Навука маладых натхняе

Год навукі Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Абвяшчэнне ў Беларусі гадоў адметнымі, прыярытэтнымі ў тым ці іншым накірунку – выдатная традыцыя. Яна дазваляе звярнуць больш пільную ўвагу як на канкрэтныя пытанні, так і на праблемы пэўных сфер дзейнасці.

Год навукі – гэта гучыць і паўнаважна, і вельмі аб’ёмна. І як адзначыў Прэзідэнт падчас нядаўняга наведвання Стаўбцоўшчыны, гэты год пажадана правесці больш плённа, чым мінулы Год культуры. Каб, як падкрэслена ў прэзідэнцкім указе, павышалася роля навукі ў выкананні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стварэння спрыяльных умоў для захавання і развіцця навуковага патэнцыялу, фарміравання міжнароднага іміджу Беларусі як краіны з высокім узроўнем інтэлектуальнага і чалавечага патэнцыялу.

Аўтарытэт нашай краіны ў развіцці навукі важкі. Навуковая дзейнасць надзвычай шматгранная. Возьмем напачатку самае высокае, што сягае да бязмежнага Сусвету. Беларусь – адна з нямногіх краін, дзе сфарміравалася нацыянальная касмічная галіна. Сёння яна прадстаўлена тэлекамунікацыйным спадарожнікам «Белінтэрстат» і касмічным апаратам дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі БКА-1.

Згодна з апошняй інфармацыяй, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі пачне ў 2017 годзе выраб спадарожніка БКА-2, эксплуатацыя якога дасць магчымасць ствараць тапаграфічныя навігацыйныя карты высокай дакладнасці.

Апаратура беларускіх вучоных устаноўлена на міжнароднай касмічнай станцыі. Асваенне Космасу – не толькі прэстыж краіны, але і забеспячэнне значнага эканамічнага эфекту.

Пра навуку можна гаварыць бясконца, спасылаючыся на факты з інтэрнэту, СМІ. Дарэчы, звесткі таўшчэзных энцыклапедый, прытым самыя новыя, можна пачэрпнуць сёння, трымаючы ў руках і кішэнны смартфон. Але журналісту лепш спасылацца на асабістыя ўражанні.

Памятаецца, як Л. І. Сіткевіч, наш настаўнік хіміі ў першай гарадской школе, што стала цяпер гімназіяй, павёз групу сваіх вучняў у сталіцу на абласную прадметную алімпіяду. Які рэферат я там абараняў, ужо і не памятаю. А вось экскурсія, якую правёў Леанід Іосіфавіч у кабінетах Дзяржаўнага ўніверсітэта, найбольш уразіла. Канкрэтна знаёмства з «думаючай апаратурай» – электронна-вылічальнымі машынамі, у распрацоўцы якіх і ўдзельнічалі ўніверсітэцкія дактары і кандыдаты навук. Менавіта апаратурай, размешчанай у тых аб’ёмных шафах, як даводзіў настаўнік, рашаюцца задачы любой складанасці, выдаецца дакладная інфармацыя. Я, як і сябры, «пажыральнік» прыгодніцкіх, фантастычных аповесцяў і апавяданняў, увачавідкі напаткаў сапраўдную фантастыку. Гады бягуць. Для нашых дзяцей сталі ўжо звыклымі і для работы, і для інтэлектуальнага адпачынку тыя ж камп’ютары, ноўтбукі, планшэты. А «мабільнік» ці смартфон, розныя гаджэты – кішэнныя памочнікі ледзьве не для кожнага.

Імя заслужанага настаўніка Беларусі Л. І. Сіткевіча зноў з пашанаю згадваю. Менавіта ён даў пуцёўку ў навуку многім стаўбчанам. Дакладна ведаю: адзін, а, відаць, і больш яго выхаванцаў задзейнічаны і ў згаданай вышэй Касмічнай праграме Беларусі (па зразумелых матывах не ўсе навукоўцы, занятыя ў распрацоўцы арыгінальных ідэй і ў пэўных напрамках, афішуюць аб сваёй дзейнасці). А практычна ў кожнай школе працавалі і працуюць людзі, якім званне на ўсё жыццё і ў памяці – Настаўнік з вялікай літары. З гарадскіх, вясковых школ прага да ведаў і іскра пазнання, запаленая Педагогамі, прыводзіць таленавітых да навуковай дзейнасці. Далейшая ж прыступка пасля школы – ВНУ. Дык вось зноў пра Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які згодна з міжнародным рэйтынгам заняў месца ў пятай сотні ўніверсітэтаў свету. Гэта не далёкая пазіцыя, бо сёння ўсяго налічваецца больш за 30 тысяч універсітэцкіх вышэйшых навучальных устаноў. А сярод універсітэтаў краін СНД наш БДУ ў тройцы мацнейшых услед за МДУ імя Ламаносава і Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам. Навуковыя распрацоўкі ўвасабляюцца ў практычныя вынікі. Усё гэта прысутна альма-матар, дзе вядуць педагагічную і навуковую дзейнасць і нашы землякі.

Увогуле ж наша Стаўбцоўшчына славіцца імёнамі, знакамітымі не толькі ў літаратурнай творчасці, але і ў навуковых адкрыццях. Перагортваем старонкі кнігі «Памяць». І. У. Гаўрылаў, які нарадзіўся ў Рубяжэвічах, аўтар каталогаў бачнага боку Месяца. А. М. Бельскі, родам з Ячонкі, распрацоўваў фізічныя праблемы оптыкі светлавых пучкоў. Лазерная фізіка – прадмет даследаванняў Б. Б. Віленчыца, ураджэнца вёскі Казейкі. Работы В. Б. Кавалеўскага, ураджэнца Рубяжэвічаў, далі штуршок развіццю сучаснай металургіі. Нейронаграфічнымі даследаваннямі, праблемамі фізікі магнітных матэрыялаў займаўся Г. І. Макавецкі, радзіма якога – Гавязна (цяпер Навапольцы).

Зноў жа, магу сказаць, пашчасціла з групай журналістаў наведаць Цэнтр аўтаматызацыі сельскагаспадарчай вытворчасці і там паслухаць цікавы расказ доктара тэхнічных навук І. П. Ксяневіча аб практычнай распрацоўцы навінак высокапрадукцыйнай тэхнікі, з якой найбольш вядомыя мадыфікацыі трактароў «Беларус». Знакаміты вучоны – родам з Мікалаеўшчыны! І праз гады, дакладней летась, падчас работы Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, пабываў на міжнароднай выстаўцы «Белагра-2016». Магутныя МАЗы, «Беларусы», дзе толькі колы на ўзровень росту чалавека, а грузападымальнасць – сотні тон. Гэта наша беларуская марка, за якой – інтэлектуальная праца, ідэі нашых навукоўцаў.

Удзячным было б прасачыць, у якіх навукова-даследчых цэнтрах працуюць сёння выпускнікі школ Стаўбцоўшчыны. Скажам, у Акадэміі навук, таксама прызнанай цытадэлі міжнароднага навуковага працэсу. Магчыма, і ў Парку высокіх тэхналогій, беларускай «Сіліконавай даліне». Журналісцкі ўсенавуч падчас праходжання курсаў павышэння кваліфікацыі даў магчымасць наведаць і гэтую таямнічую «даліну інтэлектуалаў». З выгляду звычайны гарадскі корпус, кабінеты, дзе людзі засяроджана працуюць за камп’ютарамі. А потым для нас, «чайнікаў» – лекцыя з дэманстрацыяй на экране пуцявін, дзе запатрабаваны праграмныя распрацоўкі беларускіх навукоўцаў. Стрэлкі-ўказальнікі сягаюць да ўсіх кантынентаў, акрамя, зразумела, Антарктыды. ЗША, Вялікабрытанія, Германія… І далей можна весці пералік краін, па заказах якіх працуе наша эліта праграмістаў. Беларусь – краіна інтэлектуалаў, і ў гэтым наша аптымістычная перспектыва. Адкрыцці, шчыраванне вучоных – найперш для росквіту, магутнасці Айчыны. На гэта накіравана і праграма заснавання Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», рэалізацыя якой патрабуе інтэлектуальных сіл, творчасці, ініцыятывы.

Смялей, маладыя! Таленавітым, настойлівым адкрыты дзверы ў вялікую навуку. Безумоўна, гэта патрабуе ўпартай працы, мэтанакіраванасці, каб не адступаць перад цяжкасцямі. І шчаслівага лёсу для маладых – дасягнуць краіны ведаў пад кіраўніцтвам выдатных педагогаў.

«Науки юношей питают», – крылатыя словы Міхаіла Ламаносава.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *