Бяжыць рака жыцця і часу

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

З паэтаў-землякоў, як іх прадстаўляюць на творчых сустрэчах, Яўген Хвалей, дарэчы, яшчэ і Казімір Камейша, адметныя тым, што працавалі ў «Прамені». Праменеўская старонка біяграфіі непрацяглая, можна сказаць, эпізадычная, на падпрацоўцы на летніх канікулах падчас вучобы ва ўніверсітэце, але ж назаўсёды памятная. Тым больш што і першы верш, аб чым Яўген любіць прыгадваць, змешчаны быў у раённай газеце. А на пачатковую сцяжынку ў свет літаратурнай творчасці яго вывеў светлай памяці Антон Шабан, стваральнік літаратурнага аб’яднання «Праменя».

Потым было шмат дарог. Ажно да Барселоны і Кіпра, дзе жывуць яго дочкі. Экзотыка паўднёвых краін, вядома, дае маляўнічую панараму. Але і з далёкіх краёў, і з нашай сталіцы кліча яго бацькоўская хата ў Белькаўшчыну, дзе цяпер жыве брат, і лагодны Нёман, і Мікалаеўшчына, дзе з сябрамі спазнаў школьную навуку. І ніколі не прапусціць выпадку, каб завітаць у нашу рэдакцыю, павітацца з усімі, хто сёння тут працуе. Па-вясковаму просты, шчыры, адкрыты. «Прамень» для яго заўсёды родны, блізкі.

У вершах жа больш матывы роднага кута, зямлі вялікага Коласа. Дзе і памяць, і лёсы людзей, шчырых працаўнікоў. Зямлі з багатай гісторыяй і непаўторнымі краявідамі. Усё гэта ў сэрцы паэта.

Прызнанне прынеслі Яўгену Хвалею і празаічныя творы. Аповесць «Прынцэса тусоўкі», дзе ўзняты сур’ёзныя праблемы школьнай моладзі, атрымала пасведчанне чытацкіх сімпатый па выніках конкурсу водгукаў «Лепшая беларуская кніга». Папулярнасць у моладзі мае і ягоная аповесць «Анжэла з Былькаў». Творы Яўгена Хвалея маладзёжнай тэматыкі адзначаны дзяржаўнай прэміяй з уручэннем Залатога купідона. І летась Яўгена Хвалея вылучалі на Нацыянальную прэмію за аповесць «Серабрыстыя таполі», у якой ён увасобіў вобраз знакамітага беларускага мастака Валенція Ваньковіча – творцы, які быў знаёмы з Пушкіным, сябраваў з Адамам Міцкевічам, з’яўляецца аўтарам карціны з выявай вялікага польскага паэта.

Паэт, пісьменнік, журналіст, поўны новых ідэй і настрою для іх здзяснення. 1 студзеня Яўгену Хвалею споўнілася 70 гадоў. Моцнага здароўя, натхнення, новых творчых здабыткаў – такое пажаданне Яўгену Іванавічу ад калектыву «Праменя». З юбілеем!

Пр

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *