча працаваць у вёсцы, а вось мне падабаецца, – прызналася жанчына. – Ніколі не пашкадавала, што выбрала такую прафесію. І шчаслівая. Хочаце верце, хочаце не верце.

За кубкам чаю, у перапынках паміж работай, Галіна Афанасьеўна нярэдка расказвае жывёлаводам аб цікавых выпадках са свайго жыцця. А рабіць гэта яна ўмее. І ўсе смяюцца ад душы. Згадала, што была партыйнай, дэпутатам сельскага Савета выбіралі.

Варта ўспомніць і пра каляжанку Галіны Афанасьеўны, з якой у яе адно прозвішча. Адпрацавалі жанчыны разам не адно дзесяцігоддзе. Марыя Міхайлаўна Сергіевіч ужо на заслужаным адпачынку.

– Падвяло яе здароўе, а працавалі мы ў адным памяшканні, – ўспамінае Галіна Афанасьеўна. – Сябравалі. Нас нават у адзін дзень віншавалі з днём нараджэння, і менавіта першага студзеня.

Вяртаючыся да пераднавагодняй паездкі, Галіна Афанасьеўна прыгадала, што сустрэлася там з людзьмі, якія васьмідзесяцігадовыя юбілеі адзначылі і працуюць. І яна гатова хадзіць пратаптанай сцяжынкай яшчэ мінімум дзесяцігоддзе.

З юбілеем Галіну Афанасьеўну шчыра павіншавалі і ўручылі падзяку абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, падарункі ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК, дырэкцыі і прафкама сельгаставарыства. Цёплыя словы сказалі і калегі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *