Сертыфікат на развіццё

Нумары Сельская гаспадарка

Мінулы сельскагаспадарчы год працаўнікі ААТ «Радзіма Дзяржынскага» завяршылі з неблагім настроем. Калі гаварыць пра жывёлагадоўчую галіну, то хоць атрыманыя паказчыкі і не надта высокія, але спрацавалі жывёлаводы з плюсам. Ад кожнай каровы ў сярэднім надоена 3220 кілаграмаў малака, прыбаўка склала 609 кілаграмаў. На 549 тон павялічыўся валавы надой. Вырашчана 330 тон ялавічыны. На 105 грамаў павысіліся сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе бычкоў на вырошчванні і адкорме і дасягнулі 505 грамаў. Рост валавой прадукцыі ў жывёлагадоўлі склаў 128 працэнтаў. У вытворчасці збожжа вынікі больш сціплыя. Ураджайнасць была нізкай, не дабралі 1721 тону прадукцыі.

– Крышачку крыўдна, бо ўсё было зроблена для таго, каб атрымаць неблагі ўраджай, – расказвае дырэктар таварыства Васілій Лаўрашчук. – Угнаенняў унеслі дастаткова, даглядалі пасевы, аднак з надвор’ем не паспрачаешся. А вось травам пагодныя ўмовы паспрыялі. Якаснага сенажу і кукурузнага сіласу заклалі ў траншэі намнога больш. Калі пазалетась прыпадала на ўмоўную галаву жывёлы па 14 цэнтнераў кармавых адзінак, то летась нарыхтавалі па 21,6 цэнтнера. Месца для кармоў было дастаткова, бо за паўтара года пабудавалі пяць сянажна-сіласных траншэй: тры на комплексе і дзве на ферме ў Слабодцы. Гэта станоўча адбілася на вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Плённа папрацавалі як радавыя работнікі, так і спецыялісты.

– У вашым таварыстве летась вяліся рэканструкцыя і будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў, праводзілася мадэрнізацыя вытворчасці, набывалася новая тэхніка.

– Так. Мы нямала ў гэтым накірунку зрабілі. Рэканструявалі два памяшканні, пабудавалі новы «клюшачнік». Зманціравалі новую даільную залу на МТК «Цеснавая» вытворчасці Гомельагракамплект. З увядзеннем яе ў строй палепшыцца і селекцыйная работа, бо ўсе аперацыі будуць адследжвацца на камп’ютары. Летась купілі ў лізінг пагрузчык «Амкадор», абаротны плуг і касілку. Гэта было правільнае рашэнне – тэхніка вельмі дапамагла своечасова правесці палявыя работы і на касавіцы.

– У любой справе не абысціся без кваліфікаваных кадраў, ад якіх залежыць канчатковы вынік.

– У нас падабраўся моцны касцяк механізатараў, якія выконваюць любую даручаную работу. Гэта вопытныя Павел Мазанік, Святаслаў Ваўчок, Юрый Дзерандзяеў, Станіслаў Юнцэвіч, Міхаіл Бухавецкі. Вялікі дзякуй Вітольду Браніслававічу Бухавецкаму, якому ўжо больш за семдзесят гадоў, аднак ён дапамагае нам справіцца з вялікім аб’ёмам работ падчас масавых палявых кампаній. Прыйшлі да нас і два новыя механізатары. На фермах таксама папаўненне. Асаблівай стараннасцю вылучаецца калектыў МТФ «Слабодка», дзе брыгадзірам працуе Людміла Хмыль. Па выніках года жывёлаводы выйшлі лідарамі – надаілі ад кожнай каровы 3669 кілаграмаў малака. Прыехалі на працу да нас маладыя спецыялісты, работай якіх задаволены.

– Ад аблвыканкама на фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2016» вам, як маладому дырэктару, быў уручаны сертыфікат на развіццё вытворчасці на суму 100 тысяч рублёў. Як мяркуеце імі распарадзіцца?

– Для нашага таварыства гэта вельмі важкая падтрымка. Мы пастараемся не падвесці і павысіць паказчыкі. Грошы выкарыстаем на закупку сельскагаспадарчай тэхнікі. У першую чаргу набудзем кормараздатчык, здрабняльнік саломы і касілку.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *