«Паляванне» на браканьерскі імпэт

Нумары Панямонь Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Ахова жывёльнага і расліннага свету – справа не толькі інспектараў і спецыялізаваных інспекцый. І гэта яшчэ раз даказвае аналіз дзейнасці Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь за 2016 год.  

– У інспекцыю на тэлефон даверу паступіла 12 паведамленняў, восем з якіх знайшлі пацвярджэнне. Нераўнадушныя людзі заўсёды ёсць вакол нас, і мы спадзяёмся на іх дапамогу і далей, – сцвярджае начальнік міжраённай інспекцыі Уладзімір ЛОЙКА і яшчэ раз нагадвае нумар зваротнай сувязі – 5-10-27, таму што па гэтым нумары можна таксама атрымаць інфармацыю па ўсіх пытаннях прыродаахоўнай дзейнасці.

– Уладзімір Аляксандравіч, да нераўнадушнасці грамадзян трэба дабавіць назіральнасць інспектараў, іх ненарміраваны рабочы дзень у лясных угоддзях. Як вы ацэньваеце іх уклад у выяўленне фактаў браканьерства?

– Супрацоўнікамі Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі праведзена ў мінулым годзе значная работа па выяўленні фактаў браканьерства. На працягу года было арганізавана 99 кантрольна-палявых мерапрыемстваў, якія, безумоўна, паслужылі папярэджанню і спыненню парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства ў сферах палявання, рыбалоўства і лесакарыстання. Іх вынікам стала выяўленне 314 парушэнняў.

– Колькі парушэнняў з іх зафіксавана на тэрыторыі нашага раёна?

– У зоне дзеяння міжраённай інспекцыі знаходзяцца тры раёны – Стаўбцоўскі, Уздзенскі і Дзяржынскі. Нельга сказаць, што Стаўбцоўскі раён выглядае горш за іншыя. Аднак ёсць розныя факты. На тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна зафіксавана 17 парушэнняў лесакарыстання (каля 8 працэнтаў ад усіх выяўленых), 22 парушэнні Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства (40 працэнтаў), восем парушэнняў Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання (50 працэнтаў). Яшчэ з дзясятак набярэцца розных іншых парушэнняў…

Нельга не сказаць і пра тое, што ўсяго інспекцыяй выяўлена шэсць правапарушэнняў з прыкметамі крымінальна-караемых дзеянняў. Па гэтых фактах браканьерства Следчым камітэтам узбуджана шэсць крымінальных спраў, прычым дзве з іх – на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна.

– Якія меры былі прыняты да тых, хто праігнараваў выкананне прыродаахоўнага заканадаўства?

– Суб’ектам гаспадарання выдадзена 43 прадпісанні. Накіравана 30 патрабаванняў аб прыцягненні службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці.

– У інспекцыі, напэўна, свой «улоў» у плане канфіскаванага ў браканьераў і парушальнікаў. Тым больш, на Стаўбцоўшчыне, як вы сказалі вышэй, учынена 50 працэнтаў незаконнага палявання.

– «Улоў» вымяраецца канкрэтнымі лічбамі, і даволі значнымі. Так, у парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства канфіскавана і здадзена 140 кг незаконна здабытай мясной прадукцыі, 47 кг незаконна здабытай рыбы. Аб’ём незаконна нарыхтаванай драўніны, які быў выяўлены інспектарамі, склаў 1761 м3. Канфіскавана 25 сетак агульнай працягласцю кіламетр і 39 іншых забароненых сродкаў лоўлі, 12 адзінак агнястрэльнай зброі (адна з іх была незарэгістраванай) і 21 адзінка іншых сродкаў палявання.  

– Якімі сумамі вымяраецца шкода, нанесеная дзеяннямі браканьераў прыродзе, навакольнаму асяроддзю?

– За мінулы год на парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства накладзены міжраённай інспекцыяй штрафы на агульную суму 31 500 рублёў. На яшчэ большую суму – у памеры 38 900 рублёў – прад’яўлена выплат у сувязі са шкодай, нанесенай прыродзе і навакольнаму асяроддзю.

– Мы ўсе жывём сярод прыроды і вельмі любім, калі нас акружае навакольная прыгажосць. З якім заклікам вы хацелі б звярнуцца да чытачоў газеты?

– Не парушайце заканадаўства – беражыце прыроду! Памятайце: яна не толькі для нас, а і для нашчадкаў. Для будучыні.

ГутарылаТаццяна ПЯТКЕВІЧ    



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *