Затрымаў грабежнікаў

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

У мінулыя выхадныя старшы ўчастковы інспектар міліцыі Аляксандр Кільчэўскі затрымаў па гарачых слядах двух заезджых грабежнікаў, якія забралі ў 80-гадовай жыхаркі Вішняўца немалую суму грошай.

Гэта здарылася ў нядзелю, 15-га студзеня, калі ва ўчастковага якраз быў законны выхадны дзень. Ён вярнуўся дамоў з рыбалкі, і раздаўся тэлефонны званок ад пацярпелай. Маўляў, у хату, быццам бы патэлефанаваць, папрасіліся двое незнаёмых. Жанчына падумала, што гэта газавікі, якіх выклікаў унук, бо перастаў працаваць кацёл. Незнаёмцы паскардзіліся на тое, што ў іх зламалася машына, і папрасілі грошай у доўг. Калі ж гаспадыня дастала кашалёк і яны ўбачылі ў ім шмат купюр, то накінуліся на яе і адабралі грошы.

Участковы хутка сабраўся, сеў у машыну і прымчаўся па адрасе злачынства, каб даведацца прыкметы злачынцаў. Потым быў кірунак да магазіна, абследаванне вішнявецкіх вуліц. Раптам на прыпынку грамадскага транспарту ўчастковы ўбачыў падазроных мужчын. Калі затармазіў, тыя кінуліся наўцёкі. Аднаго ён дагнаў і пасадзіў у машыну, другога яму дапамаглі дагнаць. Затрыманых завёз да пацярпелай на апазнанне…

Як пазней высветлілася, грабежнікі – бацька і сын, прычым бацька раней ужо быў судзімы за грабеж. Абое – жыхары Дзяржынскага раёна.

Як паведаміла начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юлія Белавусава, старшы ўчастковы інспектар Аляксандр Кільчэўскі за свой учынак у выхадны дзень, які дазволіў аператыўна раскрыць злачынства ў адносінах да пажылой грамадзянкі, будзе заахвочаны кіраўніцтвам райаддзела міліцыі.

А пажылых і іншых грамадзян гэты факт павінен яшчэ раз папярэдзіць: будзьце пільнымі, не ўпускайце ў свой дом незнаёмых!              

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *