Правапарадак – і грамадскімі мерамі

Нумары Соцыум

Па традыцыі, на пачатку новага года падведзены вынікі агляду-конкурсу грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, якія працуюць пры сельскіх Саветах раёна.

Сярод пераможцаў названы грамадскія пункты Дзераўнянскага сельскага Савета (першае месца; старшыня сельвыканкама – Таццяна Босая), Вішнявецкага (другое месца; старшыня – Ніна Гурыновіч) і Налібацкага (трэцяе месца; старшыня – Аляксандр Пілінкевіч). Дыпломы старшыням названых сельскіх Саветаў уручыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель.

Пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу да ўвагі браўся стан крымінагеннай абстаноўкі на тэрыторыі сельсавета і ўплыў на яе грамадскасці, эфектыўнасць мераў грамадскага ўздзеяння.

– У выніку сумеснай работы мы дабіліся пэўных вынікаў, – падкрэсліла начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юлія Белавусава. – Аб гэтым сведчыць зніжэнне злачыннасці ў грамадскіх месцах сельскіх населеных пунктаў і горада Стоўбцы, у сферы сямейна-бытавых адносін, дзе ў 2016 годзе не дапушчана цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

У 2016 годзе ў раёне прайшло 146 пасяджэнняў саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (найбольш – у Заямнаўскім і Мікалаеўшчынскім сельскіх Саветах), на якіх было разгледжана 1108 чалавек. Праведзена 28 выязных пасяджэнняў, і найбольш шырока карыстаўся гэтай формай работы гарадскі савет грамадскага пункта аховы правапарадку. Практыка падобных пасяджэнняў працягнецца і ў новым годзе.

На пасяджэннях саветаў грамадскіх пунктаў разглядаюцца, як правіла, асобы, якія злоўжываюць спіртным, абавязаныя асобы і асобы, якія дапусцілі насілле ў сям’і, бацькі, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, а таксама раней судзімыя і т. п. Многія з гэтых грамадзян пасля праведзенай прафілактычнай работы і, пры падтрымцы прадпрыемстваў, прайшлі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці, працаўладкаваліся. 16 асобаў былі накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

Аднак, як сведчыць статыстыка, і органам правапарадку, і грамадскім фарміраванням неабходна больш працаваць з грамадзянамі пажылога ўзросту. У мінулым годзе вырасла колькасць пацярпелых ад крадзяжоў і іншых злачынных замахаў сярод асобаў, узрост якіх складае 70 і больш гадоў. Адзін з учыненых крадзяжоў – у асабліва буйных памерах. У адносінах да састарэлых часта фіксуюцца грабяжы. Найбольш іх здарылася на тэрыторыі прыгарадных сельсаветаў – Заямнаўскага, Старасвержанскага, а таксама Шашкоўскага сельсавета.

У бліжэйшы час будзе зацверджаны графік комплексных адпрацовак сельсаветаў на 2017 год. У іх, безумоўна, прымуць актыўны ўдзел і члены грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. Гэтыя прафілактычныя мерапрыемствы – магчымасць яшчэ раз нагадаць пажылым людзям пра элементарныя меры асабістай бяспекі. У першую чаргу, нельга адкрываць дзверы незнаёмым, уступаць у розныя выпадковыя здзелкі і т. п.

Яшчэ адна праблема, якая ўзнімалася, – адносна павышэння эфектыўнасці работы добраахвотных дружын у сельскай мясцовасці. У першую чаргу неабходна перагледзець іх склад (на цяперашні час ён пераважна жаночы). Дружыны павінны дзейнічаць не пры сельгаставарыствах, а пры сельскіх Саветах, каб уключаць у лік дружыннікаў прадстаўнікоў усіх прадпрыемстваў і арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, і не абмяжоўвацца ажыццяўленнем кантролю толькі над вартавой аховай гаспадарак, а і бачыць сітуацыю ў сем’ях, на дыскатэках у клубе і т. п.  

НА ЗДЫМКУ: начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юлія Белавусава абмяркоўвае работу са старшынямі лепшых грамадскіх пунктаў – Таццянай Босай і Нінай Гурыновіч.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *