Трапныя стрэлы

Нумары Панямонь Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Апошнім часам тэлеэкраны, газетныя старонкі ўсе часцей поўняцца рэпартажнымі сюжэтамі не толькі аб нападках зграй ваўкоў на жыхароў лясных угоддзяў, але і аб візітах драпежнікаў у вёскі. Праўда, на Стаўбцоўшчыне такіх нахабных паводзін звера пакуль не назіралася дзякуючы пільнаму кантролю паляўнічых за ляснымі ўгоддзямі.

Так, нядаўна егерская служба ТАА «Рудзьмянская гаспадарка» заўважыла і прасачыла,   што ў лясныя абшары бліз Старыны, Падгорнай падышлі і пачалі сваё драпежнае паляванне на казуляў, аленяў і ласёў дзве зграі шэрых. Намеснік начальніка гаспадаркі Аляксандр Санько аператыўна арганізаваў на ваўкоў паляванне, паклікаўшы на дапамогу вопытных паляўнічых.

Хутка і ціха егеры Алег Кураш і Аляксандр Дошчачка з сябрамі абцягнулі сцяжкамі месца, дзе адлежваліся пасля чарговых набегаў драпежнікі. Цяпер справа стаяла за трапнымі і рашучымі стрэламі.

За дзве такія аблавы здабыта 8 ваўкоў. Лёгка ўявіць, колькі шкоды нарабілі б жывёльнаму свету гэтыя зграі. Калі самага рослага ваўка (два с паловай метры, а галава – як у быка) узважылі, то ён пацягнуў на 46 кілаграмаў – удвух як падняць.

Пашчасціла недалёка ад Шашкоў і сямейнаму паляўнічаму дуэту Жарскіх, якія дапоўнілі гэты лік яшчэ двума ваўкамі.

А вось стаўбчанін Алег Васілевіч увогуле выпадкова пры паляванні на зайца ўздоўж рэчышча Сулы, як кажуць, лоб у лоб сутыкнуўся з драпежнікам. Рэакцыя і трапнасць узнагародзілі здабычай.

Васіль ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *