Маніторынг зямельных рэсурсаў

Нумары

Пытанні рацыянальнага выкарыстання, згодна з прызначэннем, зямельных участкаў, удасканалення заканадаўства ў вобласці зямельных адносін былі ўзняты Прэзідэнтам краіны і атрымалі шырокі рэзананс у грамадстве.    

На Стаўбцоўшчыне на даны момант няма дэфіцыту зямельных участкаў, якія могуць быць прадастаўлены для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, аднак у 2016 годзе землеўпарадкавальнай службай райвыканкама выдадзена 95 прадпісанняў, звязаных з самавольным заняццем земляў. Зафіксаваны і іншыя парушэнні зямельнага заканадаўства.

– Найбольшая колькасць прадпісанняў аб ухіленні парушэнняў зямельнага заканадаўства выдадзена жыхарам райцэнтра, якія дапусцілі складзіраванне будаўнічых матэрыялаў, дроў, будаўнічых адходаў, – адзначыла начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Таццяна Юнцэвіч. – На працягу двух тыдняў пасля атрымання прадпісанняў гэтыя недахопы былі ліквідаваны. Варта адзначыць, што штрафы за самавольнае заняцце земляў складаюць для грамадзян ад 10 да 30 базавых велічынь, індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 20 да 100 «базавых», юрыдычных асобаў – ад 50 да 300 «базавых». Разам з тым, у мінулым годзе да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты за самавольнае заняцце земляў тры юрыдычныя асобы, індывідуальны прадпрымальнік і шэсць грамадзян.

Па рашэнні райвыканкама былі адабраны два зямельныя ўчасткі, раней прадастаўленыя для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома (у Стоўбцах і вёсцы Гнецькі Рубяжэвіцкага сельсавета), а таксама ўчастак у юрыдычнай асобы, прадастаўлены ў Стоўбцах для будаўніцтва гандлёвага аб’екта, дзе на працягу года ніхто не прыступіў да яго заняцця і, адпаведна, да правядзення работ і навядзення парадку на ім.

Землеўпарадкавальнай службай працягваецца маніторынг выкарыстання земляў фермерскімі гаспадаркамі, праводзіцца работа па ўцягванні ў сельскагаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых і неэфектыўна выкарыстоўваемых земляў, скарачэнні колькасці пустых і лядашчых дамоў у сельскай мясцовасці і т. п.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *