Канверт з пошты

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

За жыццё стаўбчанцы Ганне Мацкевіч сустракалася вялікая колькасць самых розных канвертаў і паштовых адпраўленняў, але гэты, нядаўні канверт з раённага вузла паштовай сувязі, аказаўся асаблівым, сімвалічным, які шмат аб чым сказаў. У першую чаргу аб тым, што ў калектыве паштавікоў раёна яе помняць і цэняць. А гэта сапраўды дарагога каштуе. Тым больш, у Ганны Міхайлаўны за некалькі дзён да Новага года здарылася асабістае свята – 85-гадовы юбілей. З віншаваннямі і букетам да імянінніцы прыйшлі начальнік раённага вузла паштовай сувязі Раіса Шыдлоўская і намеснік Марына Петух, старшыня пярвічнай арганізацыі ветэранаў паштовай сувязі Вера Уладзіміраўна Котава і яе незаменны памочнік Вера Бярнардаўна Кожыч.

– З раённым вузлом паштовай сувязі ў нас наладжана цеснае супрацоўніцтва, ад яго мы адчуваем фінансавую падтрымку, – падкрэслівае Вера Кожыч. – Дзякуючы гэтаму арганізуем віншаванні былых паштовых работнікаў са значнымі жыццёвымі датамі. На працягу 2016 года мы пабывалі з віншаваннямі дома амаль у двух дзясяткаў чалавек! Прыемна бачыць, як людзі ва ўзросце ўспрымаюць падобныя знакі ўвагі. Традыцыя віншаванняў паспяхова прыжылася ў дзейнасці раённай ветэранскай арганізацыі, і мы, беручы з яе прыклад, таксама ўкараняем гэта ў сябе з першых дзён стварэння «пярвічкі».

Ганну Мацкевіч, да слова, добра ведаюць не толькі на пошце. Былога брыгадзіра паштальёнаў памятаюць і старэйшыя пакаленні стаўбчан. У горадзе ў яе было пяць даставачных участкаў, і кожны з іх яна вывучыла як свае пяць пальцаў, на любым з іх магла замяніць калегу. І сёння не перастаеш здзіўляцца яе працавітасці, таму што на адных яе жаночых руках засталося, калі не стала мужа, і чацвёра малых дзяцей… Усіх выгадавала. Сёння сын са сваёю сям’ёю жыве побач са старэнькай маці і ва ўсім дапамагае ёй. А яна, як і раней, выпісвае і чытае нашу раённую газету, цікавіцца справамі ў рэспубліцы і ў сваім раёне, не забывае калег, думае пра заўтрашні дзень. Здароўя вам і яшчэ доўгіх гадоў жыцця, шаноўная Ганна Міхайлаўна!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *