Экскурсійныя групы на рынку паслуг

Нумары Паездкі, экскурсіі

Закончыўся першы год работы Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій, адкрытага на базе сэрвіснага даччынага ўнітарнага прадпрыемства «Гасцінічны комплекс «Арбіта». Якія яго вынікі? Што новага будзе прапанавана кліентам у 2017 годзе?

Пра гэта мы гутарым з дырэктарам турбюро Леанідай ВЫСОЦКАЙ.

– Вынікі 2016 года, першага года работы турбюро, можна назваць аптымістычнымі. Мы вывучылі рынак паслуг і попыт на іх, магчымасці рэгіёна. Варта сказаць, што Стаўбцоўскі раён глядзіцца вельмі нядрэнна, перспектыўна. За мінулы год на экскурсіях па Беларусі пабывалі 7145 чалавек, 181 чалавек – па краінах СНД. Вызначыліся і два прыярытэтныя напрамкі нашай дзейнасці. Гэта работа з прафсаюзнымі арганізацыямі і ўстановамі адукацыі.

– Леаніда Генадзьеўна, як вы ацэньваце супрацоўніцтва з установамі адукацыі раёна?

– Гэтае супрацоўніцтва пры падтрымцы начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людмілы Стонька вельмі плённае. Не выпадкова, што яно атрымала ацэнку на ўзроўні рэспублікі. Па колькасці арганізаваных сярод школьнікаў экскурсійных груп мы ў ліку лепшых. Не ўсе вялікія гарады могуць пахваліцца такой актыўнасцю. Праз экскурсіі дапаўняюцца пазнанні нашых дзяцей у літаратуры, гісторыі, краязнаўстве, вядзецца іх ваенна-патрыятычнае выхаванне і т. п.

– У прафсаюзаў патэнцыял у турысцка-экскурсійнай дзейнасці далёка не вычарпаны…

– Сапраўды, не ўсе члены прафсаюзаў ахоплены турысцка-экскурсійнымі маршрутамі. Нельга не ўлічваць эканамічнага стану прадпрыемстваў і арганізацый, ад якога напрамую залежаць фінансавыя магчымасці прафсаюзных арганізацый. Для развіцця турызму мы маем цікавыя маршруты. Сёння кожная турбаза рэспублікі імкнецца прадаставіць свае паслугі не толькі на дастойным узроўні, а і са значнай скідкай, да 25 працэнтаў. На гэтыя прапановы адгукаюцца прафсаюзныя арганізацыі, пра што сведчаць і планы іх работы на 2017 год.

– Дзе кампактна можна пазнаёміцца з тым, што прадастаўляе айчынны турызм?      

– Адназначна, на ІІ Міжнароднай выстаўцы «Прафтур-2017»! Яна пройдзе з 1 па 3 лютага ў сталічным Палацы прафсаюзаў. Гэта відовішчная падзея з анімацыйнымі праграмамі, творчымі выступленнямі. Да яе рыхтуюцца і турбюро, і прафсаюзныя арганізацыі. Буйны нацыянальны тураператар «Беларустурыст» упершыню ў мінулым годзе арганізаваў гэтую новую выстаўку. У гэтым годзе 13 краін запрошаны на яе і ўжо пацвердзілі свой удзел. Гасцей выстаўкі, дарэчы, будзе прымаць і наша турбаза «Высокі бераг».

– Што вы прапануеце сваім кліентам сёлета, у Год навукі?

– У нас вельмі цікавыя прапановы на гэты конт, якія з’явіліся ў выніку супрацоўніцтва з Нацыянальнай акадэміяй навук. Пра іх можна расказваць доўга. Скажу толькі, што ўсе экскурсіі для школьнікаў на аб’екты гэтай установы – бясплатныя. У плане прафарыентацыйнай работы сярод старшакласнікаў прапануем наведванне каледжаў і ліцэяў, так званыя вытворчыя экскурсіі на прадпрыемствы рэспублікі. Папулярнасць набірае маршрут «Астравецкая «кругасветка». Ён бярэ свой пачатак з музея Агінскага ў Залессі, дзе акрамя музейнай экспазіцыі могуць быць музычна-педагагічныя заняткі як з дзецьмі, так і з дарослымі, а заканчваецца на месцы будаўніцтва першай беларускай атамнай станцыі. Хутка Масленіца, і мы прапануем весела адсвяткаваць яе на турбазе «Высокі бераг», у «Дукорскім маёнтку» і т. п.

З’явіўся новы маршрут, сумесны з турбазай «Орша». Для дарослых прапануем даступныя па цане туры выхаднога дня (ад аднаго да трох дзён з пражываннем, харчаваннем), для дзяцей – аднадзённыя туры з наведваннем саляных пакояў, якія служаць рэлаксацыі і ўмацаванню здароўя, а таксама экскурсію на радзіму Прэзідэнта краіны па маршруце Орша – Копысь – Александрыя. Думаю, што па выніках выстаўкі «Прафтур-2017» у нас з’явяцца цікавыя маршруты і накірункі як для пастаянных, так і для новых турыстаў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *