З любоўю да кнігі

Адукацыя Нумары

Добрая кніга – каштоўны дар, які неабходна захаваць для будучых пакаленняў. Гэта разумеюць настаўнікі пачатковых класаў Горкаўскай сярэдняй школы. На базе ўстановы адукацыі адбылося раённае метадычнае аб’яднанне па тэме «Развіццё інфармацыйных і чытацкіх уменняў навучэнцаў на вучэбных занятках 1-й ступені агульнай сярэдняй адукацыі».

Гасцей ветліва сустрэлі дырэктар Н. В. Ермаловіч і яе намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце А. І. Ярмак. Затым увазе педагогаў была прапанавана панарама адкрытых урокаў пазакласнага чытання. А. І. Мамчыц запрасіла ў трэці клас на ўрок-даследаванне па апавяданні В. А. Асеевай «Жыццё даецца на добрыя справы», а В. М. Шавель – у чацвёрты клас на ўрок-падарожжа «Па старонках часопіса «Вясёлка».

«Чароўная Кніга», па-мастацку аформленая вучаніцай 10 класа і настаўніцай першага класа Н. А. Канкаловіч дала магчымасць папрысутнічаць на літаратурна-музычнай кампазіцыі, прысвечанай навагодняму святу. Гучалі навагоднія песні, вершы, музычныя творы. І ўсё гэта падарыла «Чароўная Кніга». Сцэнарый літаратурна-музычнай кампазіцыі падрыхтавалі і вялі настаўнікі А. У. Цвік і Н. А. Канкаловіч.

У выглядзе метадычнага калейдаскопа быў арганізаваны круглы стол, які ўключыў у сябе навукова-метадычны і вучэбна-метадычны блокі. Настаўнікі вялі аповед пра значэнне пазакласнага чытання ў сістэме літаратурнай адукацыі малодшых школьнікаў, пра чытацкую самастойнасць, пра віды ўрокаў пазакласнага чытання на розных этапах навучання і пра асноўныя формы кіравання самастойным чытаннем. Вопытам работы падзялілася настаўніца першай кваліфікацыйнай катэгорыі Н. А. Канкаловіч. Яна гаварыла аб фарміраванні чытацкай самастойнасці вучняў пачатковых класаў на ўроках пазакласнага чытання праз прымяненне метадычных прыёмаў і розных відаў заданняў. «Нестандартныя формы правядзення ўрокаў пазакласнага чытання як спосаб актывізацыі чытацкай дзейнасці» – так гучала тэма выступлення настаўніцы 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі А. І. Мамчыц. В. М. Шавель правяла майстар-клас па знаёмстве малодшых школьнікаў з навукова-пазнавальнай літаратурай на ўроках пазакласнага чытання, а А. У. Цвік прадставіла вопыт арганізацыі рэфлексіі на ўроках пазакласнага чытання. Любоў да кнігі, да абранай прафесіі аб’яднала ў гэты дзень і настаўнікаў, і вучняў.                          

Яніна ДУШКЕВІЧ,настаўніца Горкаўскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *