У поле могуць выйсці хоць сёння

Нумары Сельская гаспадарка

Рамантаваць тэхніку ў ААТ «Вішнявецкі-агра» пачалі адразу пасля заканчэння асенніх палявых работ. І, трэба сказаць, папрацавалі няблага. Як расказвае галоўны інжынер Валерый Мормыш, справіліся ў лістападзе з вывазкай цукровых буракоў і пачалася падрыхтоўка да наступнага сезону. Работы многа, таму пастараліся выкарыстаць свабодны час па максімуме. Перад пастаноўкай сельскагаспадарчых прылад на захоўванне на кожную былі складзены дэфектовачныя ведамасці. У снежні закупілі патрэбныя запчасткі на культыватары, іх у гаспадарцы два, і да канца года адрамантавалі. Будуць задзейнічаны на веснавых палявых работах і тры шыроказахопныя агрэгаты, якія таксама гатовы да работы. Пафарбаваны і пастаўлены на лінейку гатоўнасці ўсе абаротныя плугі, якіх налічваецца чатыры.

– Аказалі дапамогу ў вырабе ўтулак да прычапнога плугоў работнікі райаграсэрвісу. Нашы механізатары хоць сёння могуць выйсці ў поле і рыхтаваць глебу, – канстатуе Валерый Уладзіміравіч. – Спраўныя і ўсе энерганасычаныя трактары. Даводзяцца да ладу сеялкі, асаблівых праблем тут не бачу. Пасеяць збожжавыя справімся двума камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі, «Амазонэ» ужо стаіць спраўны. Рамонт бурачных і кукурузных, разлічваем таксама завяршыць у тэрмін. За выключэннем аднаго гатовы да работы раскідвальнікі арганічных угнаенняў, якіх налічваецца шэсць адзінак. Рамонт двух размеркавальнікаў мінеральных угнаенняў ў стадыі завяршэння.

З прыходам на пасаду галоўнага інжынера Валерыя Мормыша сітуацыя ў гаспадарцы і сапраўды карэнным чынам змянілася. Пры падтрымцы кіраўніка таварыства, вопытны спецыяліст здолеў належным чынам арганізаваць работу машынна-трактарнага парку. Варта ўспомніць, што летась на гэты час у майстэрні чатыры магутныя трактары стаялі без рухавікоў, а сёння яны ў рабоце – хлопцы працуюць, возяць арганіку на палеткі.

Як і ў пераважнай большасці сельгаставарыстваў, грошай на запчасткі ў вішняўчан таксама недастаткова. Але выйсце знаходзяць. Тут галоўнае ўмець дамовіцца.

– Нам сёлета адчувальна дапамагло запаснымі часткамі кіраўніцтва Белаграсэрвісу, – працягвае гутарку Валерый Уладзіміравіч. – Далі ў доўг і мы здолелі своечасова справіцца з рамонтам некаторых вузлоў і агрэгатаў. Робім рамонт сваімі сіламі. Людзі ў нас масцеравыя. Выкарыстоўваем тое-сёе са спісанай тэхнікі. І нават рухавікі самі перабіраем.

Працуюць у рамонтнай майстэрні і дапамагаюць механізатарам рамантаваць трактары і аўтамашыны слесары Андрэй Кажамяка і Анатолій Фурсевіч.

Даводзяць да ладу сельгасагрэгаты і прылады, і вылучаюцца стараннасцю Валерый Літвін, Іван Гузач і Валерый Рачок. Асаблівай пахвалы заслугоўвае газаэлектразваршчык, віртуёз сваёй справы Валерый Лёсік, які завіхаецца тут на працягу доўгага часу. Дзякуючы рупнасці гэтых людзей і выкананы сёлета вялікі аб’ём рамонтных работ. Валерый Мормыш задаволены работай не толькі радавых працаўнікоў, а і сваіх непасрэдных падначаленых – загадчыка гаража Віктара Галавача, а таксама маладых спецыялістаў – загадчыка майстэрні Паўла Ліпніцкага і інжынера па эсплуатацыі МТП Паўла Пранукевіча.

Гэтымі днямі механізатары і вадзіцелі пачалі падрыхтоўку да тэхнічнага агляду, які праводзіцца штогод — наводзяць трактарам і аўтамашынам марафет.

На здымку: галоўны інжынер Валерый Мормыш (крайні справа) ставіць задачу газаэлектразваршчыку Валерыю Лёсіку і слесару Івану Гузачу.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *