Добры старт

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Пачатак працоўнай дзейнасці – гэта вельмі адказны перыяд у жыцці кожнага чалавека. У спорце гавораць: які старт – такі і фініш. Старт маладога чалавека, пра якога сёння пойдзе аповед, пачаўся ў 2016 годзе. Выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Уладзіслаў Гарохавік атрымаў размеркаванне ў родны горад Стоўбцы. Па спецыяльнасці «трэнерская работа, выкладчык фізічнай культуры» Уладзіслава накіроўваюць працаваць у дзіцячую юнацкую спартыўную школу горада Стоўбцы трэнерам-выкладчыкам.

Яшчэ ў дзяцінстве, як расказвае Уладзіслаў Уладзіміравіч, захапіўся спортам, футболам. Перашпачатковыя футбольныя азы, ці лепш сказаць – любоў да футбола, прывілі дзядуля і старэйшы брат. І пайшло, і паехала. Вучоба ў сярэдняй школе № 3 г. Стоўбцы і паралельна – вучоба ў ДЮСШ. Трэнер Сяргей Арсеньевіч Шынгель, які зараз працуе ў Дзераўнянскай спартшколе, заўважыў захапленне і спартыўныя здольнасці хлопчыка і параіў сур’ёзна заняцца футболам. Хлопец выступаў і за раённую футбольную каманду «Нёман». За перыяд трэніровачных заняткаў у ДЮСШ і ва ўніверсітэце Уладзіслаў заняў лідарскія пазіцыі ў сваёй спецыялізацыі.

Сёння малады спецыяліст Уладзіслаў Гарохавік працуе з трыма групамі хлопчыкаў 2009, 2010, 2011 гадоў нараджэння. У кожнай групе па 15 чалавек. Калі прысутнічаеш на трэніроўцы юных футбалістаў, бачыш, што дзеці займаюцца з задавальненнем. З вуснаў выхаванцаў Уладзіслава Гарохавіка чуецца прыемнае «наш Уладзіслаў Уладзіміравіч», «я буду, як Уладзіслаў Уладзіміравіч», «Уладзіслаў Уладзіміравіч сказаў…» і г. д. Уладзіслаў таксама любіць сваіх рабят. «Трэніраваць іх – гэта проста шчасце. У іх ёсць жаданне займацца, вучыцца чамусьці. Дзеці самі проста рвуцца, бягуць на трэніроўкі, – гаворыць малады спецыяліст. – Я хачу, каб з іх выраслі культурныя, здаровыя людзі».

А прыклад браць гэтым маленькім футбалістам ёсць з каго. Працавітасць, здольнасць, аналітычныя даныя, культура паводзін, уважлівасць, інтэлігентнасць, інтэлект – гэтыя якасці Уладзіслава цудоўна праяўляюцца, калі ён сустракае ля дзвярэй ФАКа сваіх хлопчыкаў і праводзіць іх з трэніровак, калі правярае, ці цёпла яны апрануты, каб не прастудзіліся, напоіць іх гарачым шакаладам, распытае, як справы… І, безумоўна, узнагарода – выхаванцы-футбалісты могуць наведваць і басейн. Адназначна можна сказаць, што ва Уладзіслава натура шматгранная: цудоўны трэнер, педагог і сябра малых футбалістаў».

Калі запыталася ў бацькоў юных футбалістаў, ці не шкадуюць яны свайго часу, стоячы ў фае ФАКа і чакаючы сваё дзіця з трэніровак, то адказ быў адзін: «Мы рады, што нашы дзеці з задавальненнем ідуць у секцыю да УладзіславаУладзіміравіча, нават плачуць, калі раптам не атрымліваецца прыйсці. Нам вельмі пашанцавала з трэнерам-выкладчыкам. Дзякуй яму вялікі за нашых дзяцей».

Уладзіслаў Гарохавік вельмі любіць дзяцей, любіць сваю справу. Хоць і сам яшчэ малады хлапец, але імкнецца, каб падрастаючае пакаленне вырасла выхаваным, вяло здаровы лад жыцця, каб рабяты былі патрыётамі свайго краю і, безумоўна, выраслі дастойнымі людзьмі.

Перш чым падрыхтаваць гэты матэрыял, я наведала некалькі трэніровачных заняткаў Уладзіслава Уладзіміравіча. Глядзела, як ён займаецца з хлопчыкамі. Іншы раз трэнер строга патрабаваў, падазраючы на ляноту некаторых «футбалістаў», але большасці з іх, па ўсім было відаць, падабаецца выконваць прапанаваныя заданні па агульнай фізічнай падрыхтоўцы: ці то бег, ці скачкі. З агеньчыкам у вачах, у адзін голас хлопчыкі дзяліліся сваімі думкамі пра трэнера:

– Уладзіслаў Уладзіміравіч – добры. Ён не толькі нас трэніруе, але і сам актыўна ўдзельнічае ў спаборніцтвах. Ён лепш за ўсіх бегае, вышэй за ўсіх скача ў вышыню. Мы ганарымся сваім трэнерам і хочам стаць такімі, як ён. Тут каментарыі лішнія.

Для сябе я адзначыла ў героя публікацыі яшчэ адну якасць: ён умее крытычна ацаніць сябе, абставіны жыцця, ён не праяўляе «зорнасці».

–             У мяне яшчэ ўсё наперадзе. Патрэбна шмат працаваць, удасканальваць сябе і свой прафесіяналізм. Я люблю жыццё, людзей, сваіх бацькоў. Хачу застацца жыць і працаваць у сваім родным горадзе. Спадзяюся, што ў 2017 годзе рады юных футбалістаў папоўняцца.

Вось гэта таксама значная частка простага чалавечага жыцця.

НА ЗДЫМКУ: Уладзіслаў Гарохавік са сваімі выхаванцамі – юнымі футбалістамі.

Нэлі АСТРЭЙКА,фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *