Што кажа прырода

Нумары Панямонь Стаўбцоўшчына - родны край

Вучні Мікалаеўшчынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы імя Якуба Коласа з 2004 года з’яўляюцца сябрамі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». АПБ створана ў 1998 годзе. Яна з’яўляецца эксклюзіўным партнёрам сусветнай прыродаахоўнай асацыяцыі ў нашай краіне, місія якой – выратаванне дзікай прыроды Беларусі. У межах АПБ існуюць 145 клубаў «Крылаты дазор», адзін з іх створаны ў нашай установе адукацыі. У састаў групы ўваходзяць вучні 6-11 класаў, якія прымаюць удзел у штогадовых акцыях АПБ.

917 подпісаў беларусаў у 2016 годзе «паляцелі» ў Ліван услед за нашымі шэрымі жураўлямі, белымі бусламі і іншымі птушкамі. Падчас іх міграцыі жыхары гэтай краіны дзеля задавальнення забіваюць больш за мільён птушак штогод. Навучэнцы Мікалаеўшчынскай установы адукацыі сваімі подпісамі, якіх было амаль 100, сказалі «Не!» забойству птушак падчас міграцыі. Мы спадзяёмся, што з дапамогай подпісаў захаваем птушак.  

Штогод мы прымаем удзел у акцыі «Птушкі на кармушцы». Вучні асабліва любяць рабіць кармушкі з падручных сродкаў. Самы актыўны ўдзел па вырабе кармушак у гэтым годзе прынялі шасцікласнікі. 22 вучні ўстановы адукацыі прынеслі свае даведкі-назіранні за птушкамі, якія наведалі зробленыя імі кармушкі. Вызначыліся ў гэтай справе вучні восьмага класа, якія наведваюць факультатыўныя заняткі па біялогіі «Дзіўны свет жывёл і іх ахова».

Пачалі ўлік вадаплаўных птушак, таксама згодна з акцыяй АПБ. Праводзім гэты падлік кожны год, матэрыялы ўсіх даследаванняў адпраўляем на сайт або ў сакратарыят АПБ. Прынялі ўдзел у зборы інфармацыі аб гнёздах ластавак-зямлянак, чые норкі можна сустрэць на абрывістых берагах рэк, азёр, а таксама ў кар’ерах.  

Акцыя «Улік каланіяльных птушак» доўжыцца да канца лютага 2017 года. Гнёзды калоніі можна падлічыць зімой. На 2020 год запланаваны выпуск Атласа гняздуючых птушак Еўропы, куды і ўвойдуць даныя з Беларусі. Ганарымся, што вынікі нашай агульнай працы будуць прадстаўлены ў такім значным маштабе. Заклікаем усіх жадаючых падлічыць птушак разам! Інфармацыю трэба паслаць на сайт АПБ.

Наперадзе конкурс плакатаў «Добры воўк» у межах праграмы падтрымкі запаведнасці Белавежскай пушчы. З 2013 года ў Белавежскай пушчы пачаўся вялікі прыродаахоўны праект. Адна з частак праекта – вывучэнне ваўкоў. Унікальныя даследаванні з найноўшым абсталяваннем даказалі: воўк – жывёла вышэйшага ўзроўню. Ваўкі ўплываюць на іншых жывёлін і робяць прыроду Беларусі такой, якой мы палюбілі яе з маленства.

Сутнасць конкурсу: намаляваць ваўкоў такімі, якія яны ёсць. Не адмоўнымі героямі казак і не выкрадальнікамі цялят, а справядлівымі гаспадарамі лясоў, таму што прырода жыве па сваіх законах. На плакаце будзе заклік у падтрымку нашага добрага ваўка. Не ўсе дарослыя вераць у добрых ваўкоў. Некаторыя з іх не выпускаюць з рук стрэльбаў. Няхай дарослыя паслухаюць дзяцей, якія лепш за іх засвоілі, што ў прыродзе няма шкодных жывёлін: кожная частка прыроды патрэбная і важная. І калі знікае адна – могуць знікнуць і іншыя. Таму партнёры прыродаахоўнага праекта АПБ і Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія) і аб’явілі прыродаахоўны конкурс «Добры воўк». Дык захаваем ваўкоў творчасцю!

Ніна УРАДАВА,настаўніца біялогіі ДУА «Мікалаеўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Якуба Коласа»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *