Адносіны да зямлі як да эканамічнага падмурка

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

У нашай рэспубліцы наспелі пытанні ўдасканалення зямельнага заканадаўства. Пры абмеркаванні гэтай тэмы Прэзідэнт краіны акрэсліў найбольш злабадзённыя моманты: узмацненне кантролю за прадастаўленнем зямельных участкаў, спрашчэнне адміністрацыйнай працэдуры па адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў, удакладненне кампетэнцыі прадастаўлення ворыўных і лясных земляў.

Наколькі рацыянальна і эфектыўна ажыццяўляецца ў нашым раёне землекарыстанне, дзе шукаюцца дадатковыя гектары і якія меры прадпрымаюцца для таго, каб дабіцца парадку на зямлі?

Пра гэта мы гутарым з начальнікам землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Таццянай ЮНЦЭВІЧ.

– Таццяна Леанідаўна, што з’яўляецца балявымі кропкамі сучаснага землекарыстання?

– Пытанні навядзення парадку на зямлі — яны патрабуюць сістэматычнага гаспадарлівага падыходу. Ахова і мэтавае выкарыстанне земляў, уцягванне ў абарот зямельных участкаў, якія не эфектыўна выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, застаюцца свабоднымі пасля зносу старых разбураных пабудоў. Нашы спецыялісты выязджаюць у рэйды, праводзяць маніторынгі і праверкі выканання зямельнага заканадаўства, інвентарызацыю земляў. 65 га земляў сельскагаспадарчага прызначэння — столькі дадатковых гектараў уцягнута ў абарот у мінулым годзе.

– Зямля для таго і служыць, каб на ёй вырошчвалі хлеб.  

– Пры размеркаванні земляў у працэсе гаспадарчай дзейнасці прыярытэтам выступае максімальнае захоўванне сельскагаспадарчых угоддзяў, удасканаленне іх структуры і, канешне, уцягванне ў сельскагаспадарчы абарот земляў, якія не выкарыстоўваюцца або выкарыстоўваюцца неэфектыўна. У 2015 годзе сельгаспрадпрыемствам было перададзена ў часовае карыстанне ад сельскіх Саветаў амаль 350 га такіх «неэфектыўных» земляў. Аднак пакуль толькі частка іх асвоена гаспадаркамі (у прыватнасці, ААТ «Вішнявецкі-агра») і служыць для атрымання ўраджаяў. І сельвыканкамам неабходна праяўляць больш ініцыятывы ў перадачы незапатрабаваных земляў, якія зарастаюць пустазеллем.

У цэлым сельгаспрадпрыемствы раёна не стаяць убаку ад добраўпарадкаванння тэрыторый, прылеглых да фермаў і мехдвароў, ажыццяўляюць кантроль за поўным разворваннем і мэтавым выкарыстаннем земляў сельскагаспадарчага прызначэння. Да прыкладу, у ААТ «Рубяжэвічы», ААТ «Каганец», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» у 2016 годзе заарана каля 30 га «новых» зямель, якія раней не выкарыстоўваліся. Сіламі сельгасарганізацый знесена 11 непрыдатных і неэксплуатуемых вытворчых памяшканняў, у выніку чаго да пасяўных плошчаў дабавіліся 8 га вызваленых земляў.

– У сельскай мясцовасці, згодна з Указам Прэзідэнта, вырашаюцца пытанні адносна выкарыстання пустых дамоў і ўцягвання ў гаспадарчы абарот пустых земляў. На якім узроўні гэта работа?

– У 2016 годзе на тэрыторыі раёна знесена 30 пустых дамоў. Аднак праблема застаецца, і ў большай ступені яна не юрыдычнага, а маральнага характару. У многіх такіх дамоў ёсць спадчыннікі, але яны наўмысна не ўступаюць у спадчыну, каб не плаціць падаткі, не займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. На Стаўбцоўшчыне 200 такіх домаўладанняў, агулам яны займаюць 45 га. Такім чынам, у бюджэт не паступае каля 15000 рублёў зямельнага падатку. Сумесна з прадстаўнікамі мясцовай улады мы адшукваем такіх гора-спадчыннікаў, спрабуем дастукацца да іх сумлення, бо кінутыя дамы і пустыя зямельныя ўчасткі робяць непрыгляднымі і населеныя пункты.

– Якія адносіны да зямлі ў фермераў?

– На жаль, не ўсе фермеры на тэрыторыі раёна выкарыстоўваюць выдзеленыя землі па мэтавым прызначэнні. Дзве фермерскія гаспадаркі (на тэрыторыі Налібацкага сельсавета) фактычна не карысталіся зямлёй, таму былі ліквідаваны, а зямельныя ўчасткі ў іх адабраны. На даны момант зарэгістравана 25 фермерскіх гаспадарак і пададзены яшчэ дзве заявы з мэтай арганізацыі такіх гаспадарак на тэрыторыі Літвенскага і Рубяжэвіцкага сельсаветаў. Для іх землеўпарадкавальнай службай падабраны зямельныя ўчасткі з ліку тых, якія не эфектыўна выкарыстоўваліся сельгаспрадпрыемствамі.

Сялянскія фермерскія гаспадаркі «Ілго» (М. К. Яськевіч) і «Зялёная ферма» (А. В. Баеў) не ўсе выдзеленыя ім землі выкарыстоўваюць згодна з асноўным прызначэннем.    

– Сёння ў раёне няма дэфіцыту зямельных участкаў для будаўніцтва жылля, аднак ёсць іншая праблема: як знайсці ўласніка, гаспадара для гэтых зямельных участкаў?

– У мінулым годзе было арганізавана шэсць аўкцыёнаў па продажу зямельных участкаў у прыватную ўласнасць для будаўніцтва жылых дамоў і на права заключэння дагавораў арэнды гэтых участкаў для розных мэтаў. Выстаўлялася каля 60 лотаў. Але прададзена толькі 13 зямельных участкаў для жыллёвага будаўніцтва і адзін ўчастак – для будаўніцтва і абслугоўвання магазіна нехарчовых тавараў у Стоўбцах. Асобныя ўчасткі выстаўляюцца па два-тры разы, як, напрыклад, участак плошчай 5 га ў Сцяцках для размяшчэння так званага «ветрака».

– Рэкламы не хапае?

– Інфармацыі аб правядзенні аўкцыёнаў і свабодных зямельных участкаў дастаткова на сайтах, у рэспубліканскіх выданнях. Прычына – у адсутнасці ў грамадзян уласных сродкаў. Льготныя крэдытныя рэсурсы, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 13, выдзяляюцца толькі тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Ды і з гэтай катэгорыяй забудоўшчыкаў, на жаль, таксама не ўсё адназначна. Летась у райцэнтры былі адабраны 12 зямельных участкаў у тых, хто не прыступіў да будаўніцтва, хоць прайшло з моманту іх выдзялення больш за год. Ёсць сярод іх і шматдзетная сям’я.

– Вашай службе прыходзіцца даваць прадпісанні, прымяняць штрафныя санкцыі, а яны, ведаю, пачынаюцца ад 10 базавых велічынь. За якія парушэнні караеце рублём?

– Большасць парушэнняў звязана з самавольным заняццем земляў для розных мэтаў. За гэта складзена 10 адміністрацыйных пратаколаў (шэсць – у адносінах да грамадзян, тры – юрыдычных асобаў, адзін – ІП). Аднак у сваёй дзейнасці мы арыентуемся не на штрафныя санкцыі, а на навядзенне парадку на зямлі. Неабходна разумець: ворыўная зямля ці зямля, на якой пабудаваны наш дом, — гэта падмурак нашай эканомікі, устойлівага развіцця і дабрабыту кожнага.

НА ЗДЫМКУ: ля карты раёна – начальнік землеўпарадкавальнай службы Таццяна Юнцэвіч (злева) і галоўны спецыяліст Святлана Бабкова.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *