Рабіць свет дабрэйшым

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

У кожнага чалавека ёсць свае асаблівасці, кожны чалавек – гэта цэлы свет. Аднак ёсць асаблівасці, якія не дазваляюць чалавеку самастойна ўзаемадзейнічаць з навакольным светам. Да іх адносяцца парушэнні слыху, зроку, апорна-рухальнага апарата, псіхічнага развіцця.

Нярэдка людзі з абмежаванымі магчымасцямі знаходзяцца ў сітуацыі сацыяльнай ізаляцыі, і асабліва гэта датычыць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Аднак кожнае дзіця, незалежна ад сваёй немачы, з’яўляецца асобай, па-свойму вучыцца, развіваецца, стварае свой свет, і мы, дарослыя, павінны падтрымаць такіх дзяцей і іх бацькоў.

Штогод спецыялісты цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі імкнуцца прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем дзяцей-інвалідаў. Тыдзень талерантнасці, мерапрыемствы, прыўрочаныя да Міжнароднага дня інвалідаў сталі традыцыйнымі. Выхаванцы цэнтра падарожнічалі разам з вучнямі 2 «А» класа СШ № 3 на ўроку выяўленчага мастацтва. Дзеці сталі гледачамі і слухачамі музычна-тэатралізаванай кампазіцыі «Музыка нас звязала» ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў. Незабыўныя ўражанні пакінула праграма «Ты і я – мы абодва розныя, ты і я – мы абодва класныя» ў яслях-садзе № 4. Дзеці акунуліся ў творчы працэс у лабараторыі «Цягнік дружбы» разам з вучнямі СШ № 2 і ў майстэрні добрых спраў «Мы ўмеем майстраваць, весяліцца і сябраваць» з выхаванцамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Яны актыўна ўдзельнічалі ў забаўляльна-гульнявой праграме «З верай, надзеяй, любоўю» ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Безумоўна, рэабілітацыя «незвычайных» людзей у соцыум павінна будавацца на індывідуальным падыходзе. Аднак вельмі важна, каб такія дзеці мелі зносіны са звычайнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, падрыхтаванымі сваёй сям’ёй і школай да ўспрыняцця чалавека з асаблівасцямі ці складанасцямі ў зносінах. Менавіта сустрэчы з валанцёрамі раённай арганізацыі БРСМ дапамагаюць нашым выхаванцам пазнаваць свет, захоўваць веру ў гуманізм людзей і ў тое, што сумеснымі намаганнямі можна пераадолець цяжкасці. З забаўляльнымі праграмамі «З усмешкай хмурны дзень святлей», «Вясёлыя сняжынкі» ў госці да выхаванцаў нашага цэнтра завіталі валанцёры СШ № 3. Члены валанцёрскага атрада СШ № 2 падрыхтавалі праграму «Вам дорым дабрыню і радасць». А з вучнямі гімназіі № 1 нашы дзеці трапілі ў горад Снежнай каралевы, у двары цэнтра зляпілі мініяцюры са снегу.

Працягам традыцый сяброўства сталі сустрэчы з маладымі інвалідамі аддзялення дзённага знаходжання раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Запрашэнне на гульнявую праграму «Аранжавы настрой» аб’яднала дзяцей і маладых інвалідаў Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў.

Канцэртная праграма «У імя радасці», з цеплынёю і любоўю падрыхтаваная ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці СШ № 2, дапамагла нашым выхаванцам акунуцца ў нязмушаную атмасферу свята, адчуць радасць зносін з равеснікамі.

Сустрэчу з цудам напярэдадні Ражджаства арганізавалі нашым дзецям працаўнікі піцэрыі «Гарадок» і артысты раённага Цэнтра культуры. Навагодняе свята не было б такім радасным, калі б ні падарункі і дапамога аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённай арганізацыі работнікаў прафсаюзаў адукацыі і навукі, ПГУП «Надежда-торгплюс», нашых шэфаў – супрацоўнікаў РАУС, бацькоў дзяцей і проста людзей з добрымі сэрцамі.

Бацькі дзяцей з асаблівасцямі развіцця часта самі маюць патрэбу ў дадатковай падтрымцы. Выхаванне «асаблівага» дзіцяці патрабуе ад членаў сям’і павышаных затрат і спалучана са стрэсамі. Для таго каб падтрымаць бацькоў, кіраўніцтвам і супрацоўнікамі нашага цэнтра была арганізавана напрыканцы мінулага года акцыя «Крок насустрач». І мы вельмі ўдзячныя тым, хто адгукнуўся і дапамог бацькам і іх дзецям адчуць сябе агорнутымі клопатам. Яны дабрачынна наведалі цырульні «Архідэя», «Калібры», «Вікторыя», «Прэстыж», «Таццяна», «Совершенство», салоны манікюру ІП «Пальчэўская», «Вікторыя». Акрамя таго, усе сем’і мелі магчымасць наведаць плавальны басейн у фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Эстэтычна аформіць гэтую акцыю нам дапамаглі супрацоўнікі Стаўбцоўскай узбуйненай друкарні.

Згуртаванню бацькоўскага калектыву садзейнічае работа бацькоўскага клуба. На апошнім пасяджэнні члены клуба намецілі накірункі работы ў новым годзе, паўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе «Ёлачкі».

Усе праведзеныя мерапрыемствы дапамаглі бацькам і іх дзецям умацаваць веру ва ўнутраныя рэсурсы, пранікнуцца думкаю, што можна ўзяць у свае рукі кіраванне сваім жыццём і вучыцца жыць у тых абставінах, якія нельга змяніць. А супрацоўнікі нашага цэнтра і ў новым годзе будуюць планы, каб праводзіць мерапрыемствы, якія будуць садзейнічаць навакольнаму свету быць дабрэйшым.

Анжэла КЛІМОВІЧ,педагог сацыяльны цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *