Пераадолець агонь

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Нумары РАНС інфармуе

Пажарныя з аварыйна-выратавальнага паста № 12, што ў вёсцы Старына, – барацьбіты з агнём са стажам. Тэрыторыя, якую яны абслугоўваюць, ахоплівае населеныя пункты адразу двух сельсаветаў – Шашкоўскага і Рубяжэвіцкага, аднак з кожным домаўладаннем ды яго гаспадарамі яны добра пазнаёміліся падчас падворных абходаў і іншых прафілактычных мерапрыемстваў.

– Вялікі радыус гэтай тэрыторыі і практычна ўвесь жылы сектар – з пячным ацяпленнем. Адпаведна, і выездаў па сігналах тут шмат, – падкрэслівае асаблівасці работы гэтага паста намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Герасіменка, разам з якім мы завіталі ў старынскае падраздзяленне.

На пасту сустракае начальнік і старажыл з больш чым 20-гадовым стажам службы Віктар Камейша. У яго і грамадскіх абавязкаў дастаткова: дэпутат Шашкоўскага сельскага Савета, член савета грамадскага пункта аховы правапарадку пры сельвыканкаме. Віктар Францавіч удакладняе: «Пры тым, што ў цэлым колькасць пажараў год ад году змяншаецца, летась супрацоўнікі паста тушылі 23 пажары (яшчэ каля паўсотні выездаў звязана з тушэннем смецця і аказаннем дапамогі ў розных надзвычайных сітуацыях)».

Адзін з пажараў, які здарыўся літаральна ў першыя мінуты 2016 года, забраў жыцці двух чалавек. Высвятляецца, што той трагічнай ноччу дзяжурыў нарад у складзе камандзіра аддзялення Алега Самахвала і вадзіцеля Генадзя Маліноўскага. На баявым пасту ён якраз і пры сустрэчы. Генадзь – выратавальнік з вопытам, пабачыць убачыць гібель чалавека?» – задаём ім пытанне. І чуем у адказ прыкладна такое: «Гэта паглядзець на ўсё іншымі вачыма».

– Маё першае «хрышчэнне» звязана з пажарам у Беліцы, непадалёку ад Дзераўной, – падзяліўся Алег Самахвал. – Тады таксама гарэў дом. На пажары загінула жанчына… Яе сын вярнуўся з гасцей і ўбачыў, што ў яго няма ні маці, ні дома, сеў ля папялішча на лаўку і не змог узняцца…

Да пажару, калі на вачах нішчыцца нажытае, а, тым больш, да чалавечай гібелі прывыкнуць немагчыма. «Трэба выгаварыцца, каб зняць стрэс, – лічыць начальнік паста і дадае: – Мы праводзім гутарку ў сваім калектыве пасля кожнага пажару. Ён у нас невялікі і дружны, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці райаддзела». Віктар Камейша, дарэчы, перыядычна наведваецца ў сем’і сваіх супрацоўнікаў, гутарыць з жонкамі і бацькамі. Валодаючы рознабаковай інфармацыяй, ён засяроджвае ўвагу і на іншых «нерабочых» момантах.

Так, амаль палову старынскага паста складаюць шматдзетныя бацькі. Больш таго, ёсць цэлы шматдзетны нарад – у складзе камандзіра аддзялення Паўла Александровіча і вадзіцеля Аляксандра Гілейшы. Павел, нягледзячы на клапатлівую ролю бацькі вялікага сямейства, у 2014 годзе завочна скончыў Камандна-інжынерны інстытут. А яго напарнік Аляксандр са сваёй сям’ёй годна прадставіў наш раён у конкурсе шматдзетных сем’яў сярод падраздзяленняў МНС Мінскай вобласці. Трое дзяцей і ў сям’і Генадзя Маліноўскага. Усе разам яны любяць збіраць грыбы, ягады. А яшчэ Генадзь – заўзяты рыбак, знаўца ўсіх азёраў раёна.

Добрыя сем’і і ў камандзіра аддзялення Віталя Грыбоўскага, вадзіцеля Анатоля Сечкі. У маладога супрацоўніка Алега Самахвала ўласная сям’я пакуль у планах, затое мама і тата праяўляюць вялікую цікавасць да лёсу адзінага сына. Святлана Міхайлаўна і Аляксандр Аляксандравіч на першым часе яго службы прыехалі са Стоўбцаў на пост у Старыну, каб убачыць усё сваімі вачыма. У размове з начальнікам паста яны падзяліліся, што засталіся задаволенымі. Ды і сын іх малайчына – наведвае трэнажорную залу, займаецца веласпортам і разам з сябрамі абкалясіў наш раён і ўжо збіраецца ў велапаездкі за межы Стаўбцоўшчыны. Такое Алегава захапленне выклікае ў мамы, якая выхоўвае ў школьнікаў на ўроках роднай мовы і літаратуры любоў да малой радзімы, пачуццё гордасці за сына.

Усе супрацоўнікі паста, між іншым, наведваюць басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу – ім выдаецца абанемент па лініі райаддзела.

Асобная размова – пра ветэрана пажарнай службы Вячаслава Радзіона, які ў свой час таксама нёс службу на старынскім пасту. Па слядах бацькі пайшла і яго дачка Надзея, якая ў гэтым годзе заканчвае ўніверсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. А яшчэ, як зазначае Віктар Камейша, на старынскім пасту «выраслі» два начальнікі для іншых пастоў – Генадзь Бець (у Дзераўной, ужо выйшаў у адстаўку) і Сяргей Пяткевіч (у Скамарошках).    

…Змена кругласутачнага дзяжурства ў выратавальнікаў пачынаецца ў 07.50. Развод суправаджае давядзенне сутачнай зводкі аб пажарах і надзвычайных здарэннях. Калі адсутнічаюць трывожныя паведамленні, выратавальнікі займаюцца на працягу змены практычнай адпрацоўкай нарматываў, фізічнай падрыхтоўкай. Іх тыпавы будынак, узведзены ў 80-х гадах, цяпер упрыгожвае навагодняя ёлачка. У ім прадугледжаны пакоі для адпачынку і прыёму ежы, гардэроб, спартыўны куток (яшчэ адзін – на вуліцы). За апошнія гады выратавальнікі абсталявалі сваімі сіламі санвузлы, душавую.

Да выезду гатовы два аўтамабілі ЗіЛ, укамплектаваныя ўсім неабходным. Адзін з іх прайшоў мадэрнізацыю на базе рамонтна-аднаўленчай часці. Другі – павышанай праходнасці, таму прыдатны для эксплуатацыі ў зімовых умовах, у летні перыяд – для дзяжурства ў полі каля камбайнаў. У верасні мінулага года ўсе выратавальнікі старынскага паста вытрымалі залік перад камісіяй МНС з адзнакай «добра».

НА ЗДЫМКАХ: перад пачаткам дзяжурства (злева направа): Алег Самахвал, Генадзь Маліноўскі і Віктар Самахвал (начальнік паста); у пажарнай часці горада: маладых супрацоўнікаў, пажарнага Аляксандра Казлова і вадзіцеля Сяргея Стаяновіча, інструкціруе начальнік пажарнага каравула Вадзім Грахольскі (у цэнтры).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *