Эксперты і вучні — аб разумная альтэрнатыве

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Стартаваў новы праект БРСМ, які дае моладзі магчымасць узнімаць вострыя праблемы перад прадстаўнікамі органаў улады, палітыкамі і грамадскімі дзеячамі.

– Новы маладзёжны праект закліканы стаць шырокай дыскусійнай пляцоўкай і акрэслены наступнай тэмай і фарматам – «Адкрыты дыялог: закон пра мяне, мне – пра закон». Такога роду дэбаты ператвараюцца ў форму прамога кантакту ўлады і моладзі, інструмент развіцця грамадзянскай супольнасці, – падкрэсліла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – Нельга не ўлічваць тое, што пытанні, якія хвалююць сучасную моладзь, не абмяжоўваюцца пэўным рэгіёнам ці сацыяльнай групай, а пазначаны глабальным агульначалавечым маштабам.      

У рамках праекта на Стаўбцоўшчыне ладзіліся першыя дэбаты. Іх вядучай выступіла актыўны член раённай арганізацыі БРСМ, малады спецыяліст СШ № 2 г. Стоўбцы Гражына Белановіч. Месцам правядзення дэбатаў стала канферэнц-зала дзяржаўнай установы «Дзіцячая юнацка-спартыўная школа Стаўбцоўскага раёна». Да ўдзелу былі запрошаны старшакласнікі з трох гарадскіх школ, а таксама эксперты. Сярод іх – загадчыца юрыдычнага сектара райвыканкама Любоў Жыбуль, настаяцель рымска-каталіцкага прыхода касцёла святога Казіміра ксёндз Адам, псіхолаг цэнтра здароўя моладзі і падлеткаў Анастасія Брэвенская, старшы оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі Яўген Курыла, прадстаўнікі дырэкцыі дзіцячай юнацка-спартыўнай школы, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Адкрыты дыялог пачаўся з сумеснага прагляду фільма «Охота за разумом. Журналистское расследование» – аб уплыве спайсаў на маладзёжнае асяроддзе. Сітуацыя са спайсамі, як сведчыць рэчаіснасць, не такая простая і бяскрыўдная. Аб гэтым гаворыць і апошняя інфармацыя, што паступіла з Гродна, – аб масавым атручэнні моладзі спайсамі, набытымі праз інтэрнэт-магазін. І кадры прадэманстраванага фільма, дзе падлеткі пасля ўжывання спайсаў выпадалі, як птушкі, з вокнаў. Гэта не магло нікога пакінуць раўнадушным. Міжволі падумалася пра самае страшнае наступства – знішчэнне генафонду нацыі. Выказацца на гэты конт пажадалі многія школьнікі. У размове яны падзяліліся ўласным эмацыйным шокам, атрыманым ад убачанага на экране…

Каментарыі да фільма зрабіў старшы оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі Яўген Курыла. Яго выступленне было падмацавана канкрэтнымі прыкладамі, звязанымі з распаўсюджаннем і ўжываннем спайсаў, наркотыкаў на тэрыторыі раёна. Моладзь цікавілі меры адказнасці, прадугледжаныя за гэтыя віды злачынстваў заканадаўствам рэспублікі. Не засталася ўбаку інтэрнэт-тэма, а менавіта юрыдычныя нюансы стасункаў у інтэрнэце, якія, на жаль, нярэдка заканчваюцца грубым высвятленнем адносін, знявагай. Асобна былі закрануты пытанні экстрэмізму, міжнароднага тэрарызму, якія сёння ўзрушваюць свет і становяцца фактарамі дэстабілізацыі міру і спакою.  

Наступны блок пытанняў адкрытага дыялогу – духоўны – можна разглядаць як адказ на пытанне: «А што ўзамен спайсаў, наркотыкаў, тэрарызму і т. п.?» Тут у цэнтры ўвагі быў ксёндз Адам. У яго спыталі: «Існуе думка, што рознага роду спакусам паддаецца моладзь несфарміраваная, з неакрэплым інтэлектам. Ці так гэта?» У сваім адказе святар не стаў углыбляцца ў рэлігійнасць, а больш спыніўся на зразумелых усім агульнахрысціянскіх рэчах. Так, варта цаніць кожнае імгненне. Трэба часцей пытаць у сябе: «Чаго я хачу? Чаго хочуць людзі?» А хоча кожны чалавек (нават каторы не асэнсоўвае гэтага) – любові. Гэта паняцце шырокае і аб’ёмнае, яно падразумявае не секс, а добразычлівае стаўленне, узаемаразуменне, спагаду, клопат і т. п.

Надзейным супрацьдзеяннем спакусам і шкодным звычкам у моладзі выступае і прывіццё са школьных гадоў зацікаўленасці да якога-небудзь спартыўнага ці культурнага занятку, іншай любімай справы. У членаў клуба «Абаронца Айчыны» пад кіраўніцтвам Рыгора Мамайкі, якія для ўдзельнікаў адкрытага дыялогу далі майстар-клас па рукапашным боі, безумоўна, ёсць такая зацікаўленасць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *