Абстаноўка — рабочая

Ахова правапарадку Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

Цыклон «Аксель» прынёс і на Стаўбцоўшчыну складаныя ўмовы надвор’я: моцныя снегапады суправаджаюцца парывістым ветрам і пры гэтым набіраюць моц маразы. Асабліва халоднымі выдаліся мінулыя выхадныя, калі ртутны слупок апусціўся ніжэй за 20 градусаў.

Паводле даных цэнтра аператыўнага кіравання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, на расчыстцы дарог задзейнічана ўся наяўная снегаўборачная тэхніка. У чацвер, 5 студзеня, у райцэнтры працавала шэсць адзінак тэхнікі аб’яднання камунальных службаў, на дарогах рэспубліканскага, абласнога і мясцовага значэння – 13 адзінак тэхнікі ДЭУ № 62 і 18 адзінак тэхнікі ДРБУ № 135. На рэспубліканскіх дарогах дарожнікі пачалі працу яшчэ звечара.

– Абстаноўка рабочая, хоць не абыходзіцца без сумётаў на асобных участках дарог. Тэхніка працуе, каб аператыўна іх ліквідоўваць, – зазначае першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Полацкі і звяртае ўвагу на важнасць інфармацыйна-папераджальнай работы: – Напярэдадні ўсім суб’ектам гаспадарання былі дасланы інфармацыйныя пісьмы адносна прагназаваных неспрыяльных пагодных умоў.

У гэтых умовах надвор’я ў раёне застаецца спакойнай абстаноўка з пажарамі і абмарожаннямі, не зафіксаваны няшчасныя выпадкі з піратэхнікай. Гатоўнасць нумар адзін пры неабходнасці аказання дапамогі захоўваюць медыкі.

Адкажамграмадзянскай пазіцыяй

Да снегаўборачнай тэхнікі дарожнікаў і камунальнікаў далучыліся і 34 адзінкі тэхнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія займаюцца расчысткай вуліц у аграгарадках і іншых населеных пунктах.

– Са снегам праблем няма – усюды праезды расчышчаны, – дае ацэнку арганізацыі работы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака. – Усё неабходнае для таго, каб забяспечыць нармальную жыццядзейнасць раёна, ёсць. Створаны запас паліва, гаруча-змазачных матэрыялаў, супрацьгалалёднай сумесі.

Аляксандр Цывака, аналізуючы ўклад кожнай арганізацыі, не мог не нагадаць аб грамадзянскай пазіцыі кожнага з нас. «З раніцы ў першую чаргу пайшоў і пачысціў снег», – расказаў ён пра сябе. Першачарговы клопат і кожнага з нас – прыбраць снег побач з уласным дваром. У камунальнікаў і так цяпер турбот безліч.

Камунальнікі на працу – з самай раніцы

Будні ў камунальнікаў напружаныя, і, разам з тым, менавіта на іх долю прыходзіцца найбольш нараканняў.

Работа ў іх падчас моцнага снегападу пачалася ў чатыры раніцы, аднак, калі стаўбчане ішлі на працу, далёка не ўсюды можна было прайсці па тратуарных дарожках. Таму пешаходы выходзілі на праезджую частку.

– Сітуацыя з расчысткай вуліц кантралюецца аварыйна-дыспетчарскай службай прадпрыемства, а таксама аддзелам ДАІ, – тлумачыць в. а. дырэктара Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Галіна Гараднік. – У першую чаргу ачышчаюцца вуліцы асноўнага назначэння, пад’езды да школ і дзіцячых садоў, бальніц. Другарадныя вуліцы і завулкі чысцяцца ў другую чаргу. З расчысткай тратуараў – складаней. Для гэтага ў нас ёсць толькі адзін невялікі трактар. Ды і снег, які мяце без перапынку, замятае нашу работу вельмі хутка. Цесна супрацоўнічаем з ДАІ, ухіляем узнікаючыя заўвагі, – удакладняе Галіна Гараднік. – Пры неабходнасці наша тэхніка гатова і да вывазу снегу з вуліц горада. Работы працягваюцца.

Рабочыя ўчастка добраўпарадкавання ўручную вядуць расчыстку дарог на скрыжаваннях і прыпыначных пунктах.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *