Абарот грамадзянскай зброі

Кантроль, бяспека Нумары

За мінулы год жыхарамі раёна добраахвотна здадзена 28 боепрыпасаў і чатыры адзінкі незарэгістраванай зброі. Добраахвотнікі не былі прыцягнуты ні да адміністрацыйнай, ні да крымінальнай адказнасці.  

На ўліку ў райаддзеле міліцыі знаходзіцца больш за 400 індывідуальных уладальнікаў грамадзянскай зброі, якім належыць звыш 500 адзінак розных відаў агнястрэльнай зброі. Не ўсе з іх законапаслухмяныя. Так, за парушэнне тэрмінаў перарэгістрацыі агнястрэльнай зброі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў мінулым годзе два ўладальнікі, яшчэ тры ўладальнікі – за парушэнне ўмоў захоўвання агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў. Дзесяці ўладальнікам быў ануляваны дазвол на захоўванне зброі ў сувязі з парушэннем правіл палявання, незаконнага захоўвання баявых патронаў, а таксама кіравання транспарным сродкам у стане алкагольнага ап’янення і медыцынскіх супрацьпаказанняў.

Асноўная праблема, якая турбуе праваахоўныя органы, – няўлічаная зброя, што дасталася грамадзянам у спадчыну, і, акрамя таго, тая зброя, якая да 1976 года свабодна прадавалася ў гандлёвай сетцы. У сувязі з гэтым яна можа захоўвацца без адпаведных умоў, якія выключаюць доступ старонніх асоб. Незарэгістраваная зброя нярэдка служыць і для ўчынення правапарушэнняў, у тым ліку незаконнага палявання.

Незаконнае захоўванне паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі згодна з адміністрацыйным заканадаўствам цягне накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, а ў адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам за незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай наразной зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў прадугледжана адказнасць у выглядзе выпраўленчых работ тэрмінам да двух гадоў, абмежавання волі да пяці гадоў ці пазбаўлення волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.  

Просьба да тых, каму вядомыя факты незаконнага захоўвання зброі, паведаміць аб гэтым у райаддзел міліцыі па тэл. 5-14-88, 5-19-15 або 102. Ананімнасць паведамлення гарантуецца.

Набываць грамадзянскую зброю, якая прызначана для самаабароны, для заняткаў спортам і для палявання, маюць права грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі ўзросту 18 гадоў, пасля атрымання ў органе ўнутраных спраў па месцы жыхарства дазволу на набыццё канкрэтнага віду зброі. Механічныя распыляльнікі, аэразольныя і іншыя прыстасаванні з рэчывамі слёзатачывага або раздражняльнага дзеяння, электрашокавыя ўстройствы, якія адпавядаюць устаноўленым Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь нормам, а таксама пнеўматычная зброя з дульнай энергіяй не больш за 7,5 Дж рэгістрацыі не падлягаюць і набываюцца без атрымання дазволу.

У мэтах супрацьдзеяння незаконнаму абароту зброі і забеспячэння яе захаванасці райаддзел міліцыі прапануе ўсім уладальнікам агнястрэльнай зброі абсталяваць свой жылы дом (кватэру) ці месца захоўвання агнястрэльнай зброі сродкамі ахоўнай сігналізацыі і здаць яго пад ахову.

Інфармацыю па ўсіх узнікшых пытаннях можна атрымаць у райаддзеле міліцыі: прыём грамадзян – у сераду і пятніцу з 08.00 да 13.00, аўторак і чацвер – з 15.00 да 20.00, суботу – з 09.00 да 13.00. Тэлефон для даведак – 5-14-88.

Аляксандр ПАРХІМОВІЧ,інспектар па дазвольнай рабоце райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *