Прааналізаваны прычыны зваротаў

Нумары Пракурорскі нагляд

У 2016 годзе супрацоўнікі пракуратуры раёна пры разглядзе зваротаў прымалі ўсе неабходныя меры па абароне і аднаўленні парушаных правоў грамадзян і юрыдычных асобаў.

Пры падвядзенні вынікаў работы за 2016 год пракуратурай раёна прааналізаваны прычыны зваротаў, якія паступаюць ад грамадзян і юрыдычных асоб не толькі ў пракуратуру, а ў іншыя органы, установы і арганізацыі раёна, а таксама стан законнасці пры іх разглядзе.

У пракуратуру раёна ў мінулым годзе паступіла 187 зваротаў ад фізічных асоб, 103 з іх – вырашаны. З агульнай колькасці вырашаных зваротаў задаволены ў інтарэсах заяўніка восем (пяць – аб прызнанні грамадзян у агульных судах недзеяздольнымі, па адным – аб прызнанні абмежаваным у дзеяздольнасці, нязгодзе з пастановай аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні і аказанні садзейнічання ў выплаце заработнай платы).

З нагляднай дзейнасці вынікае, што сярод вырашаных заяў і скаргаў грамадзян пераважаюць пытанні следства і дазнання, у прыватнасці павярхоўнае апытанне грамадзян і недастатковае высвятленне супрацоўнікамі раённага аддзела міліцыі і раённага аддзела Следчага камітэта ўсіх абставінаў, фармальны падыход, неабгрунтаванае спісанне матэрыялаў праверкі.

Па выніках праверак у райаддзел міліцыі ўнесены тры прадстаўленні, узбуджана дзевяць дысцыплінарных вытворчасцяў у адносінах да супрацоўнікаў. Трое з іх прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, да 19-ці прыменены меры матэрыяльнага ўздзеяння. У адрас раённага аддзела Следчага камітэта вынесена 15 патрабаванняў, і на іх падставе да следчых таксама прыменены меры матэрыяльнага характару.

Па выніках разгляду зваротаў грамадзян пракуратурай раёна ўнесена 14 актаў пракурорскага нагляду, у тым ліку сем іскаў у агульныя суды, афіцыйнае папярэджанне і т. п.

Пракуратурай праведзены праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у раённым выканаўчым камітэце, землеўпарадкавальнай службе райвыканкама, раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, Заямнаўскім і Навасвержанскім сельвыканкамах. У выніку – сем прадстаўленняў, два афіцыйныя папярэджанні, якія для сямі асоб абярнуліся дысцыплінарнай адказнасцю. Сярод найбольш значных парушэнняў – непрыняцце мераў для поўнага, аб’ектыўнага і своечасовага разгляду зваротаў, не растлумачэнне або неналежнае інфармаванне заяўніка адносна парадку абскарджання рашэнняў аб поўнай ці частковай адмове ў задавальненні звароту, пакіданні яго без разгляду па сутнасці і т. п.

У пракуратуру раёна паступіла 37 зваротаў ад юрыдычных асоб, з іх 31 – вырашаны, 16 – прызнаны абгрунтаванымі. Юрыдычныя асобы звяртаюцца, як правіла, з просьбай аб прад’яўленні іскаў у іх інтарэсах, што абумоўлена, перш за ўсё, адсутнасцю на іх рахунках свабодных грашовых сродкаў на аплату дзяржпошліны, неабходнасцю своечасовай выплаты заработнай платы і ажыццяўлення разлікаў за сыравіну. У інтарэсах юрыдычных асоб пракуратурай раёна ў мінулым годзе накіраваны ў суды 23 іскі ў абарону іх правоў.

Работнікі пракуратуры раёна праводзілі на працягу года і прыёмы грамадзян. Падчас іх звярнулася 119 грамадзян, у тым ліку 50 пабывалі на асабістым прыёме ў пракурора. Грамадзян прыводзіла незадаволенасць пастановамі райаддзела міліцыі аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ці прыпыненні вытворчасці па справах, дзеяннямі органаў, якія вядуць адміністрацыйны працэс, зямельныя і працоўныя спрэчкі і т. п.

Сяргей ГРЫЦУК,пракурор раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *