Прымнажаць дабро на зямлі

Нумары Факты, падзеi, людзi

Са словам удзячнасці хачу звярнуцца да ўсіх, хто паўдзельнічаў у дабрачынных справах сястрыцтва кафедральнага сабора святой праведнай Ганны. Мы ведаем, што сярод гэтых міласэрных людзей ёсць пенсіянеры, студэнты, прадстаўнікі рабочых прафесій і інтэлігенцыі, дамашнія гаспадыні, прадпрымальнікі… Немагчыма кожнаму асабіста выказаць словы шчырай удзячнасці. Таму ўсім вам мы гаворым: «Спасі вас Госпадзі!»

Асаблівую ўдзячнасць выказваем настаўнікам, вучням і бацькам гімназіі № 1 г. Стоўбцы, СШ № 2. Усё, што вы перадалі ў наш храм, адпраўлена выхаванцам сацыяльнага прытулку (Акінчыцы), хворым дзеткам анкалагічнага аддзялення (Бараўляны) і кардыялагічнага аддзялення (Мінск), у таварыства маладых інвалідаў (Стоўбцы), маладым маламаёмасным сем’ям, якія знаходзяцца пад апякунствам сацыяльнага цэнтра «Счастливый малыш» (Мінск), і індывідуальна тым, хто звярнуўся да нас па дапамогу. Колькі радасці было ў дзяцей ад атрыманых падарункаў! Добры чалавек, дзякуй табе за міласцівае сэрца!

Дарагія нашы, сваёй міласэрнасцю вы памнажаеце дабро на зямлі. Мы будзем разам з вамі працягваць гэтую ўгодную Богу справу. Вельмі шмат просьбаў не толькі аб фінансавай падтрымцы, але і аб дапамозе гігіенічнымі сродкамі, падгузнікамі для дзяцей і дарослых, аднаразовымі сурвэткамі, адзеннем, абуткам… Мы адкрываем збор сродкаў нашай зямлячцы з анкалагічным захворваннем, якая знаходзіцца на лячэнні.

Ёсць шмат прыкладаў, калі па чалавечых мерках здзяйснялася немагчымае: за кароткі час удавалася назбіраць патрэбную суму грошай і выратаваць жыццё чалавека. Прыхаджане кафедральнага сабора пастаянна ўдзельнічаюць у зборы сродкаў на лячэнне цяжка хворых дзяцей, дабрачынныя рахункі якіх аб’яўлены ў рэспубліканскай праваслаўнай газеце «Царкоўнае слова».

Усе вы – хрысціяне, якія, пачуўшы кліч аб дапамозе, не застаяцеся ўбаку, тыя хрысціяне, для якіх саборнасць заключаецца не толькі ў малітве.

Няхай будуць з вамі і вашымі блізкімі міласць і благаславенне Божыя!

Таццяна ІГУМНАВА, сястрыцтва кафедральнага сабора святой праведнай Ганны



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *