Давярай, ды правярай

Кантроль, бяспека Нумары

Маладзечанскім раённым аддзелам Следчага камітэта завершана расследаванне па крымінальнай справе ў адносінах да мясцовага жыхара, які абвінавачваецца ва ўчыненні махлярскіх дзеянняў. Устаноўлена, што жыхар Маладзечанскага раёна, 1989 года нараджэння, які адбываў пакаранне ў выглядзе папраўчых работ, прычыніў грамадзянам маёмасную шкоду.

На розных сайтах у інтэрнэце абвінавачваны знаходзіў аб’явы аб продажы аўтамабіляў і, спасылаючыся на розныя сямейныя і фінансавыя абставіны, угаворваў грамадзян прадаць маёмасць у растэрміноўку. У ходзе асабістых сустрэч ён пакідаў прадаўцам мінімальны першачарговы ўзнос, а астатнія грашовыя сродкі абяцаў аддаць на працягу абумоўленага ў распісцы тэрміну. Аднак затым не адказваў на тэлефонныя званкі, а набытыя і нават неперааформленыя аўтамабілі рэалізоўваў.

Прызнаны пацярпелымі і грамадзяне, у якіх фігурант такім спосабам прысвоіў дарагія мабільныя тэлефоны.

Паводле даных следства, у перыяд з ліпеня 2015 па ліпень 2016 года абвінавачваны не правёў разлікі за аўтамабілі, мабільныя тэлефоны і іншую маёмасць, атрыманую ад 21 грамадзяніна, на агульную суму каля 30 000 рублёў.

У рамках крымінальнай справы праведзены вобыскі, допыты сведкаў і пацярпелых, рад экспертыз. З улікам кошту знойдзеных у ходзе следства аўтамабіляў, сум першапачатковых узносаў і наступных праведзеных абвінавачваным выплат, прычыненыя пацярпелым маёмасныя страты кампенсаваны на агульную суму звыш 21 000 беларускіх рублёў.

Дзеянні абвінавачванага кваліфікаваны следствам па арт. 416 (злоснае ўхіленне асуджанага ад адбывання пакарання ў выглядзе папраўчых работ і ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У адносінах да абвінавачванага прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Таццяна БЕЛАНОГ,афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *