За самаадданасць і вернасць выбранай прафесіі

Нумары Сельская гаспадарка

У студзені бягучага года райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу працягвае ажыццяўляць аб’яўленую летась рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў АПК акцыю «Наш жывёлавод». За нялёгкую працу ў жывёлагадоўчай галіне ўшаноўваюцца лепшыя работнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна. З прыемнай місіяй в. а. старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень і старшыня райкама прафсаюза Тамара Калошыч наведалі ААТ «Вішнявецкі-агра», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і ААТ «Дзераўное» і з удзячнасцю за шчырую працу ўручылі жывёлаводам падзячныя пісьмы і падарункі. Варта адзначыць, што ў вышэйназваных гаспадарках за мінулы год дасягнута неблагая прыбаўка малака. Зразумела, паспяховая работа малочных цэхаў немагчыма без старання людзей, іх плённай і сумленнай працы, але многае залежыць і ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Ад іх умення арганізаваць работу, забяспечыць працаўнікам дастойныя ўмовы работы і адпаведную заработную плату. А ўзначальваюць гэтыя таварыствы маладыя, энергічныя дырэктары Віктар Худніцкі, Аляксандр Дударэвіч і Юрый Тарасевіч.

Віншуючы перадавікоў МТФ «Вішнявец» ААТ «Вішнявецкі-агра» Галіну Загуста і Святлану Дзявойна, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень падкрэсліў, што гэтая акцыя вельмі патрэбная, бо менавіта ад працы жывёлаводаў залежыць фінансавы стан гаспадарак. Кожны, хто сумленна працуе, дастойны ўвагі і павагі, асабліва ў такой нялёгкай галіне, як жывёлагадоўля. Аднак ёсць людзі, на якіх трэба раўняцца ўсім астатнім, бо яны задаюць тон у рабоце. Дзяніс Сяргеевіч пажадаў калектыву плённай працы і дасягнення вышэйшых паказчыкаў.

У ААТ «Вішнявецкі-агра», у прыватнасці, перавышаны пяцітысячны надой па надоях малака ад каровы. Лепшы паказчык увогуле па гаспадарцы мае аператар машыннага даення МТФ «Вішнявец» Ірына Баран, якая выканала даведзенае заданне і надаіла 5729 кілаграмаў малака. Перасягнула пяцітысячны рубеж і яе калега Людміла Палягошка. Абедзве жанчыны як след выконваюць сваю работу, вельмі старанныя і акуратныя. Працуе тут звыш дзесяці гадоў слесарам Сяргей Княжэвіч – шчыры і адказны работнік. Рупнасць гэтых людзей забяспечвае высокую якасць малака – прадукцыя з гэтай фермы залічваецца гатункам «экстра». Амаль тры дзесяцігоддзі працуе ў жывёлагадоўчай галіне таварыства даярка Надзея Лешчанка, якая завіхаецца на МТФ «Мархачоўшчына». Вылучаецца працавітасцю Святлана Піхіч, якая шмат гадоў адпрацавала на свінатаварным комплексе, а зараз шчыруе цялятніцай. Ганна Сергіевіч корміць бычкоў і атрымлівае неблагія прывагі. У маладой працаўніцы стажу пакуль што небагата, але ўмення ў рабоце не займаць.

Прыбаўка малака ў сярэднім на карову ў СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» за мінулы год даволі адчувальная – 1167 кілаграмаў, дасягнуты і самы высокі валавы прырост малочнай прадукцыі па раёне ў працэнтным выражэнні. Ушчыльную падбіраецца да пяцітысячнага рубяжу калектыў МТФ «Апечкі». Даяркам тут створаны добрыя ўмовы для работы, устаноўлена даільная зала. Стараннасцю вылучаюцца Ніна Лук’янчык і Аксана Высоцкая. Ніна Мікалаеўна мае багаты вопыт работы, неаднаразова прымала ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства. А вось Аксана Генадзьеўна – маладая работніца, аднак паказала сябе з лепшага боку. Узначальвае дружны калектыў жывёлаводаў брыгадзір Таццяна Высоцкая. Таццяна Робертаўна добра ведае ўсе нюансы работы і належным чынам арганізоўвае яе. Працоўная біяграфія Кацярыны Юрыс вымяраецца не адным дзясяткам гадоў, а апошнія васемнаццаць яна працуе тэхнікам-асемянатарам на МТФ «Аталезь» і дасягнула летась даволі высокага паказчыка па выхадзе цялят. Ала Нарановіч доўгі час шчыравала на цагляным заводзе, а пяць гадоў назад прыйшла на ферму цялятніцай. І не шкадуе аб тым, што змяніла прафесію – гадаванцы ў яе групе хутка набіраюць вагу.

Лідарам па вытворчасці малака ў ААТ «Дзераўное» з’яўляецца калектыў МТФ «Лубень», дзе надоена на карову 5315 кілаграмаў. Усе аператары машыннага даення пастараліся і атрымалі высокія прыбаўкі. У прыватнасці, у Тамары Скурат надой стаў ямчэйшым на 1358 кілаграмаў – ёй была ўручана падзяка. Заслугоўваюць самых высокіх слоў пахвалы яе каляжанкі Жанна Высоцкая і Ірына Рудовіч. Неаднаразова выходзіў пераможцам раённага спаборніцтва аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы Сцяпан Скурат. Фотаздымак сумленнага работніка змешчаны на Дошку гонару таварыства, як і даяркі МТФ «Ніўнае-цэнтр» Алены Босай. Алена Аляксандраўна ў ліку лепшых працаўніц, яна дасканала ведае сваю работу, пастаянна ў перадавіках. З натхненнем працуюць і маюць неблагія вынікі Галіна Рымашэўская і Святлана Філіповіч. На МТФ «Барок» шчыруюць вопытная Ганна Мішук і маладая Алена Рослік. Варта згадаць, што прыбаўка малака на карову на гэтай ферме таксама адчувальная – амаль паўтоны. У Алены Антонаўны муж працуе жывёлаводам. На МТФ «Заброддзе» вылучаецца стараннасцю даярка Наталля Лапкоўская, фотаздымак якой таксама ўпрыгожвае Дошку гонару гаспадаркі. Цялятніца Таццяна Чарнец усё жыццё аддала працы на ферме, хоць і мае спецыяльнасць медсястры. Таццяна Казіміраўна – шматдзетная маці. За шматгадовую і плённую працу ўшанавалі і жывёлавода Марыю Босую. Марыя Станіславаўна гэтымі днямі выйшла на заслужаны адпачынак. Цялятніцы Лідзія Дарафей і Галіна Недзень прыкладаюць нямала намаганняў, каб вырасціць сваіх гадаванцаў. Кіраўніцтва таварыства задаволена іх работай.

Падзячнымі пісьмамі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарункамі за самаадданую працу і вернасць выбранай прафесіі ўшанаваны дваццаць пяць жывёлаводаў.

На здымках: в. а. старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень уручае падзячныя пісьмы жывёлаводам МТК «Вішнявец» ААТ «Вішнявецкі-агра» Галіне Загуста і Святлане Дзявойна; перадавы аператар машыннага даення МТФ «Ніўнае-цэнтр» ААТ «Дзераўное» Алена Босая; руплівыя працаўніцы МТФ «Заброддзе» ААТ «Дзераўное» цялятніца Таццяна Чарнец і аператар машыннага даення Наталля Лапкоўская; аператары машыннага даення МТФ «Барок» ААТ «Дзераўное» Ганна Мішук і Алена Рослік; аператары машыннага даення Ніна Лук’янчык, Аксана Высоцкая, тэхнік-асемянатар Кацярына Юрыс, цялятніца Ала Нарановіч працуюць у СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс»; на МТФ «Вішнявец» ААТ «Вішнявецкі-агра» шчыруюць аператарамі машыннага даення Людміла Палягошка, Сяргей Княжэвіч (слесар) і Ірына Баран.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *