Прэмія за клопат пра Курган Славы

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўдастоена высокай узнагароды – прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Гэта стала нагодай для інтэрв’ю са старшынёю раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Юрыем Ларычэвым.

–             Юрый Іванавіч, дзейнасць Федэрацыі прафсаюзаў у якім накірунку атрымала такую высокую дзяржаўную ацэнку?

–           Прэмія Прэзідэнта прысуджана за шэраг праектаў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне грамадзян, у тым ліку моладзі. У 2015 годзе Федэрацыя прыступіла да работы па маштабнай рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». Гэта найвялікшы сімвал Вялікай Перамогі, сімвал адзінства брацкіх народаў. Вельмі важна і паказальна, што ў рэканструкцыі гэтага мемарыяльнага комплексу прынялі ўдзел жыхары ўсёй нашай краіны – сваім асабістым удзелам, ахвяраваннямі, пералічанымі на дабрачынны рахунак. Дзякуючы гэтаму новы воблік Курган Славы набыў у маі 2015 года – да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Ён набыў велічнасць, заззяў агнямі ілюмінацый. У ходзе рэканструкцыі быў заменены травяны пакроў, адрамантаваны прыступкі, устаноўлена сучасная маштабная падсветка. Яна выканана з прымяненнем самых перадавых тэхналогій. А да святкавання 71-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Федэрацыя прафсаюзаў паклапацілася, каб святло на мемарыяле ніколі не гасла.

На гэтым добраўпарадкаванне мемарыяла не спыняецца. У планах Федэрацыі – правесці работы па пошуку страчанай баявой тэхнікі. Знойдзеныя экспанаты будуць адрэстаўрыраваны і выстаўлены ля падножжа Кургана – з’явіцца музей пад адкрытым небам. Варта сказаць аб тым, што Курган Славы – не адзіны аб’ект, над якім узялі шэфства прафсаюзы. У кожнай вобласці вызначаны знакавыя мемарыялы, на добраўпарадкаванне якіх будуць накіраваны ініцыятывы і старанні прафсаюзаў.

–             Як бачыцца гэтая дзейнасць у межах нашага раёна?

–          Раённае аб’яднанне Федэрацыі прафсаюзаў таксама будуе сваю дзейнасць па развіцці нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму, павагі да гісторыі, культуры і традыцый роднага краю. У нашым раёне налічваецца 75 помнікаў воінскай славы, мемарыялаў, адзінокіх і брацкіх магіл. Рашэннем райвыканкама ад 31 мая 2016 года ўсе помнікі і памятныя знакі замацаваны за суб’ектамі гаспадарання раёна. У мінулым годзе былі праведзены работы па добраўпарадкаванні мемарыяльных комплексаў. Абноўлены надпісы, прыбрана прылеглая тэрыторыя, адрамантаваны і пафарбаваны агароджанні, надмагіллі, пасаджаны кветкі. На некаторых воінскіх пахаваннях устаноўлены помнікі. Далейшая работа ў гэтым накірунку дастойная таго, каб ажывіць ініцыятывы і дзейнасць пярвічных прафсаюзных арганізацый. І мы будзем гэтаму садзейнічаць.

–           У якім складзе пачынае новы год раённае аб’яднанне Федэрацыі прафсаюзаў?

–        У нашым раёне дзейнічаюць 118 прафсаюзных арганізацый і 11 цэхгруп, якія аб’яднаны ў 14 галіновых прафсаюзаў. Членамі прафсаюзаў з’яўляюцца 13 077 чалавек, у тым ліку 2225 – моладзь ва ўзросце да 31 года. Самыя буйныя пярвічныя арганізацыі на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, у цэнтральнай раённай бальніцы, Стаўбцоўскіх электрычных сетках, райспажыўтаварыстве, аб’яднанні камунальных службаў. У бягучым годзе раённае аб’яднанне прафсаюзаў плануе актывізаваць дзейнасць пярвічак аб’яўленнем конкурсу на лепшую прафсаюзную арганізацыю.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: старшыня раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Юрый Ларычэў уручае дыплом педагогу Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ганне Мартыненка за актыўны ўдзел у конкурсе «Новыя імёны».

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *