Традыцыі «Сонцавароту»

Культура Нумары

Аматары мастацтва Стаўбцоўшчыны ведаюць, што кожны год нязменна 13 студзеня, на стары Новы год, адкрываецца выстава «Сонцаварот». У гэтым годзе яна працуе ў фае раённага Цэнтра культуры. На яе прадставілі свае калекцыі работ 34 майстры – члены народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска».

Прывітаць майстроў ад райвыканкама прыбыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль. Яна адзначыла, што выдатная традыцыя ў культурным жыцці нашага раёна – праводзіць такую справаздачную выставу ў святыя дні Святак, і гэта надае ёй асаблівую прыцягальнасць, святло, чароўнасць і асаблівы настрой.

Кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» Аліна Халявінская нагадала важныя падзеі, з якімі было звязана творчае жыццё членаў клуба «Пралеска» ў мінулым годзе, адметным тым, што гэта быў Год культуры. Аліна Антонаўна зрабіла акцэнт, што ніводнае мерапрыемства і значная ўрачыстасць у нашым раёне не адбываецца без удзелу майстроў народнай творчасці. І за межамі нашага раёна творцаў добра прымаюць і сустракаюць. У мінулым годзе члены клуба паўдзельнічалі ў міжнародным фестывалі «Светач» у Эстоніі, з’ездзілі ў Віцебск на міжнародны фестываль «Славянскі базар», у Гродна – на фестываль нацыянальных культур, паспяхова паўдзельнічалі ў абласных «Дажынках» ў Лагойску. Клуб «Пралеска» стаў арганізатарам абласных фестываляў «Велікодная пісанка» і «Стаўбцоўскі капялюш» у нашым раёне. У скарбонку здабыткаў леглі персанальныя дыпломы членаў клуба, атрыманыя на фестывалях і конкурсах. Вядомы рэзчык па дрэве Валерый Чараднічэнка атрымаў лаўрэацкі дыплом на конкурсе «Сонечная цеплыня дрэва» ў Мядзелі. Юны ўдзельнік клуба Мацвей Ганчаронак узнагароджаны лаўрэацкім дыпломам на конкурсе «Гляніны звон» у Івянцы.

Хто неаднаразова быў ужо на прэзентацыі выставы «Сонцаварот» у папярэднія гады, з радасцю падыходзіць да персанальных экспазіцый вядомых у нашым раёне майстроў, якія доўгі час з’яўляюцца членамі народнага клуба «Пралеска». Гэта разьбяры па дрэве Валерый Чараднічэнка і Леанід Сенька, майстар лясной скульптуры Міхаіл Бычко, вышывальшчыцы Галіна Дошчачка, Іна Дрозд, Раіса Лявончык, Алена Маргаўнічая, жывапісцы Алег Новікаў, Наталля Шуцілава, Андрэй Зянько. Наталля Пятроўская – вядомая майстрыха вырабаў з саломкі, Святлана Карніцкая – з бісеру. Ганна Мартыненка акрамя вязання прадставіла беларускія паясы – сапраўдны скарб. Заўсёды прысутнічае на выставе батык Ірэны Зянько – жывапіс на шоўку. Святлана Калкоўская на суд гледача акрамя свайго жывапісу прадставіла і беларускія лялькі. Сурвэткі-сняжынкі Алы Бабіцкай выклікаюць ва ўсіх захапленне – такая тонкая работа. Вельмі разнастайныя калекцыі твораў майстрых дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Алена Зуб стварае прыгожыя рэчы ў тэхніцы канзашы. Алена Кубрына прадставіла найпрыгажэйшыя паштоўкі і свой жывапіс. Наталля Шуцілава акрамя жывапісу парадавала наведвальнікаў выставы графікай. Многія затрымліваюцца ля работ Святланы Шайновай. Яе лялькі настолькі жывыя, што дзіву даешся. Першапраходцам у такім відзе творчасці як пляценне з газетных трубачак у нашым раёне можна лічыць Людмілу Віцько. Яна навучыла гэтаму майстэрству многіх. Цяжка паверыць, што са звычайных газет, макулатуры, можна зрабіць такія вытанчаныя мастацкія рэчы.

Прыемна, што кожны год у творчую сям’ю клуба ўліваюцца новыя майстры. Упершыню прынялі ўдзел у выставе «Сонцаварот» Алена Скараходава з вырабамі канзашы, Вера Віцько, якая асвоіла дэкупаж, Галіна Біюць з лялькамі, Людміла Самахвалава, якая прадставіла калекцыю работ з газетных трубачак і натуральнай лазы, і што датычыць лозапляцення, то яна пакуль адзіны такі майстар у клубе. Марына Халецкая таксама прымала ўдзел у гэтай выставе ўпершыню з вельмі адметным відам мастацкай творчасці – пляценне з вяровачак. Алена Валента прадставіла жывапіс. Вераніка Грынюк вырабіла найпрыгажэйшыя пацеркі з глянцавай паперы часопісаў. Алена Пятровіч упершыню прыняла ўдзел у выставе з вырабамі з папяровых трубачак.

Варта сказаць і аб такой адметнай з’яве ў жыцці народнага клуба «Пралеска», як сямейныя творчыя дынастыі. Галіна Дошчачка свой дар вышывальшчыцы перадала дачцэ Іне, на выставе заўсёды прысутнічае і ўнучка. Так што жыць рамяству ў сям’і. Сям’я Халявінскіх прадставіла калекцыі ў розных відах творчасці. Аліна Халявінская – неперасягнуты майстар саломапляцення. Часлаў Халявінскі вырабляе карзінкі з сасновай драніцы. Маладое пакаленне майстроў на сёлетняй выставе «Сонцаварот» было прадстаўлена іх унукамі. Мацвей Ганчаронак выставіў свой жывапіс і інкрустацыю велікодных яек, Аляксандра Самахвалава – таксама жывапіс.

Пра кожнага майстра народнай творчасці нашага раёна Аліна Халявінская гаворыць з вялікай любоўю, умее заўважыць адметнае, падтрымаць. Удзел у выставе «Сонцаварот» дасць ім новы імпульс да творчасці.

Выстава будзе працаваць у фае раённага Цэнтра культуры да 31 студзеня.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *