Насустрач натхненню

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Што можа атрымацца, калі псіхолаг (Святлана Пляскач), выкладчык англійскай мовы (я) і інжынер (Павел Савіцкі) вырашаюць арганізаваць свята для жыхароў горада? Менавіта такім саставам, без спецыяльнай адукацыі і фінансавання, але з вялікім жаданнем зрабіць нешта цікавае і запамінальнае мы рыхтавалі мерапрыемства пад назвай «Час цудаў. Насустрач натхненню», якое адбылося ў Стаўбцоўскім раённым цэнтры культуры. Некалькі тыдняў падрыхтоўкі, шмат цікавых сустрэч, новых знаёмстваў, гадзіны абмеркавання планаў сярод ночы ў сацыяльных сетках, бо ўдзень усе занятыя сваімі клопатамі… І неўзабаве мы вырашылі, что ў нас будзе наступная праграма: выстава работ фатографаў нашага горада і вырабаў майстроў са Стоўбцаў, дзіцячы куток, некалькі фотазон для таго, каб фатографы маглі зрабіць прыгожыя святочныя здымкі для ўсіх прысутных (якія можна будзе «запампаваць» з сайта «Вконтакте»: https://vk.com/event133692237), смачная кава. Адным з самых захапляльных, але ж і цяжкіх пунктаў нашага плана сталі фотазоны (а прыдумалі мы іх цэлыя тры!), бо хацелася зрабіць нешта атмасфернае і прыгожае. А дзе гэта ўзяць, калі ўсе арганізатары жывуць у самых звычайных інтэр’ерах? На дапамогу прыйшлі і нашы знаёмыя, і знаёмыя знаёмых: у кагосьці пазычылі дыван, нехта даў крэсла, муж Святланы (які, дарэчы, працуе хірургам у нашай бальніцы) змайстраваў для нас камін і дапамагаў зрабіць сцены (якія мы сярод ночы напярэдадні свята фарбавалі), Павел са сваім татам адрэстаўрыравалі мае старыя дзверы з веранды, якія першапачаткова хацелі выкінуць… Асаблівую падзяку за дапамогу ў аздабленні фотазон хацелася б выказаць краме Home D?cor (г. Стоўбцы, ГЦ «Шкатулка») і сям’і Абаназ – без вашых цудоўных рэчаў зімовая казка не прыйшла б на наша мерапрыемства. Маргарыта Гарагляд (працуе юрыстам, у вольны час займаецца фларыстыкай) падрыхтавала для нас прыгожы святочны вянок на дзверы і шмат зрабіла для дасягнення нашай агульнай мэты. Вельмі было прыемна, што на нашу аб’яву аб мерапрыемстве ў інтэрнэце адгукнулася Яна Гудзілава і падрыхтавала сапраўдную калядную казку, якую асабліва ўпадабалі дзеткі, якія прыходзілі на мерапрыемства – ім вельмі хацелася зрабіць фотаздымкі сярод Яніных белых зорачак і бліскучых святочных падарункаў.

Гасцей мерапрыемства здымалі амаль усе фатографы, чые работы былі прадстаўлены на выставе, а дакладна: Павел Савіцкі, Юлія Маркоўская, Юлія Шлапкова, Валерый Шуцілаў, Арцём Варанко, Анастасія Скулкова, Алёна Касачова, Ігнат Памазкоў, Інга Гарановіч, Вольга Давыдава.

На самай справе, гэта не ўсе фатографы нашага горада – іх шмат больш! Удзельнічалі ў выставе тыя, хто зацікавіўся нашай аб’явай і прынёс свае здымкі. Вялікі дзякуй, што знайшлі час і магчымасць прыняць удзел у нашым мерапрыемстве!

Дзіцячым кутком займалася я: мы з дзеткамі майстравалі паштоўкі, пісалі лісты Дзеду Марозу, малявалі. Вельмі радавалі мяне бацькі дзетак, якія таксама ахвотна ўдзельнічалі ў нашых забавах. Таксама дапамагалі мне дзяўчынкі-мастачкі: Мілена Куянава, Марыя Францкевіч і Анастасія Суднік. Яны рабілі ўсім жадаючым аквагрым (а жадаючых было вельмі шмат!). Калі дзяўчаты зусім стаміліся, на дапамогу прыйшоў Валерый Шуцілаў (ён і напярэдадні нам шмат дапамагаў, калі мы мацавалі ўвесь дэкор). Даражэнькія, вялікі вам дзякуй!

Майстроў было не вельмі многа, бо ў той жа дзень у Мінску праходзіла выстава-продаж «Млын», але тыя, хто вырашыў прыняць удзел, бясспрэчна парадавалі прысутных сваімі вырабамі. У выставе прымалі ўдзел: Святлана Пляскач (скрапбукінг), Андрэй Бурачэўскі (вырабы з дрэва), Ганна Ганісеўская (выраб упрыгажэнняў), Вера Яўгеньеўна (на жаль, не можам знайсці прозвішча – дэкупаж), майстэрня Babajkas (скрапбукінг). Дзякуй, што вырашылі падтрымаць наша мерапрыемства!

Хацелася б падзякаваць Марыі Маркоўскай за смачную каву, якой яна нас частавала, пакуль яе матуля Юлія рабіла здымкі для прысутных.

Вялікая падзяка Але Анатольеўне Сушч, якая паверыла ў нас і дазволіла арганізаваць усё ў памяшканні ДУ «Стаўбцоўскі РЦК». І таксама вялікі дзякуй Паліне Праскура, якая працуе ў нашым Цэнтры культуры і якой мы часам пасярод ночы дурылі галаву нашымі ідэямі.

Таксама хацелася б падзякаваць маёй стрыечнай сястры Сабіне Алімпіевай, якая рабіла для нас афішу і білецікі (яна не са Стоўбцаў, але я абавязкова адпраўлю ёй экзэмпляр «Праменя» з падзякай і вялікую смачную шакаладку).

Асамы-самы вялікі і прыгожы дзякуй няхай будзе ўсім тым гасцям, якія завіталі на наша мерапрыемства, і нашым сем’ям, якія мужна цярпелі часам адсутнасць вячэры, раскіданыя паперкі па ўсіх пакоях, нашу нястрыманасць, калі нешта не атрымлівалася так, як было задумана, і дапамагалі чым маглі.

Не чакайце цудаў! Стварайце цуды самі!

Вера КРАМКО

Фота Паўла САВІЦКАГА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *