Парушэнняў усё ж шмат

Ахова працы Нумары

image_pdfimage_print

Дзяржаўнымі інспектарамі працы ў 2016 годзе праведзена 50 праверак арганізацый раёна па пытаннях захавання наймальнікамі патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы, выяўлена 1354 парушэнні.

Паводле праверак наймальнікам выдадзена 27 прадпісанняў на ўхіленне парушэнняў. Забаронена эксплуатацыя 178 адізнак абсталявання, што ствараюць рэальную пагрозу жыццю і здароўю людзей, якія там працуюць. На падставе матэрыялаў дзяржаўных інспектараў працы да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 114 службовых асоб, адхілены ад выканання работ па патрабаваннях дзяржінспектараў працы 123 работнікі. Прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафных санкцый 51 службовая асоба на суму 7502 руб. і 19 наймальнікаў на суму 4325 руб.

Для прыняцця мер уздзеяння да кіраўнікоў арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці, якія адмовіліся ад праходжання праверкі ведаў па пытаннях аховы працы, у Стаўбцоўскі міжраённы аддзел МАУ ДДІП накіроўваюцца пісьмы з пералікам такіх арганізацый. У 2016 годзе накіраваны пісьмы адносна 8 арганізацый, кіраўнікі і члены камісій якіх не праходзілі праверку ведаў у раённай камісіі. Кіраўнікі ААТ «Санаком», ПГУП «СтальГранд», ТАА «Глаўбер», ВПУП «Лапко», ПП «Сістэмы для бізнесу» прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

У ходзе праверак захавання заканадаўства аб ахове працы выяўлены рад парушэнняў. Найперш у пытаннях арганізацыі навучання і праверкі ведаў, інструктавання. У інструкцыях не ўказваюцца ўсе неабходныя патрабаванні аб забароне ўжывання алкаголю, наркатычных і таксічных сродкаў і інш., дапускаюцца парушэнні ў пытаннях забеспячэння і прымянення сродкаў індывідуальнай аховы, эксплуатацыі вытворчага абсталявання. Не ўсюды належна ўтрымліваюцца і абслугоўваюцца транспартныя сродкі, істотныя заўвагі наконт складскіх памяшканняў, эксплуатацыі стэлажоў і паліц, лесвіц. На тэрыторыях прадпрыемстваў адсутнічаюць знакі абмежавання хуткасці руху, схемы руху транспарту па тэрыторыі. Не ўсюды запаўняюцца журналы штодзённага кантролю стану аховы працы, не праводзяцца абследаванні збудаванняў.

Узровень траўматыўму ў раёне ў 2016 годзе ў параўнанні з 2015 павялічыўся ў 2,5 раза. За мінулы год зарэгістравана 12 няшчасных выпадкаў на вытворчасці (за 2015 – пяць), у тым ліку па два са смяротным і цяжкім зыходам.

18 студзеня 2016 года падчас тэхналагічнага перапынку на Навасвержанскім лесазаводзе аператар агрэгатных ліній сартавання і перапрацоўкі бярвенняў па невядомай прычыне апынуўся ўнутры цэнтрыруючага падаючага ўстройства фрэзерна-брусочнай лініі і быў заціснуты паміж транспарцёрам і прыціскным прыстасаваннем, якое не было зафіксавана стопарным пальцам. Была выклікана брыгада хуткай дапамогі, якая пасля правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў канстатавала смерць работніка.

12 верасня ў выніку ДТЗ на аўтадарозе Стоўбцы – Івацэвічы – Кобрын быў траўміраваны вадзіцель аўтамабіля ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», які памёр у райбальніцы.

Няшчасны выпадак, што прывёў да цяжкай вытворчай траўмы, адбыўся з лесніком Хатаўскога лясніцтва, які падчас высечкі лесу знаходзіўся у небяспечнай зоне і быў траўміраваны спіленым дрэвам. Повар УАЗ «Стаўбцоўская раённая бальніца» апяклася кіпенем пры пераносе каструлі з заваркай чаю. Выпадак знаходзіцца ў стадыі разгляду.

Няшчасныя выпадкі з няцяжкім зыходам зарэгістраваны: у ААТ «Шашкі» з жывёлаводам, у ААТ «Рубяжэвічы» з брыгадзірам МТФ, у ААТ «Жацерава» з работнікам па дагаворы падраду, з мулярам КУП «Стаўбцоўскі РБУ», з рабочай ДРБУ-135, з аператарам машыннага даення кароў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», з рамшчыкам ДУП «ПМК-233», з трактарыстам-машыністам ААТ «Вялікі Двор».

Мабільнай групай райвыканкама ў 2016 годзе ў адпаведнасці з графікамі рэйдаў праведзена 105 праверак захавання арганізацыямі раёна патрабаванняў бяспекі, у тым ліку заканадаўства аб ахове працы. З іх у сельскай гаспадарцы – 15, у арганізацыях іншых відаў дзейнасці – 38. Выяўлена 1995 парушэнняў, найбольш у сельскай гаспадарцы – 1108, у будаўніцтве – 158, у арганізацыях іншых відаў дзейнасці – 729. Назіраюцца тыповыя парушэнні на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, у таварыствах. Не абсталяваны належным чынам аглядавыя ямы аўтатранспарту, выпадковыя ненадзейныя прадметы падстаўляюцца пад тэхніку пры аглядзе, дапускаюцца да эксплуатацыі машыны і механізмы са знятым ахоўным агароджаннем, без наяўнасці дакументацыі заводаў-вытворцаў на абсталяванне. Прыстаўныя драўляныя лесвіцы, грузавыя цялежкі, стэлажы не адпавядаюць патрабаванням бяспекі. Адзначана няспраўнасць наждачна-шліфавальных станкоў, не абсталяваныя месцы зваршчыкаў па-за памяшканнямі майстэрань. Не ў поўным аб’ёме праводзіцца забеспячэнне работнікаў спецадзеннем, абуткам і іншымі сродкамі аховы. Не ажыццяўляецца штодзённы кантроль з боку непасрэдных кіраўнікоў участкаў, структурных падраздзяленняў за захаваннем патрабаванняў аховы працы, не вядуцца журналы штодзённага кантролю.

Аднак, як паказваюць наступныя праверкі, сельскагаспадарчыя арганізацыі не ўхіляюць у поўным аб’ёме парушэнні, указаныя ў рэкамендацыях, што стварае ўмовы для няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Уладзімір САВІЦКІ, галоўны дзяржаўны інспектар працы Стаўбцоўскага міжраённага аддзела



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *