З задачай – дайсці да кожнага

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын звяртае ўвагу на асноўную задачу – дайсці да кожнага жыхара раёна, каб паўплываць на яго свядомасць і культуру бяспечнай жыццядзейнасці.

Паўсядзённай практыкай сталі падворныя абходы жылога сектара, сельскія сходы, сустрэчы ў працоўных калектывах, на якіх уручаюцца лістоўкі і памяткі. У цэнтры прафілактычнай работы, якая праводзіцца ў тым ліку і сумесна з пракуратурай раёна, райаддзелам міліцыі і іншымі суб’ектамі прафілактыкі, – дзеці, састарэлыя, старасты сельскіх населеных пунктаў, шматдзетныя і іншыя сем’і. Тыя, хто актыўна дапамагае выратавальнікам, не застаюцца незаўважанымі. Невыпадкова, што на сходзе, на якім падводзіліся вынікі работы райаддзела за 2016 год, называлі імёны дырэктара Дзераўнянскай школы Марыі Шумчык, загадчыцы Шашкоўскага дзіцячага сада Наталлі Лукша, педагога-арганізатара Шашкоўскай школы Лідзіі Мазуркевіч, жыхара Новага Свержаня Юрыя Віленчыца і іншых. Іх заахвоцілі падзякамі і граматамі з грашовым узнагароджаннем, якое выдзеліў раённы выканаўчы камітэт па хадайніцтве райаддзела.

– Валерый Валянцінавіч, узровень пажараў год ад году змяншаецца?

– Так. У 2016 годзе зарэгістраваны 42 пажары, – на пяць менш, чым у 2015-м. Аднак назіраецца рост гібелі да пяці чалавек (у 2015 – чатыры), у тым ліку аднаго дзіцяці. Асноўная прычына вогненных здарэнняў – неасцярожнае абыходжанне з агнём, у прыватнасці пры курэнні, а таксама няспраўныя пячное ацяпленне і электраправодка. У сувязі з маразамі звернута асаблівая ўвага на захаванне правілаў пажарнай бяспекі ў кацельнях. Абстаноўка ў раёне застаецца спакойнай.

Калектыў выратавальнікаў працуе з разуменнем пастаўленых задач, састаў яго стабільны, не мае цякучасці. Свае вынікі павышаем і ў спорце. У нас – Кубак раёна па міні-футболе. Андрэй Арлоўскі і Віктар Карповіч увайшлі ў склад зборнай абласнога ўпраўлення МНС па лыжных гонках, Вадзім Уставіч і Аляксандр Крамко – у склад такой жа зборнай па міні-футболе.      

– Упор у пажарна-прафілактычнай рабоце зроблены на моладзь. Якія цікавыя формы работы з ёй прапануеце ў 2017 годзе?

– Турзлёты, конкурсы, брэйн-рынгі, школа бяспекі – гэта ўсё працягнецца. Вялікі дзякуй настаўнікам школ раёна за падрыхтоўку дзяцей, якія добра выступаюць на ўзроўні раёна і вобласці. Яны ж ажыццяўляюць асноўны кантроль за сем’ямі, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным. Плануем стварыць на базе райаддзела мініцэнтр пажарнай бяспекі. Будзем мадэліраваць розныя надзвычайныя сітуацыі і вучыць дзяцей дзеянням пры іх. Спадзяёмся на падтрымку раённага выканаўчага камітэта, аддзела адукацыі, спорту і турызму, цэнтральнай раённай бальніцы, іншых арганізацый. Мяркуем стварыць сярод школьнікаў каманду па выратаванні на водах.

Лялечны тэатр «Батлейка» з Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў, які падрыхтаваў для абласнога агляду-конкурсу прадстаўленне на супрацьпажарную тэматыку, натхніў нас на тое, што ў горадзе павінна з’явіцца тэматычнае графіці. У кожным сельсавеце размешчаны тэматычныя банары і білборды.

– Якія падыходы да суб’ектаў гаспадарання?

– У першую чаргу – перакананне, тлумачэнне. Зменшыцца колькасць праверак, а вырасце колькасць маніторынгаў, рэйдавых мерапрыемстваў. Працягнем правядзенне на аб’ектах планавых вучэнняў, на якіх мы навучаем абслуговы персанал пажарна-тэхнічнаму мінімуму, самі вучымся разам з імі. Як і раней, прынцыповым будзе падыход да выканання патрабаванняў пажарнай бяспекі на аб’ектах, якія будуюцца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *