Фура сутыкнулася з дарожнай тэхнікай

Кантроль, бяспека Нумары

У Мінскай вобласці толькі за адзін дзень снегападаў было аформлена 74 дарожна-транспартныя здарэнні, затрымана 12 вадзіцеляў у стане ап’янення. На Стаўбцоўшчыне за 14 і 15 студзеня зарэгістравана дзевяць дарожных аварый. На шчасце, усе аварыі абышліся без пацярпелых.

Напрыклад, у суботу, 14 студзеня, каля 13.40 на 278-м км аўтамагістралі Брэст – Мінск – мяжа Расійскай Федэрацыі адбылося лабавое сутыкненне двух легкавых аўтамабіляў. Вадзіцель аўтамабіля «Фольксваген-пасат», які рухаўся ў напрамку Брэста, у складаных дарожных і метэаралагічных умовах няправільна выбраў бяспечную хуткасць руху, не ўлічыў асаблівасці праезджай часткі і дапусціў занос транспартнага сродку. У выніку, ён выехаў на сустрэчную паласу руху, дзе і сутыкнуўся з аўтамабілем «Рэно-меган-сцэнік». У абедзвюх машынах ехалі ў якасці пасажыраў двое непаўналетніх. Пасля агляду медыкаў яны былі адпушчаны дамоў.

На 262-м км аўтамагістралі вадзіцель велікагрузнага аўтамабіля, які рухаўся ў бок сталіцы, пры выкананні манеўру апераджэння не вытрымаў бакавога інтэрвалу і сутыкнуўся з дарожным аўтамабілем МАЗ, які выконваў работы па ачыстцы праезджай часткі ад снегу. Здарэнне, па шчаслівай выпадковасці, нікому не прынесла цялесных пашкоджанняў.

Як адзначаюць у аддзеле ДАІ райаддзела міліцыі, пры ўскладненні пагодных умоў і ва ўмовах недастатковай бачнасці вадзіцелям транспартных сродкаў неабходна быць асабліва ўважлівымі, захоўваць меры перасцярогі і бяспекі пры набліжэнні і раз’ездзе са спецыялізаванай тэхнікай з пробліскавымі маячкамі аранжавага колеру. ДАІ рэкамендуе вадзіцелям зніжаць хуткасць пры пад’ездзе да пешаходных пераходаў, пешаходам пры пераходзе дарогі неабходна спачатку пераканацца ў бяспецы, у цёмны час сутак у абавязковым парадку абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі і на максімальнай адлегласці трымацца ад праезджай часткі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *