Візіты Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет і Судан

Нумары

image_pdfimage_print

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15-17 студзеня зрабіў афіцыйныя візіты ў Арабскую Рэспубліку Егіпет і Рэспубліку Судан.

У Каіры кіраўнік беларускай дзяржавы правёў перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі. Бакі разгледзелі актуальны стан двухбаковых адносін і перспектывы іх вываду на больш высокі ўзровень. У цэнтры ўвагі знаходзіліся тэмы развіцця ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязяў, вытворчай кааперацыі. На парадку дня таксама пашырэнне беларуска-егіпецкіх кантактаў у гуманітарнай сферы, уключаючы навуку, адукацыю, ахову здароўя, турызм. Адбыліся сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Егіпта Шэрыфам Ісмаілам і іншымі афіцыйнымі асобамі гэтай краіны.

Беларусь і Егіпет дамовіліся пашыраць знешнегандлёвыя інтарэсы адно аднаго ў эканамічных аб’яднаннях краін, членамі якіх з’яўляюцца. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі Прэзідэнтаў Беларусі і Егіпта Абдэль Фатаха аль-Сісі, якую лідары дзяржаў падпісалі па выніках перагавораў.

Улічваючы агульнае імкненне да ўмацавання беларуска-егіпецкіх адносін, бакі прынялі рашэнне аб паглыбленні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Беларусь і Егіпет па выніках перагавораў кіраўнікоў дзяржаў у Каіры падпісалі 10 дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.

Па выніках перагавораў бакі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі культуры, мемарандум па пытаннях супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях узаемадзеяння ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў сферы аховы і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў, а таксама мемарандум у сферы аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і змянення клімату.

Перад Беларуссю і Егіптам адкрываюцца новыя гарызонты супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на адкрыцці беларуска-егіпецкага дзелавога форуму.

«Вам даволі добра вядомы трактары «Беларус». Цяпер яшчэ адно наша вялікае прадпрыемства – Мінскі аўтамабільны завод – пачынае асвойваць егіпецкі рынак, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Важна, што мы не толькі прадаём беларускую тэхніку, але і гатовы прыходзіць сюды са сваімі тэхналогіямі і спецыялістамі, ствараць тут узорна-паказальныя прадпрыемствы, паказваць, як мы можам працаваць, і вучыць егіпецкіх людзей вырабляць гэтую прадукцыю».

На думку кіраўніка дзяржавы, у Егіпце можна арганізаваць новыя сумесныя зборачныя прадпрыемствы, у прыватнасці па выпуску кар’ернай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі.

«Сёння ў свеце з’яўляецца вялікі інтарэс да выкарыстання беларускіх тэхналогій геолагаразведкі, бурэння глыбакаводных свідравін, ачысткі сцёкавых вод. Нашы спецыялісты гатовы падзяліцца з егіпецкімі партнёрамі набытымі ведамі і практычным вопытам, – сказаў Прэзідэнт. – У аграпрамысловай сферы мы можам сумесна рэалізоўваць праекты аж да стварэння дэманстрацыйных гаспадарак і перапрацоўчых прадпрыемстваў».

Судан стаў для Беларусі адным з важнейшых партнёраў на Афрыканскім кантыненце. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 студзеня на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь планамерна рэалізуе ўласную знешнюю палітыку зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, а не ўказанняў сусветных цэнтраў сілы. «Мы выступаем за развіццё адносін з усімі дзяржавамі ў духу ўзаемнай павагі, за неўмяшанне ва ўнутраныя справы і прызнанне разнастайнасці шляхоў развіцця», – сказаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, мэта цяперашняга візіту ў Судан – замацаванне дасягнутых вынікаў і вызначэнне новых перспектыўных напрамкаў сумеснай дзейнасці.

«У нас ужо ёсць надзейныя партнёры для экспарту сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі. Знойдзены агульныя інтарэсы ў аграрнай і абароннай сферах. Разам з тым яшчэ шмат што трэба будзе зрабіць. Наша задача – замацаваць высокі ўзровень палітычнага даверу эканамічнымі вынікамі. Як вы правільна сказалі, пара нам пад палітычнае супрацоўніцтва падводзіць эканамічную базу», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, беларускі бок разгледзіць любыя варыянты ўдзелу ў праектах развіцця прамысловасці і інфраструктуры Судана. У прыватнасці, ёсць магчымасць пастаўляць кар’ерныя самазвалы, дарожна-будаўнічую, камунальную і пагрузачную тэхніку, розныя мадыфікацыі трактароў, грузавікоў і аўтобусаў, тэхналагічнае прамысловае абсталяванне, электратэхнічную і оптыка-электронную прадукцыю. Пры гэтым прапануюцца розныя варыянты экспартнага крэдытавання.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь валодае рашэннямі і тэхналогіямі, якія могуць павысіць харчовую бяспеку Судана, умацаваць патэнцыял гэтай краіны ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі, ірыгацыі і малочнатаварнай вытворчасці.

«Заслугоўвае ўвагі беларускі вопыт міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі кадраў, навукі і тэхналогій, медыцыны і фармацэўтыкі. Формы работы тут могуць быць самымі разнастайнымі. Аж да рэалізацыі сумесных праектаў на суданскай зямлі для ўмацавання сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу вашай дзяржавы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь і Судан заключылі дагавор аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве. Подпісы пад дакументам пасля завяршэння афіцыйных перагавораў у Хартуме паставілі лідары дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка і Амар Хасан Ахмед аль-Башыр.

Кіраўнікі дзяржаў таксама падпісалі сумесную заяву. Абодва лідары пацвердзілі ўзаемнае імкненне да далейшага развіцця і паглыблення дружалюбных сувязяў паміж дзвюма краінамі ў розных сферах.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *