Вынік залежыць ад людзей

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Жывёлаводы МТФ «Новыя Рубяжэвічы» ААТ «Рубяжэвічы» надаілі летась ад кожнай каровы па 4056 кілаграмаў малака і па гэтым паказчыку занялі трэцяе месца ў таварыстве. У даільнай зале шчыруюць тры Людмілы – Хрыста, Патоцкая, Бура, і Святлана Самсонава, асобна доіць сваю групу Валянціна Неўмяржыцкая. Брыгадзірам фермы працуе Святлана Пінчук. Шэсць гадоў жанчына на гэтай пасадзе, а раней завіхалася ў сталовай.

– Работа там была сезонная, – расказвае Святлана Эдуардаўна, – а тут кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала мне на зіму пайсці на ферму. Я згадзілася, ды так і засталася. Спачатку мяне паставілі памочнікам, а апошні год працую брыгадзірам.

Дойны статак на ферме налічвае 545 галоў, усяго ў памяшканнях утрымліваецца 1250 жывёлін. Усе аператары машыннага даення вопытныя, маюць немалы стаж работы ў жывёлагадоўчай галіне. Жанчыны прыкладаюць намаганні для таго, каб і надоі павялічваліся, і якасць малака паляпшалася, бо ад гэтых паказчыкаў напрамую залежыць іх заработная плата.

– Вядома ж, што ў любой рабоце ўсё залежыць ад чалавечага фактара, – працягвае гутарку брыгадзір. – Калектыў падабраўся неблагі, мець вышэйшыя надоі нам цалкам па сіле. Кармоў на зімоўку нарыхтавалі дастаткова, ёсць прырост малака. Маем магчымасць здаваць прадукцыю гатункам «экстра» і будзем гэтага паступова дабівацца.

На здымку: (злева направа) аператары машыннага даення Людміла Бура, Людміла Патоцкая, Святлана Пінчук (брыгадзір) і Людміла Хрыста.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *