Франтавік, які пабудаваў школу

Нумары Факты, падзеi, людзi

Аляксандр Жарскі ў свае 95 дэкламуе на памяць «Пана Тадэвуша» і прыгадвае, як будаваў Дзераўнянскую школу. А яшчэ – часта бачыць вайну… у снах.

Гэта сапраўды вялікая рэдкасць – пазнаёміцца з такім юбілярам. Аляксандр Іванавіч – франтавік, на грудзях якога медаль «За адвагу». Настаўнік. Дырэктар школы – будаўнік. Аматар-садоўнік. Бацька дваіх дзяцей, дзядуля васьмі ўнукаў і праўнукаў… Легенда Стаўбцоўшчыны! Яму 13 студзеня, акурат на стары Новы год, споўнілася 95. Гэтая падзея паклікала ў Дзераўную ці прымусіла хоць бы ўзяцца за тэлефон многіх людзей.

Старшыня раённага савета ветэранаў вайны і працы Іосіф Язвінскі прывёз Аляксандру Жарскаму, удзельніку вайны і ветэрану працы, пажаданні ад раённай ветэранскай арганізацыі і, безумоўна, вялікі дзякуй яго родным, якія берагуць ветэрана і доўжаць яго век. За значны ўклад у развіццё адукацыі (Аляксандр Жарскі – выдатнік народнай асветы) выказаў яму падзяку ад імя раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, асабіста ад сябе старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Сямён Юрчык. «На Стаўбцоўшчыне засталося ўсяго чатыры педагогі – ветэраны Вялікай Айчыннай. Сярод іх і Аляксандр Іванавіч Жарскі», – падкрэсліў унікальнасць гэтых людзей Сямён Віктаравіч.

Цёплыя словы ў адрас юбіляра прагучалі ад старшыні Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяны Босай, старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі сельсавета Мечыслава Сахара (ён жа – і былы вучань Аляксандра Іванавіча; у новай школе, пабудаванай яго стараннямі, заканчваў 10-ы клас). Работнікі Дзераўнянскага дома культуры, здатныя да адмысловых музычных сюрпрызаў, стварылі ў доме Аляксандра Іванавіча сапраўднае свята.

Але, бадай, у ліку першых гасцей, якія ў гэты дзень завіталі да шаноўнага юбіляра, былі школьнікі і педагогі яго роднай Дзераўнянскай школы. Яны – сімвал і сутнасць усяго яго вялікага жыцця. З раніцы прыбягала не адна чародка вучняў, малодшых і старэйшых (балазе, дом юбіляра – насупраць школы). У калектыве гэтай навучальнай установы, прызнанай, дарэчы, адной з лепшых сельскіх школ рэспублікі, яшчэ працуюць такія педагогі, як, напрыклад, Леакадзія Кароткая, якая пачынала сваю працоўную біяграфію пад кіраўніцтвам Аляксандра Жарскага. Леакадзія Пятроўна прызналася: «Вучні любяць заходзіць да Аляксандра Іванавіча, паслухаць розныя жыццёвыя гісторыі».

Адным словам, у доме Жарскага было ажыўлена і цесна ад гасцей – хоць ты рассоўвай сцены…

Аляксандр Іванавіч, прымаючы віншаванні і падарункі, жыва адгукаўся ўспамінамі аб усім перажытым. Свой расказ ён трапна перасыпаў урыўкамі з міцкевічавага «Пана Тадэвуша» на польскай мове! Дачка Святлана і зяць Іосіф, на якіх ляжыць штодзённы догляд бацькі, на гэты конт паджартоўвалі: «Калі не спыніць дзядулю, то слухаць прыйдзецца да вечара». Юбіляр растлумачыў: «Родам я з Навагрудскага раёна. Спачатку вучыўся ў польскай школе, а там усе тэмы па прадметах мы падмацоўвалі вершамі на памяць».

Памяць у Алясандра Жарскага захавалася выдатная, строй думак – выразны, канкрэтны. Яго ўдзячныя вучні нагадалі пра аўтарскую методыку, якую засвоілі ад свайго дырэктара школы і настаўніка: маўляў, у Аляксандра Іванавіча былі толькі дзве адзнакі – адзінка і пяцёрка, прычым «кол», калі вучань вывучыць урок, станавіўся чацвёркай. Варта прыгадаць, што Аляксандр Жарскі быў кіраўніком метадаб’яднання настаўнікаў геаграфіі раёна. Шмат гадоў у летні перыяд ён узначальваў аздараўленчы лагер «Пралеска», які знаходзіўся тады ў ваколіцах Дзераўной. Разам з вучнямі выязджаў у велападарожжы. Пачынаў з маршруту на возера Кромань, а затым – усё далей, далей… Вучні гэта не забываюць, хоць і сталі ўжо дарослымі людзьмі. Адзін з іх – урач Станіслаў Цвірка. «Гэта ён бацьку з інфаркту выцягнуў», – дадае Святлана Жарская, сама ўрач, да выхаду на пенсію працавала па спецыяльнасці ў Стаўбцоўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце.  

Але галоўны вынік свайго жыцця Аляксандр Жарскі бачыць, безумоўна, у тым, што пабудаваў у Дзераўной школу. Вось гэтая школа-асветніца цяпер стаіць праз дарогу ад яго дома.

– Люблю палюбавацца на сваю школу, – з асаблівым пачуццём гаворыць юбіляр. – Я столькі ўклаў у яе сіл! Выбіваў матэрыялы для будаўніцтва тры гады. Затое пабудавалі – за год. – І працягвае: – Я ўсё жыццё працаваў, убаку ніколі не стаяў. У мяне была добрая жонка (светлай памяці) – падтрымлівала ва ўсім. Жыў сумленна, сябе не шкадаваў…

Аляксандр Жарскі фактычна працаваў да 75-ці гадоў, прычым апошнія 14 гадоў – звычайным настаўнікам у Хатаўской школе. Ён завёў сад, які стаў унікальнасцю тутэйшых ваколіц. У ім растуць яблыні, грушы, якія былі прышчэплены Аляксандрам Іванавічам на лясных дзічках. Плады з адной грушы, якая вырасла на чарнаплоднай рабіне, дамашнія так і называюць – «грушы Сашы». Сваімі саджанцамі гаспадар дзяліўся з іншымі аматарамі. Ехалі да яго здалёку. А сёння яго справу працягваюць зяць, а таксама ўнук Аляксандр Бець, ляснічы Прудскога лясніцтва.

– Цаню сваіх блізкіх. Дачка, зяць, унук – ніколі не пакідаюць мяне аднаго. Сын з сям’ёю жыве ў Гродне, працуе камерцыйным дырэктарам на «ГроднаАзоце», аб’ехаў многія краіны свету, – радуецца за сваю сям’ю Аляксандр Іванавіч. У яго словах – і шчасце, і жыццёвая мудрасць.

Праўда, у гэтую ідылію нярэдка ўрываецца вайна. У снах. «Нібыта мы адступаем, а застаюцца на полі бою цяжка параненыя. Яны просяць: «Браткі, не кідайце нас…» – з горыччу апавядае Аляксандр Жарскі, былы кулямётчык і сувязіст, які прайшоў з баямі Заходнюю Украіну, Румынію, Венгрыю. Дайшоў да Аўстрыі. Браў удзел у крывавай бітве ля возера Балатон.

Са шматдзетнай сялянскай сям’і, з якой паходзіць Аляксандр Жарскі, пайшлі на фронт у адзін дзень тры браты. І ўсе трое вярнуліся жывымі. Больш таго, двое жывуць і сёння. Аляксандру Іванавічу споўнілася 95, а яго старэйшаму брату – 97. Ёсць за кім імкнуцца…

НА ЗДЫМКАХ: віншуюць юбіляра старшыня Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяна Босая і вучні мясцовай школы; Аляксандру Жарскаму – 95.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *