У Заямнаўскай сярэдняй школе ў рамках праекта «Школа – тэрыторыя здаровага ладу жыцця» з пачатку навучальнага года вядзецца работа па падрыхтоўцы валанцёраў да рэалізацыі падыходу «роўны навучае роўнага». Каманда з шасці актыўных, неабыякавых і заматываваных старшакласнікаў у першым паўгоддзі навучальнага года пазнаёмілася з асаблівасцямі працы валанцёраў-інструктараў, перспектывамі і магчымасцямі добраахвотніцкай дзейнасці.
Місія валанцёрскага атрада – унесці ўклад у фізічнае і маральнае аздараўленне грамадства, зрабіць жыццё святлейшым і ярчэйшым.
Педагог-кансультант роўнага навучання не толькі навучае, але і суправаджае валанцёраў-інструктараў у працэсе іх самастойнай адукацыйнай дзейнасці, аналізуе сумесна з падлеткамі станоўчыя і адмоўныя бакі іх школьнага жыцця, дасягненні і поспехі, цяжкасці, якія ўзнікаюць, і дапамагае знаходзіць правільныя рашэнні ў складаных сітуацыях.
Свой першы практычны вопыт старшакласнікі Аляксандра Пяткевіч, Яўгеній Калядка, Ірына Шакель, Яна Грыдзюшка, Карына Кацярнюк, Карына Радчанка прадэманстравалі, арганізаваўшы сустрэчы з навучэнцамі 7-9 класаў, дзе пастараліся расказаць і паказаць ўдзельнікам, што без захавання ўласнага здароўя дасягненне нават самых значных і важных жыццёвых мэт можа аказацца цяжкім ці нават немагчымым.
Са слоў удзельнікаў сустрэч заняткі атрымаліся цікавымі, займальнымі і патрэбнымі сучасным маладым людзям. Самі валанцёры задаволены вынікамі першага вопыту і актыўна настроены на працяг добраахвотніцкай дзейнасці. Будзем спадзявацца, што гэты праект стане новым этапам развіцця і ўдасканалення прафілактычнай работы ў нашай школе.
Анастасія КАЗАК, педагог-кансультант роўнага навучання