Попыт і на каўбасы, і на кансервы

Нумары У перапрацоўшчыкаў

image_pdfimage_print

ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» адгрузіў летась на экспарт на 19,4 мільёна долараў ЗША сваёй прадукцыі.

Парадавалі перапрацоўшчыкаў не толькі экспартныя пастаўкі, а і іншыя паказчыкі вытворчай дзейнасці. У 2016 годзе перапрацавана, як зазначыла галоўны эканаміст прадпрыемства Алена Бузуноўская, амаль 16 тысяч тон сыравіны, з якой выраблена 9564 тоны мяса і субпрадуктаў, 1259 тон каўбасных вырабаў, 936 тон паўфабрыкатаў, 367 тон паштэтаў і кансерваў. Каб не губляць пакупніцкі попыт і прыбытковасць, спецыялісты камбіната няўхільна працуюць над новымі відамі прадукцыі.

Гэта, дарэчы, красамоўна пацвердзіў і ўдзел у 22-й Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выстаўцы-кірмашы «Прадэкспа-2016», што ладзілася ў Мінску ў лістападзе мінулага года. Нагадаем, што на працягу ўсіх чатырох дзён, пакуль працавала выстаўка-кірмаш, была магчымасць прадэгусціраваць прадукцыю Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната фактычна ў поўным асартыменце – ад каўбасных вырабаў да паштэтаў і кансерваў. Таксама былі сярод іх і навінкі – «Окорочок деревенский», «Колбаски пикантные», а таксама выраб з субпрадукту – «Сердце с овощами в желе аппетитное». Менавіта апошні з названых прадуктаў, дзякуючы спалучэнню варанага ялавічнага сэрца і морквы, кукурузы і гарошку, спецый і жэлаціну, прыўнёс навізну ў смак, чым прымусіў наведвальнікаў затрымацца ля вітрыны стаўбцоўскіх мясаперапрацоўшчыкаў. А сярод гасцей гэтай прэстыжнай традыцыйнай выстаўкі-кірмашу было нямала прадстаўнікоў з Масквы і Маскоўскай вобласці, іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.

На розных выстаўках і дэгустацыях адметнасцю камбіната па-ранейшаму застаюцца «Флякі па-стаўбцоўску», якія выпускаюцца ў асартыменце. Гурманы, бываючы ў нашым горадзе, абавязкова набываюць гэтыя кансервы-далікатэсы ў фірменных магазінах прадпрыемства. Участак па вытворчасці і ўпакоўцы паштэтаў і мясных кансерваў – адзін з самых маладых на камбінаце. На ім падабраўся і кваліфікаваны кадравы састаў, пераважна з ліку моладзі. Прыклад у рабоце паказваюць Таццяна Сабалеўская, Юлія Курыльчык, Віталь Луферчык, Таццяна Заварына, Марына Дзядзейка і іншыя. Усе стараюцца выконваць і перавыконваць планавыя заданні. На ўчастку па вытворчасці каўбасных вырабаў і мясных паўфабрыкатаў асвоена больш за сто відаў каўбасных вырабаў, прыкладна столькі ж – паўфабрыкатаў. Адметна, што кожная дзясятая назва ў асартыменце «нарадзілася» акурат у мінулым годзе.    

За стабільна высокімі паказчыкамі і ў цэлым за сучасным іміджам прадпрыемства стаіць напружаная праца ўсяго калектыву – ад рабочага да дырэктара. Ініцыятывы кіраўніка Рамуальды Бурдукевіч даюць штуршок ісці наперад, развівацца, выконваць усё больш складаныя задачы. Вазьмі любога з перапрацоўшчыкаў і ўбачыш, што на камбінаце няма «лёгкага хлеба» і працаваць прыходзіцца не складаючы рук. А яшчэ – на вытворчых участках граматна падабраныя кадры, паступова ідзе іх амаладжэнне.

«І працавалі, і эканомілі на працягу мінулага года», – падкрэсліваюць у эканамічнай службе, маючы на ўвазе тое, што прадпрыемства нацэлена ўкласці заробленыя сродкі ў рэалізацыю важнага, жыццёва неабходнага праекта, звязанага з далейшай перспектывай, – у будаўніцтва новага цэха па вырабе сыравэнджаных і сыравяленых каўбас. Пакуль вядзецца нябачная, але такая няпростая і скрупулёзная «дакументальная» работа. На даны момант адносна мяркуемага аб’екта засталося атрымаць ад экспертаў экалагічную ацэнку.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *