Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 11 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Арсеній Ранцюк, Кірыл Турко, Софія Комар, Уладзімір Лешчанка, Яна Лісоўская, Мікіта Більдзюкевіч, Міраслаў Пархімовіч, Павел Балахонаў, Лізавета Гунько, Яна Макарэвіч і Ангеліна Кулінковіч.  

Зямны шлях закончыўся для 19-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі пажар у Пятрылавічах, дзе агнём знішчаны хлеў. Выратавальнікаў выклікалі на ДТЗ на аўтамагістралі для дэблакіроўкі пацярпелай.

Міліцыяй зарэгістравана 131 паведамленне аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 13 крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазраваемыя. У Шашках непаўналетні выкраў з жылога дома залаты і сярэбраны пярсцёнкі. У школе № 2 г. Стоўбцы вучаніца паквапілася на 80 рублёў, якія знаходзіліся ў жаночай сумцы ў кабінеце. Ад злодзея пацярпелі двое жыхароў Вечатарова і дачнік.

Пракуратурай раёна ў ходзе маніторынгу ўстаноўлена, што на гандлёвых аб’ектах ПГУП «Надежда-торгплюс» і ПГУП «РадугаТорг» дапускаюцца парушэнні санітарных нормаў і правілаў, рэалізацыя няякаснай і небяспечнай харчовай прадукцыі, сумеснае захоўванне сырой прадукцыі і гатовай да ўжывання. У раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі накіравана даручэнне аб падрыхтоўцы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, паводле вынікаў разгляду якога шэсць работнікаў названых прадпрыемстваў аштрафаваны на агульную суму 693 рублі.

Суд прыгаварыў да пазбаўлення волі на год 37-гадовага стаўбчаніна, раней судзімага, які ўхіляўся ад выплаты аліментаў на ўтрыманне свайго непаўналетняга дзіцяці. На 2,5 года пазбаўлены волі з канфіскацыяй маёмасці 35-гадовы махляр, які шляхам падману завалодваў банкаўскімі пластыкавымі карткамі.

ДАІ выявіла 120 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – трое п’яных вадзіцеляў і сем вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 28 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана 12 ДТЗ. 10 студзеня каля 08.00 на 273-м км аўтамагістралі вадзіцель, жыхар г. Мінска, які кіраваў грузавым аўтамабілем «Мерседэс», пры ажыццяўленні манеўру перабудовы з крайняй правай паласы ў крайнюю левую, не саступіў дарогу мікрааўтобусу таксі, які ажыццяўляў перавозку пасажыраў па маршруце Іванава – Мінск. У выніку сутыкнення пацярпелі вадзіцель і чацвёра пасажыраў маршруткі, у тым ліку двое дзяцей. Усе яны былі дастаўлены ў ЦРБ. У адносінах да вадзіцеля грузавога аўтамабіля ўзбуджана крымінальная справа.

«Хуткая» выязджала 276 разоў, у прыватнасці, 13 выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *