Ахова жыцця – на першым плане

Кантроль, бяспека Нумары

Адным з найбольш важных накірункаў дзейнасці дзяржаўных органаў з’яўляюцца ахова жыцця і здароўя людзей, высвятленне прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў, а таксама траўміраванню і гібелі людзей.

Прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне пажараў і іншых надзвычайных сітуацый і гібелі людзей ад іх, праводзяцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ва ўзаемадзеянні з органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях, органамі аховы здароўя, установамі сацыяльнага абслугоўвання, адукацыі, арганізацыямі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду, і інш. на падставе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў».

Варта адзначыць, што ў 2016 годзе мелі месца выпадкі гібелі людзей у выніку суіцыдаў, што патрабуе выпрацоўкі дадатковых арганізацыйна-практычных мер па абароне жыцця і здароўя грамадзян.

Так, у лістападзе мінулага года раённым аддзелам Следчага камітэта былі зарэгістраваны тры паведамленні аб фактах суіцыду жыхароў раёна. Звялі рахункі з жыццём мужчыны 1982, 1950 і 1940 гадоў нараджэння, усе яны пражываюць у сельскай мясцовасці.

У ходзе апытанняў блізкіх, якія пражывалі з загінуўшымі, суседзяў, сяброў, устаноўлена, што да прыняцця рашэння аб суіцыдзе пацярпелыя знаходзіліся ў дэпрэсіўныс стане, скардзіліся на стан здароўя і выказвалі намер звесці рахункі з жыццём. Гэта заставалася незаўважаным як з боку блізкіх, так і з боку работнікаў цэнтральнай раённай бальніцы. Да прыкладу, адзін з мужчын незадоўга да смерці знаходзіўся на лячэнні ў бальніцы, дзе ў яго выявілі хваробу страўнікава-кішэчнага тракта. Яго даймалі болі, у сувязі з чым ён казаў пра намер пайсці з жыцця непасрэдна ў перыяд праходжання стацыянарнага лячэння.

Адзін з трох загінуўшых вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, аднак не змог адаптавацца да ўмоў жыцця і змірыцца з тым, што застаўся без падтрымкі. На даную акалічнасць павінен быў звярнуць увагу савет грамадскага пункта аховы правапарадку Заямнаўскага сельвыканкама.

Прыведзеныя прыклады суіцыдаў, на жаль, не з’яўляюцца адзінкавымі ў раёне. Каб папярэдзіць іх, мэтазгодна пашырыць мерапрыемствы асветніцкай работы сярод насельніцтва, у тым ліку і адносна прадастаўлення адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі, работы псіхолага ў тэрытарыяльным цэнтры, неадкладнага інфармавання адпаведных службаў і т. п.  

Мікалай СКРЫГАН,начальнік раённагааддзела Следчага камітэта



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *