У мэтах прафілактыкі і папярэджання дарожна-транспартных здарэнняў з 24 па 30 студзеня Дзяржаўтаінспекцыяй аб’яўлена прафілактычная акцыя «Пешаход». 27 студзеня на Стаўбцоўшчыне прайшоў адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам – «Выконваем правілы дарожнага руху – папярэджваем дарожна-транспартныя здарэнні!»
Супрацоўнікамі ДАІ сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі прыкладаюцца намаганні для папярэджання ДТЗ, аднак пазбегнуць іх складана, пакуль самі вадзіцелі, пешаходы і пасажыры не будуць строга выконваць патрабаванні Правілаў дарожнага руху.
З пачатку 2017 года на аўтадарогах Мінскай вобласці ўжо адбылося 38 ДТЗ – у іх 12 чалавек загінулі і 52 – атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. У двух ДТЗ вінаватыя вадзіцелі ў стане алкагольнага ап’янення. Выхадныя і святочныя дні з’яўляюцца найбольш аварыйнымі.
Часцей за ўсё да ДТЗ прыводзіць:
Перавышэнне хуткасці
Амаль кожнае пятае ДТЗ звязана з перавышэннем або няправільным выбарам вадзіцелем хуткаснага рэжыму. На кожнай аўтадарозе ёсць свае аварыйныя кропкі – месцы канцэнтрацыі ДТЗ. Паблізу з імі выстаўлены дарожныя знакі, якія паніжаюць максімальную хуткасць і папярэджваюць аб магчымай небяспецы. Аднак ліхацтва і пераацэнка свайго майстэрства за рулём, асабліва ў складаных пагодна-дарожных умовах, прыводзяць да з’ездаў у кювет, перакульванняў і сустрэчных сутыкненняў. Усе гэтыя аварыі характарызуюцца цяжкімі наступствамі.
Да прыкладу, 8 студзеня на аўтамагістралі, паблізу Коласава, вадзіцель аўтамабіля «Фіят-дуката» няправільна выбраў бяспечную хуткасць руху, не справіўся з кіраваннем, дапусціў занос транспартнага сродку, у выніку чаго сутыкнуўся з сустрэчным аўтамабілем. 17-гадовы пасажыр «Фіята» атрымаў цяжкія траўмы.
Пешаходнаесамавольства
У зімовы перыяд найбольш актуальнае пытанне – папярэджанне пешаходнага траўматызму. Пешаходы па-ранейшаму груба парушаюць правілы дарожнага руху: пераходзяць дарогу там, дзе нельга, не абазначаюць сябе флікерамі, чым ствараюць на дарозе аварыйную сітуацыю.
22 студзеня каля 23.00 вадзіцель П., які кіраваў аўтамабілем «Фольксваген- джэта» і рухаўся па аўтадарозе Буцькавічы – Юркавічы – Путчына ў напрамку Рочавічаў, учыніў наезд на ляжачага на праезджай часці пешахода. Вадзіцель месца здарэння пакінуў. Пацярпелы пешаход быў нецвярозы і не абазначаны флікерам.
Адной з прычын гібелі і траўміравання пешаходаў з’яўляецца недысцыплінаванасць вадзіцеля пры праездзе нерэгуліруемых пешаходных пераходаў і не прадастаўленні перавагі ў руху пешаходам.
Кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення
Гэта самае грубае і небяспечнае парушэнне правілаў дарожнага руху. Статыстыка сведчыць, што 10-15 працэнтаў ДТЗ, учыненых па віне вадзіцеляў, выклікана ўжываннем алкаголю. У аварыях з нецвярозымі вадзіцелямі ў паўтара разы больш смяротных выпадкаў і цяжкіх траўм у пацярпелых.
У адносінах да вадзіцеляў у стане алкагольнага ап’янення прымаюцца самыя строгія меры, у тым ліку пазбаўленне права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў тэрмінам на тры гады і штраф да 100 базавых велічынь. Пры паўторным на працягу года падобным факце прадугледжана крымінальная адказнасць, якая ўключае і спецмеру – канфіскацыю транспартнага сродку, якім кіраваў нецвярозы вадзіцель, незалежна ад права ўласнасці.
Падумайце пра дзяцей-пасажыраў
З удзелам дзяцей на тэрыторыі Мінскай вобласці ўчынена з пачатку 2017 года тры ДТЗ, у іх траўміравана сем дзяцей. У двух ДТЗ дзяцей перавозілі з парушэннямі правіл перавозкі непаўналетніх пасажыраў.
10 студзеня каля 7.45 на аўтамагістралі, непадалёку ад Залужжа, вадзіцель грузавога аўтамабіля «Мерседэс Бенц» пры перабудове ў крайнюю правую паласу не саступіў дарогу маршрутнаму транспартнаму сродку «Мерседэс Бэнц Спрынтэр», у выніку чаго адбылося сутыкненне транспартных сродкаў. Вадзіцелю і чатыром пасажырам маршруткі, у тым ліку двум дзецям 2001 і 2005 года нараджэння, нанесены цялесныя пашкоджанні.
Выконвайце правілы дарожнага руху і не дапускайце дарожных аварый!
Сяргей КАЛОМЕНСКІ, старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ райаддзела міліцыі