Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне пяць шлюбаў, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 13 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Аляксандр Грыгарцэвіч, Максім Калінін, Іван Каробка, Сафія Цвірка, Софія Кубрына, Кірыл Лукашэвіч, Любоў Клочка, Міхаіл Багдановіч, Аляксандра Смірнова, Віялета Кутас, Яўгеній Трус, Ціхан Ранцюк і Аляксандра Прымакова.    

Зямны шлях закончыўся для 16-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень прайшоў без вогненных здарэнняў.

Міліцыяй зарэгістравана 99 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана дзевяць крымінальных спраў, у васьмі з іх устаноўлены падазраваемыя. Невядомы выкраў амаль 600 кг морквы і 400 кг капусты, чым нанёс пацерпелай шкоду на агульную суму 350 рублёў. У гандлёвым цэнтры «Шкатулка» дзве наведвальніцы паквапіліся на мяч і банкі з мыльнымі пухірамі.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету затрыманы 28-гадовы жыхар Падляскоўя, які на возеры паблізу Беламошша незаконна вылавіў шчупака. Шкода, нанесеная браканьерам, склала 80,5 рубля. Акрамя кампенсацыі гэтай сумы яму пагражае і штраф – да 50 базавых велічынь. Аналагічны штраф з пазбаўленнем спецыяльнага права на паляванне і сродка палявання чакае і 29-гадовага жыхара Прудоў, які ажыццяўляў паляванне без дазволу, з выкарыстаннем чатырох капканаў у паляўнічых угоддзях ТАА «Белпаляваннетур».

Суд асудзіў да пазбаўлення волі на год 40-гадовага жыхара Наваколасава, раней судзімага, які без інфармавання органаў міліцыі змяніў месца жыхарства, каб ухіліцца ад адбыцця пакарання.

ДАІ выявіла 194 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – двое нецвярозых вадзіцеляў і шэсць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 34 недысцыплінаваныя пешаходы (сярод іх пяць – нецвярозыя) і тры – веласіпедысты. Зафіксавана восем дарожна-транспартных здарэнняў. У адным з іх, позна вечарам 22 студзеня, пацярпеў нецвярозы пешаход, 34-гадовы жыхар Кондратавічаў. У такім стане ён ляжаў на аўтадарозе Буцькавічы – Юркавічы – Путчына, дзе і адбыўся наезд на яго аўтамабілем «Фольксваген Джэта». Вадзіцель з месца здарэння ўцёк. Траўміраваны пешаход дастаўлены ў хірургічнае аддзяленне бальніцы.    

«Хуткая» выязджала да хворых 287 разоў, у прыватнасці 12 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. Чатыры звароты ў экстранную службу прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *