Фестываль на шырокіх абцасах

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Міжрэгіянальны фестываль сярод наведвальнікаў аддзяленняў для дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльных цэнтраў «З песняй па жыцці» ўяўляе сабою магутную тэрыторыю творчасці і пазітыву, шчырага жыццесцвярджальнага гумару, які зацягвае ў свой сцэнарый не толькі тых, хто выступае на сцэне, а і ўсіх, хто знаходзіцца ў зале.

Яго можна назваць «фестывалем на шырокіх абцасах», таму што такім чынам акрэсліваецца склад і ўзрост удзельнікаў, іх нязменная пакорнасць жаночай модзе, а яшчэ – так хутчэй захаваецца ў фестывальным летапісе адзін з забаўных эпізодаў. Усё выйшла так, што на сцэне раённага Цэнтра культуры нашы стаўбцоўскія выступоўцы, апранутыя, як сапраўдныя артысты, у прыгожыя, да падлогі, сукенкі, стараліся паказаць сябе на «поўную катушку», але пад фінал не вытрымаў падобнага рытму… абцас у адной з удзельніц. Разам з тым, дробны казус не перашкодзіў заслужыць глядацкае «Брава!».

Гэты міжрэгіянальны фестываль, які прымалі на мінулым тыдні Стоўбцы, запомніцца і тым, што колькасць яго ўдзельнікаў вырасла амаль удвая. Фестывальны рух яшчэ некалькі гадоў таму пачыналі тэрытарыяльныя цэнтры трох раёнаў-суседзяў – Стаўбцоўскага, Уздзенскага і Клецкага, а сёння да ініцыятыўнай тройкі з задавальненнем далучыліся і іх сябры – калектывы з Баранавічаў, Вілейкі, Валожына, Заслаўя. Усіх удзельнікаў стаўбчане гасцінна сустрэлі літаральна на парозе, перадаверыўшы ў рукі сваіх валанцёраў, віталі дамашнім караваем. Выпякла яго таксама адна з валанцёраў, наведвальнікаў аддзялення Рэгіна Хамо.

– Прыемна, што песня з’ядноўвае пажылых людзей і пашырае геаграфію фестывалю далей за межы Мінскай вобласці, – адзначыў у прывітальным слове загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс.

А далей на сцэне пакацілася-паехала сапраўднае песеннае раздолле! Сярод выступоўцаў было нямала таленавітых творцаў, якія з’яўляюцца дыпламантамі конкурсаў, членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі і аўтарамі ўласных паэтычных зборнікаў. Члены клуба «Ніколі не позна» з Баранавічаў выканалі рамансы. Нязвычнае, акапэльнае, гучанне падарылі валожынцы. Асабліва здзівіў сямейны дуэт з Вілейкі, які спяваў аўтарскія песні пад гітару. У кляччан была прадстаўлена і аўтарская песня, і непаўторныя шлягеры маладосці. А задорныя ўздзенцы пераспявалі, здаецца, увесь рэпертуар і запрасілі залу спяваць разам з імі.

Моцную падтрымку залы адчуў і хор «Родны кут» (мастацкі кіраўнік – Міхаіл Міткевіч), які прадстаўляў Стаўбцоўшчыну. Апладысментамі ўзнагародзілі і выканаўцаў-салістаў – Івана Клімовіча, Ніну Захаранкаву, Аляксандру Пачасуй, Лілію Хамко, Таццяну Хамраеву, Веру Янушкевіч, Яўгенію Шклярэвіч, Мікалая Шэндзіка, а таксама мужчынскі квартэт у складзе Міхаіла Міткевіча, Мікалая Шэндзіка, Івана Клімовіча і Станіслава Грывачэўскага. Здавалася, чым большы ўзрост артыстаў, тым гучнейшыя для іх былі апладысменты.

Вядучая фестывалю, мастацкі кіраўнік раённага Цэнтра культуры Наталля Грынкевіч слушна заўважыла, што ад душэўных песень, тых, што «ад мамы, ад печкі», ад сумеснай фінальнай песні, якая застанецца з кожным удзельнікам фестывалю, на нашу стаўбцоўскую зямлю нечакана прыйшло лета. Цёплы прыём дапоўнілі адмысловыя падарункі – музычныя тапінарыі, выкананыя рукамі наведвальнікаў гурткоў пад кіраўніцтвам Таццяна Шаўчук і Людмілы Няверавай, якія працуюць пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Трэба сказаць, што і ўдзельнікі фестывалю прыехалі таксама не з пустымі рукамі і абменьваліся сувенірамі, частавалі адзін аднаго сваімі фірменнымі прысмакамі.

– Традыцыя песенных фестываляў, дэвізам якіх стала трыадзінства – усмешка, любоў і песня, – працягнецца, – падвёў вынік Сяргей Есіс. За высокі арганізацыйны ўзровень мерапрыемства ён выказаў удзячнасць спонсарам: прадпрыемствам «Колас» і «Гном-сэрвіс», цэху хлебапячэння райспажыўтаварыства, Стаўбцоўскаму філіялу Гарадзейскага цукровага камбіната за дэгустацыю прадукцыі і, безумоўна, дырэкцыі раённага Цэнтра культуры, з дапамогай якой усе ўдзельнікі фестывалю адчулі сябе ў Стоўбцах пераможцамі.

НА ЗДЫМКАХ: частушкі ад салісткі Аляксандры Пачасуй; стаўбцоўскі хор «Родны кут» пад кіраўніцтвам Міхаіла Міткевіча; творчы падарунак ад кляччан.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *