Шэсць дзён цудаў

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

У час зімовых канікул у Старасвержанскай сярэдняй школе працаваў аздараўленчы лагер «Зімовая казка». Шэсць дзён у лагеры – гэта шэсць дзён цудаў, прыгажосці, чараўніцтва і цікавых спраў. Спартыўныя эстафеты, спаборніцтвы «Вясёлы мяч», «Трапныя стралкі», «Гульні цётачкі Зімы», шашачны турнір паказалі, што ў нашай школе вучацца зацікаўленыя, дружныя, смелыя і вясёлыя дзеці. Я і мае сябры малявалі «зімовыя сны», прымалі актыўны ўдзел у майстар-класах «Калядны сувенір», «Тайны навагодніх цацак», «Марозныя ўзоры», «Навагодняя паштоўка» і сталі, дзякуючы Наталлі Валер’еўне Грыцэнка і Ганне Мікалаеўне Баўдзей, сапраўднымі майстрамі па квілінгу і выцінанцы.

Навагоднія дыскатэкі разам з Дзедам Марозам і Снягуркай, вандроўка ў «Краіну добрых учынкаў» дапамаглі нам паверыць, што цуды ёсць, што дабро заўсёды перамагае зло, што школа – гэта востраў, дзе здзяйсняюцца мары. Мінуткі здароўя і бяспекі былі цікавымі і пазнавальнымі. Мы не забывалі і пра птушак: кожны дзень падсыпалі зярняткі ў кармушкі, якія вісяць на дрэвах у нашым школьным садзе.

Нам не хацелася ісці дамоў, але нас радавала думка аб тым, што заўтра зноў вернемся ў цудоўную «Зімовую казку», якую стварылі для нас настаўнікі нашай школы.

Кацярына ДЗЕМІДОВІЧ, вучаніца Старасвержанскай сярэдняй школы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *