Цікавіліся пытаннямі развіцця нашага раёна

Нумары Раённыя навіны

На мінулым тыдні Стаўбцоўшчыну наведалі старшыні райвыканкамаў і асобы, уключаныя ў рэзерв кіруючых кадраў Мінскай вобласці, пры правядзенні выязнога практычнага занятку ў рамках курсаў павышэння кваліфікацыі, арганізаваных Мінскім аблвыканкамам.

У складзе гэтай дэлегацыі быў і старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў.

Удзельнікі выязнога практычнага занятку прыбылі на Стаўбцоўшчыну, папярэдне азнаёміўшыся з сучаснымі тэхналогіямі будаўніцтва і вытворчасці высокаякаснага малака на прыкладзе аб’ектаў Дзяржынскага раёна.

Прыярытэтнымі накірункамі развіцця сельскагаспадарчай галіны ў нашым раёне падзяліўся з калегамі Юрый Горлаў. Упор зроблены на будаўніцтва новых аб’ектаў для сельскагаспадарчай галіны і нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

А непасрэдна прымалі гасцей прадпрыемствы розных сфераў дзейнасці і формы ўласнасці, што дазволіла даць сапраўды шматбаковае ўяўленне пра развіццё эканомікі ў раёне.

На Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», адным са старэйшых прадпрыемстваў раёна, не так даўно завершана мадэрнізацыя вытворчасці, і гэта дало магчымасць рэалізаваць на ім імпартазамяшчальны праект па выпуску фруктова-ягадных напаўняльнікаў для малочнай і кандытарскай прамысловасці рэспублікі. У апошні час перапрацоўшчыкі працуюць над выпускам новага віда напаўняльнікаў – для дзіцячага харчавання. Госці змаглі паглядзець, як працуюць аддзяленне перапрацоўкі садавіны і гародніны, лінія асептычнага кансервавання. Прадукцыя выходзіць з канвеера ў зручнай сучаснай упакоўцы – bag-in-box або шкляной бутэльцы рознай ёмістасці. Дэгустацыя дазволіла ацаніць натуральны смак сокаў і нектараў.    

СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн», вытворца гандлёвага халадзільнага абсталявання, прыцягнуў увагу ў першую чаргу нават не сваёй прадукцыяй, якая рэалізуецца ў Расійскую Федэрацыю, Казахстан, а геатэрмальным ацяпленнем. На гэтым прадпрыемстве не выкарыстоўваюцца ні прыродны газ, ні мясцовыя віды паліва – цяпло бярэцца з нетраў зямлі, кампенсіруецца і падаецца для ацяплення вытворчых цэхаў. На сур’ёзны ўзровень пастаўлена тут і рэкуперацыя цяпла – яно збіраецца ад кожнага аўтамата, станка і т. п. У сувязі з праводзімай работай па энергазберажэнні прыватнае прадпрыемства агучыла і сваю новую рыначную прапанову – выпуск паліўных помпаў.

У праграму выязнога практычнага занятку ўваходзіла і наведванне ўчастка вырошчвання вясёлкавай фарэлі ААТ «Рыбгас «Альба» на рацэ Сула. Участак быў адкрыты ў мінулым годзе дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы і ўключэнні ў праграму развядзення каштоўных відаў рыб у Беларусі. Паралельна з вытворчым цыклам працягваюць расшырацца магутнасці рыбаводаў.

Невыпадкова, што знаёмства са Стаўбцоўшчынай, краем маляўнічай прыроды, завяршылася турыстычнай тэмай – на базе сядзібна-паркавага комплекса «Панскі маёнтак Сула».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *